Свет1010

Камандуючым сіламі NATO ў Еўропе можа стаць нашчадак беларускіх імігрантаў у ЗША

Новым Вярхоўным галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Еўропе можа стаць генерал-лейтэнант паветраных сілаў ЗША Алексус Грынкевіч (Alexus Grynkewich). Як высветліла «Свабода», ягоны прадзед прыехаў у ЗША на мяжы XIX і XX стагоддзяў з Менску.

Алексус Грынкевіч

Паводле агенцтва Reuters, якое спасылаецца на ананімных амэрыканскіх і эўрапейскіх афіцыйных асобаў, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў усё ж захаваць традыцыю — на чале NATO ў Эўропе стаіць амэрыканскі генэрал.

Гэтае рашэньне можа выклікаць палёгку найперш у эўрапейскіх саюзьнікаў па NATO ў кантэксьце жорсткай рыторыкі Вашынгтону ў адрас Брусэлю і яго скептыцызму што да вайны ва Ўкраіне.

@belarusnovosti2 Командовать НАТо будет Белорус! #беларусь #нато #армия #беларусьновости #новостибеларуси #белорус #историябеларуси #минск #минсксейчас ♬ Suspenseful and tense orchestra(1318015) - SoLaTiDo

Пэнтагон, Белы дом і NATO пакуль не пацьвердзілі гэтую інфармацыю, аднак, паводле крыніц Reuters, новым Вярхоўным галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе (SACEUR — Supreme Allied Commander Europe) і Эўрапейскага камандаваньня (EUCOM) Узброеных сілаў ЗША можа стаць генэрал-лейтэнант паветраных сілаў ЗША 53-гадовы Алексус Грынкевіч. Ад 2022 году гэтыя пасады займае генэрал Крыстафэр Каволі, які каардынаваў вайсковую дапамогу Ўкраіне ў вайне з Расеяй.

Генэрал-лейтэнант Грынкевіч цяпер узначальвае Апэратыўнае кіраваньне Камітэту начальнікаў штабоў УС ЗША. Цягам сваёй вайсковай кар’еры ён быў пілётам зьнішчальнікаў F-16 Fighting Falcon і F-22 Raptor, налятаўшы больш за 2300 гадзін.

Беларускія карані Грынкевіча

«Свабода» дасьледавала генэалягічныя рэсурсы, каб спраўдзіць, ці прозьвішча імавернага камандуючага сіламі NATO ў Эўропе мае беларускае паходжаньне. Адказ — мае.

Алексус Грынкевіч — гэта праўнук Ільлі Грынкевіча, які на мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў эміграваў зь Менску ў ЗША.

На генэалягічных рэсурсах мы знайшлі інфармацыю, што прадзед генэрала ЗША Алексуса Грынкевіча нарадзіўся ў 1873 годзе (у дакумэнтах фігуруюць розныя даты, але гэтая самая імаверная) у Менску (тады — частка Расейскай імпэрыі) ў сям’і Сьцяпана (Стэфана) і Агаты Грынкевічаў. У 1899 годзе ён ступіў на амэрыканскую зямлю, дзе стаў Elias Grinkevitch.

Пазьней напісаньне прозьвішча ў англамоўных дакумэнтах трансфармавалася ў Grynkewich.

Якраз на мяжу стагодзьдзяў прыпаў пачатак першай масавай хвалі эміграцыі зь беларускіх земляў Расейскай імпэрыі ў ЗША.

Як тлумачыў гісторык беларускай эміграцыі Вітаўт Кіпель у кнізе «Беларусы ў ЗША», прычынай таму — рэакцыйная расейская палітыка, якая сталася галоўным фактарам эканамічна-палітычнага заняпаду краю.

Асноўную масу эмігрантаў з Паўночна-Заходняга краю складалі сяляне, многія зь якіх былі безьзямельнымі. Яны шукалі лепшай долі і «абяцанай зямлі».

