Чыноўнік заявіў, што моладзь хоча працаваць нармальна — «як рускія»
«Я з узбекістанцамі працаваў. Яны казалі, што рускія ніколі так не будуць працаваць, як мы».

У праграме «Да! Но…» на СТБ абмяркоўвалі тэму працоўных мігрантаў. Начальнік аддзела Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Мінскага раёна Аляксандр Густыр задаў пытанне наймальнікам:
«Ці сапраўды праблема прыцягнення імігрантаў у тым, што ёсць дэфіцыт кадраў, а не, дапусцім, запыты нашых грамадзян у плане ўмоў працы, заработнай платы, і гэтак далей?»
Намеснік генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Сяргей Сідзін адказаў яму, што вынікі анкетавання, якія яны праводзяць сярод выпускнікоў школ, паказваюць, што моладзь «хоча быць блогерамі, тыктокерамі, кім заўгодна, але толькі не рабочымі».

Па яго словах, пасля мадэрнізацыі на швейную фабрыку патрабуецца 250 швачак, але «зараз у горадзе на швачак прыходзіць 25 чалавек у год». У выніку даводзіцца працаваць у адну змену.
Сідзін параўнаў стаўленне да працы розных пакаленняў.
«Людзі (…) больш за 50 гадоў. Вось я прыходжу да іх і кажу, хлопцы, тут з планам трошкі не так, трэба паднаціснуць. Яны кажуць: «Уладзімір Ільіч, выйдзем, што трэба?» Падыходжу да маладога чалавека: «Ну, давай вазьмі паўтары, вазьмі яшчэ адзін бок у прадзільнай машыне. Ну, трэба». «А навошта мне? Мне вось 2,5 тысячы, мне хопіць».
Густыр заўважыў, што «кожны грамадзянін сваёй краіны хоча ў сваёй краіне працаваць у рамках нармальнага графіка». І згадаў досвед працы ў Расіі:
«Вось вы гаворыце пра тое, што трэба шмат вырабляць. Я, дапусцім, за мяжой працаваў, у Расіі. Як рускія на гэта глядзелі? Я з узбекістанцамі працаваў. Я на лініі працаваў механікам. У маім падпарадкаванні было чатыры жыхары з Узбекістана. Яны казалі, што рускія ніколі так не будуць працаваць, як мы.
Але рускія, у сваю чаргу, заяўлялі пра тое, што мы хочам у сваёй краіне працаваць нармальна, з васьмі да пяці, каб у нас былі выходныя, паўнавартасны рэжым адпачынку і сну, і паўнавартаснае сацыяльнае жыццё. Я пра гэта кажу».
На гэта Сяргей Сідзін заўважыў, што наймальнікі не хочуць прыцягваць у Беларусь рабоў.
«Пытанне стаіць не ў тым, што прыезджыя людзі выцесняць нашых у работах, і мы будзем пагаршаць іх стан. Не, мы зробім магчымасць такую, каб гэтыя людзі, якія прыедуць, занялі нашы вакансіі. На многіх прадпрыемствах гэтыя вакансіі вельмі вялікія і доўга не запаўняюцца».
Ці атрымаецца ва ўладаў вярнуць дзяцей мігрантаў у беларускія школы? Наўрад ці, але яны спрабуюць — прымусова
На дзяржаўным ТБ даводзяць, што мігранты ў Беларусі дысцыплінаваныя, а таксістаў-замежнікаў няшмат
Лукашэнка абавязаў наймальнікаў цалкам кантраляваць жыццё работнікаў-замежнікаў — аж да таго, ці парадак у кватэры
Каментары
чыя бы карова мычала, а ідэолуха б памаўчала. "працаўнік"
год таму ўздумалася мне пайсці на адно буйное прадпрыемства.. канечне ў выніку не пайшла. проста цікава было зірнуць на сістэму троху знутры. у іх там ажна два спецыфічных замы - адзін па ідэалогіі, другі па дзяржбяспецы. і вось трэба было прайсці абодвух. прыёмныя дні і часы ў іх не кожны дзень і не ўвесь дзень, а пару гадзін. у назначаны час сабралася ранкам у панядзелак у іх пад дзвярыма невялікая чарга.. і вось выходзяць яны абодва, запіраюць кабінеты (тыпу - чакайце) адзін другому кажа - "ой, а што гэта за наплыў народа такі?" "ператрудзіліся" зранку ў панядзелак "бедныя".. разумееце?