Анколаг і гінеколаг Станіслаў Салавей у інтэрв'ю «Еўрарадыё» тлумачыць, чаму рак маладзее, ці звязаны ён са стрэсам і якія ёсць трывожныя сімптомы.

У 2023 годзе ў часопісе British Medical Journal было апублікавана даследаванне, якое паказала, што за апошнія 30 гадоў, з 1990 па 2019, захворванне на рак сярод людзей да 50 гадоў павялічылася на 80%.
Па словах анколага і гінеколага Станіслава Салаўя, самае сумнае ў гэтай статыстыцы тое, што ад 30 да 50% гэтых захворванняў маюць прычыны, якія можна было прадухіліць.
«У нас з'яўляюцца фактары рызыкі, якія раней не праяўляліся проста па натуральных прычынах. (…) Атлусценне — гэта хвароба. (…) У 19-м, 20-м вяках чалавек быў вымушаны рухацца. Ён проста не мог [не рухацца]. У яго не было такога доступу да машын. Нават калі ў цябе конь, гэта ўсё роўна патрабуе ад цябе фізічных практыкаванняў. У нас мы бачым маларухомы лад жыцця. І цыгарэты. (…)
Лічыцца, што кожная пятая смерць ад захворвання звязаная з курэннем. І забруджванне паветра. (…) Плюс тэхнагенныя катастрофы таксама ніхто не адмяняў. Можна перадаць прывітанне Чарнобылю савецкага часу», — даводзіць Салавей.

Чаму ў топе анкалогій маладых — рак страўнікава-кішачнага тракту і грудзей
Па статыстыцы, маладыя найбольш хварэюць на рак страўнікава-кішачнага тракту і рак малочнай залозы.
Па даных Міжнароднага агенцтва па даследаванні рака, у 2022 годзе сярод пяці самых распаўсюджаных тыпаў рака ў мужчын былі рак лёгкіх, прастаты, тоўстай кішкі, страўніка і пячонкі. Сярод жанчын — рак грудзей, лёгкіх, тоўстай кішкі, шыйкі маткі і шчытападобнай залозы. Чаму так?
Пры адказе на гэта пытанне спецыяліст згадвае выслоўе, якое чуў яшчэ ў студэнцтве, — «рак будзе таго, чым ты няправільна карыстаешся».
«Па вялікім рахунку, камусьці яшчэ ў сучасным свеце неабходна тлумачыць, што перасмажанае чырвонае мяса не самы карысны прадукт ці што чыпсы шкодныя, ці што (…) піць газіроўку шкодна. (…) Усе ведаюць, што гэта шкодна, але ўсе працягваюць гэта рабіць», — даводзіць Салавей.
Падобныя фактары павялічваюць рызыку захворвання і на рак страваводу і самога страўніка. Што ж тычыцца рака пячонкі, то ён абумоўлены сярод іншага гепатытам С. На рак лёгкіх уплываюць курэнне і экалогія.
Сярод фактараў рызыкі раку малочнай залозы, па словах Салаўя, знаходзіцца рэпрадуктыўны статус жанчыны. Першыя выпадкі гэтай формы захворвання былі апісаныя ў манашак, то-бок жанчын, якія свядома адмовіліся ад нараджэння дзяцей.
«Дзіця ў 30 у нас гэта нармальна. І ў прынцыпе гэта нармальна, але з пункту гледжання прыроды гэта павялічвае рызыкі», — даводзіць спецыяліст і пры гэтым падкрэслівае, што нельга выкарыстоўваць гэты аргумент у якасці інструменту ціску на жанчын.
У той жа час, прыём камбінаваных кантрацэптываў змяншае верагоднасць раку слізістай абалонкі поласці маткі (эндаметрыя) і рака яечнікаў.
Спецыяліст адзначае, што сітуацыя з ракам шыйкі маткі ў хуткім часе зменіцца да лепшага. Вопыт развітых краін, дзе вакцынацыя ад віруса папіломы чалавека праводзіцца апошнія 20-30 гадоў, яскрава аб гэтым сведчыць:
«Асноўная прычына, больш 95%, гэта вірус папіломы чалавека. Прыбярыце гэты вірус, дайце ад яго абарону, і вы забудзеце, што такое рак шыйкі маткі».
Салавей падкрэслівае, што рак шыйкі маткі амаль заўсёды можна прадухіліць, калі не браць да ўвагі вельмі рэдкія яго формы. Гэта захворванне развіваецца павольна, паэтапна, пачынаючы з перадракавых змен, якія можна выявіць загадзя, — звычайна паміж дысплазіяй і паўнавартасным ракам праходзіць каля пяці гадоў.