Пасьведчаньне аб шлюбе прадзеда і прабабулі Алексуса Грынкевіча — Эліяса (Ільлі) Грынкевіча і Анастасіі Сьнігерэвіч. 7 кастрычніка 1906 году, Нью-Ёрк

7 кастрычніка 1906 году Эліяс Грынкевіч ажаніўся з 22-гадовай Анастасіяй Сьнігірэвіч (Anastasia Snigerevitch, 1884—1945) — ураджэнкай Вільні, дачкой Адама Сьнігірэвіча, якая апынулася ў Нью-Ёрку ў 1901 годзе.

Паводле пасьведчаньня аб шлюбе, цырымонія адбылася ў Мікалаеўскім саборы на Мангэтане — галоўным храме Расейскай праваслаўнай царквы ў ЗША. У дакумэнце прафэсія Грынкевіча пазначана як «рабочы». Імя бацькі нявесты было Адам, а адным са сьведкаў быў Фёдар Лях. Краіна паходжаньня жаніха і нявесты — «Расея». Згодна з матэрыяламі перапісу 1920 году, сужэнства Грынкевічаў разам з чатырма дзецьмі жылі ў Брукліне, працавалі ў абслузе гатэлю. У анкеце пазначана, што родная мова абаіх — «расейская».

Чаму паўсюль у дакумэнтах эмігрантаў зь Менску і Вільні — «Расея» і «расейская мова»?

«Для рэгістратараў і статыстыкаў [у ЗША] сяляне-эмігранты зь Беларусі сталіся «расейцамі», — пісаў Вітаўт Кіпель у дасьледаваньні «Беларусы ў ЗША». — Па іхным прыбыцьці на амэрыканскую зямлю іх сустракалі ды зноў жа рэгістравалі як «расейцаў»… Дзякуючы бюракратычнай інэрцыі й непадрыхтаванасьці службоўцаў ураду ЗША беларусы не былі прызнаваныя ў якасьці апрычонае нацыянальнае групы на працягу цэлых дзесяцігодзьдзяў пасьля іхнага прыбыцьця на берагі Новага Сьвету».

Адным з чатырох дзяцей Эліяса і Анастасіі Грынкевічаў быў Нікалас Грынкевіч (Nicholas Grynkewich, 1915—1969). Гэта дзед генэрал-лейтэнанта Алексуса Грынкевіча. Ягоны бацька Грэгары Грынкевіч (Gregory Wayne Grynkewich, 1949—2012) быў вядомым навукоўцам, які запатэнтаваў 14 вынаходак у сфэры ўдасканаленьня прадукцыйнасьці і вытворчасьці паўправаднікоў.

Пра паходжаньне сваёй сям’і генэрал-лейтэнант Алексус Грынкевіч, якога часта называюць «Грынч» (Grynch), ніколі ня згадваў.

Каментары10

  • Булгакаў
    03.06.2025
    “Аннушка, уже проліла масло.” Цікава гісторыя закручваецца.
  • niejki
    03.06.2025
    %, katalik - albo apalačany litoviec, albo palak. Pravasłaŭny - 100% ruski, kožnaje pakalennie dakazvaje
  • Добрая навіна
    03.06.2025
    Добра было б. Можа спадар Грынкевіч паспрыяў бы стварэнню беларускіх ваенных падроздзелаў у Еўрапейскіх краінах.
    А то сённяшняе кіраўніцтва нешта сабаціруе гэтую ініцыятыву беларусаў.

Цяпер чытаюць

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна6

Трамп: Украіна сама справакавала расійскія ўдары40

Харкаў трапіў пад масіраваную атаку: 40 выбухаў, пажары, ёсць загінулыя і параненыя

У Жыткавіцкім раёне жанчына заразіла ВІЧ 83-гадовага старога7

Пазняк: І рэжым Лукашэнкі, і псеўдаапазіцыя — гэта адно і тое ж143

Ярмошына: Я не пайду ў грамадскую лазню, проста таму што баюся26

Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»2

Стартап рабіў выгляд, што ён распрацаваў штучны інтэлект. Насамрэч, ён наняў 700 праграмістаў і яны стваралі прадукты ўручную3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць