У Краснадарскім краі да 2033 года плануюць пабудаваць новую вытворчасць колавых трактараў пад брэндам Belarus. Пра гэта піша «КоммерсантЪ» са спасылкай на прэс-службу адміністрацыі рэгіёна.

Новае прадпрыемства збіраюцца стварыць у станіцы Старамінская. Губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў адзначыў, што вытворчасць перш за ўсё будзе забяспечваць патрэбы садаводчых і вінаградніцкіх гаспадарак.
У сакавіку гэтага года на МТЗ прадставілі спецыяльную версію трактара Belarus 921, які прызначаны для працы ў садах і на вінаградніках.
Праектам прадугледжана ўзвядзенне новага вытворчага цэха, складскіх памяшканняў і набыццё тэхналагічнага абсталявання для запуску тэхпрацэсаў. На новым заводзе плануюць стварыць мінімум 318 працоўных месцаў. Рэгіянальныя ўлады для стымулявання росту і развіцця сумежных галін збіраюцца вызваліць інвестара ад выплаты падаткаў на прыбытак і на маёмасць.
Паводле слоў губернатара, у Краснадарскім краі будуць выпускаць у тым ліку мадыфікацыі тэхнікі, якія раней у Расіі не выраблялі. Пры гэтым трактары Belarus будуць вырабляцца з высокай ступенню лакалізацыі. Запуск прадпрыемства дазволіць павялічыць аб’ёмы выпуску запатрабаванай у аграрыяў краю і даступнай сельскагаспадарчай тэхнікі, стымуляваць рост машынабудаўнічага сектара і вытворчай кааперацыі.
Каментары