Калі жанчына рэгулярна праходзіць цыталагічны скрынінг, а медустанова забяспечвае кваліфікаваную дыягностыку, то рак або не ўзнікне, або будзе своечасова вылечаны на самай ранняй стадыі без пагрозы жыццю.
Асноўныя фактары рызыкі: што сапраўды мае значэнне
Пры аналізе анкалагічных захворванняў важна не проста пералічваць фактары рызыкі, а разумець, на якія з іх чалавек можа рэальна ўплываць, а якія цяжэй кантраляваць. Спецыяліст выдзяляе шэраг ключавых чыннікаў.
1. Курэнне
Прыкладна 20% смерцяў ад анкалагічных захворванняў звязаныя з ужываннем тытуню. Гэта не толькі адна з самых істотных рызык, але і самая простая для рэгулявання.
Спецыяліст звяртае ўвагу на цікавы вопыт Новай Зеландыі, якая прыняла закон, які забараняе продаж цыгарэт людзям, народжаным пасля пэўнага года. Такім чынам, новыя пакаленні проста ніколі не змогуць набыць цыгарэты.
2. Маларухомы лад жыцця і харчаванне
Па словах Салаўя, недахоп руху — самастойны фактар рызыкі, нават калі чалавек не мае лішняй вагі. Рэкамендуецца 150 хвілін актыўнасці на тыдзень — гэта можа быць бег, веласіпед, плаванне, сілавыя практыкаванні.
«Калі мы гаворым пра хадзьбу проста, [напрыклад] ты пайшоў у краму і назад, не. Мы гаворым пра актыўную фізічную работу. Вельмі проста гэта адсачыць — пульс»,
— тлумачыць доктар і дадае, што ўсе віды рухальнай актыўнасці маюць аднолькавы станоўчы эфект — важна не форма, а рэгулярнасць і інтэнсіўнасць. Пры гэтым трэба рабіць папраўку на ўзрост.
Па словах спецыяліста, атлусценне — не проста наступства дрэннага харчавання, але асобны незалежны фактар рызыкі раку. Яно ўзмацняе гарманальныя змены і запаленчыя працэсы.
Правільнае харчаванне — простая, але дзейсная мера прафілактыкі. Рызыку павышаюць: чырвонае і перапрацаванае мяса, транстлушчы, лішак цукру і хуткіх вугляводаў.

3. Экалогія
Сярод экалагічных фактараў забруджванне паветра — адзін з найбольш небяспечных. Асноўныя яго крыніцы, як адзначае доктар, гэта транспарт, які працуе на састарэлых рухавіках, і прамысловыя прадпрыемствы.
З ростам урбанізацыі людзі ўсё часцей жывуць у забруджаных зонах, дзе якасць паветра далёка не адпавядае нормам. Гэта аб’ектыўна павялічвае рызыку анкалагічных захворванняў. Жыццё ў сельскай мясцовасці часта карыснейшае, але мае іншыя недахопы.
4. Вірусныя інфекцыі
Пэўныя вірусы дакладна звязаныя з развіццём раку. Так, вірус папіломы чалавека (ВПЧ) — асноўная прычына раку шыйкі маткі, вірус гепатыту С — фактар рызыкі раку печані.
Ці можа рак узнікаць «ад нерваў»?
Многія людзі перакананыя, што рак можа ўзнікаць «ад нерваў» — маўляў, моцныя перажыванні і хранічны стрэс запускаюць анкалагічныя працэсы ў арганізме. Салавей адзначае, што на сёння няма ніводнага даследавання, якое б надзейна даказвала — ці то напрамую, ці хаця б ускосна — што стрэс з’яўляецца прычынай развіцця раку.
Медыцына, падкрэслівае ён, — гэта не матэматыка. Тут вельмі рэдка можна сказаць, што «А вядзе да В» або «А + В = С». Стрэсаў шмат, рэакцыі людзей на іх розныя, і ўплыў стрэсу часта праяўляецца не сам па сабе, а праз іншыя паводзіны.
«Уявіце сабе чалавека, які хранічна стрэсуе. (…) Чалавек, які п'е шмат кавы, таму што стрэсуе, заядае стрэс шакаладкамі, курыць, таму што нервуецца. (…) Харчуецца ўсякай лухтой, таму што забывае нармальна гатаваць. Гэта можа прыводзіць да таго, што ён будзе часцей сутыкацца з канкрэтнымі фактарамі рызыкі», —
даводзіць Салавей і згадвае вынікі аднаго даследавання, якое паказала, што веганы менш схільнымі да анкалагічных захворванняў, чым тыя, хто ўжывае мяса.
Але нават у гэтым даследаванні была зроблена важная агаворка: веганы часцей за ўсё не п’юць алкаголь, радзей кураць і наогул вядуць больш здаровы лад жыцця. Таму складана аддзяліць, ці ўплывае менавіта дыета, ці ўсе паводзінскія фактары разам.
Так і са стрэсам: немагчыма даследаваць стрэс у «чыстым выглядзе», бо ён заўсёды суправаджаецца другаснымі зменамі ў ладзе жыцця.
У выніку спецыяліст робіць асцярожную выснову: цалкам магчыма, што стрэс так ці інакш уплывае на стан здароўя. Але мы не можам пакуль дакладна сказаць, у якой ступені і ці з’яўляецца ён самастойным фактарам.
Магчыма, у некаторых выпадках ён дзейнічае наўпрост (напрыклад, праз гармоны, імунітэт або працэсы клеткавага рэгулявання), але, хутчэй за ўсё, яго дзеянне апасродкаванае — праз дрэнны сон, парушэнні харчавання, курэнне і г.д.
«Арганізм — гэта цэласная сістэма. У ім усё звязана паміж сабой», — падсумоўвае Салавей.

Чэкапы дапамогуць — але не ўсім
На ўзроўні сістэмы аховы здароўя скрынінг эфектыўныя. Напрыклад, калі праводзіць мамаграфію жанчынам з 45 гадоў, можна своечасова выявіць рак у 97% выпадкаў. Але астатнія 2—3 % выпадкаў будуць прапушчаны, бо хвароба ў іх развілася раней за час правядзення агляду.
Таму скрынінг — гэта як вялікае сіта. Дазваляе ахапіць вялікую колькасць людзей з мінімальнымі затратамі, але нельга разлічваць, што зловіць абсалютна ўсіх.
У якасці прыкладу Салавей згадвае цыталагічны скрынінг (ПАП-тэст), які дазваляе выяўляць рак шыйкі маткі. Але і тут ёсць абмежаванні. Паводле стандартаў, да 21 года праводзіць яго не трэба, але спецыяліст згадвае выпадак, калі ў дзяўчыны з Украіны ва ўзросце 15 гадоў быў дыягнаставаны рак шыйкі маткі. Яна проста не падпадала пад крытэрыі скрынінгу, і захворванне нельга было выявіць з дапамогай стандартнага падыходу.
Некаторыя пратаколы, даводзіць Салавей, прапануюць пачынаць дыягнастычныя працэдуры праз тры гады пасля пачатку палавога жыцця, незалежна ад узросту. І ўсё ж ідэальнай сістэмы не існуе. Ніводная не дасць гарантыі абсалютнай абароны.
Спецыяліст таксама згадаў, што ў Беларусі нядаўна прэзентавалі праект, дзе, паводле аналізу крыві, нібыта можна выявіць да 50—60 відаў анкалагічных захворванняў. Гэта сумесная ініцыятыва з Германіяй. Гучыць як прарыў, але на практыцы ўсё складаней: пазітыўны вынік аналізу яшчэ не значыць, што ў чалавека сапраўды ёсць рак. Гэта толькі сігнал, што яго трэба накіраваць на далейшае абследаванне, напрыклад, на МРТ. Але нават сярод тых, у каго аналіз быў дрэнны, не ва ўсіх удаецца нешта знайсці.
Сур’ёзныя сімптомы, з якімі тэрмінова ідзём да доктара
Станіслаў Салавей заўважае, што ракавае захворванне не заўсёды праяўляецца болем. Таму трэба ўмець звяртаць увагу на іншыя сігналы арганізма.
Па-першае, трэба назіраць за скурай. Калі на ёй з’яўляецца нешта новае — напрыклад, радзімка, якая мяняе форму, краі, пачынае крывавіць або расці, — гэта прычына неадкладна звярнуцца да спецыяліста.
Другая прыкмета — змены ў стуле. Калі з’яўляецца чорны кал або кроў, гэта сур’ёзная падстава для паходу да доктара.
Таксама павінна выклікаць трывогу кроў з похвы па-за межамі менструацыі або падчас палавога акту. Па словах спецыяліста, гэта можа быць варыянтам нормы, але каб упэўніцца, неабходны агляд доктара.
Спецыяліст згадвае, што ў медыцыне ёсць перакосы, напрыклад, модная звычка «прыпякаць эрозію шыйкі маткі», што часта робіцца без дастатковых падстаў. Але ў любым выпадку кроў з похвы па-за цыклам — гэта прычына для агляду.
Наступны важны сігнал — непажаданая страта вагі. Калі чалавек не займаецца спортам, не сядзіць на дыеце, але ўсё роўна худнее — гэта можа быць трывожным знакам.
Павелічэнне лімфавузлоў — яшчэ адзін сімптом, які варта ўспрымаць сур’ёзна. Калі вы намацалі нешта ў вобласці шыі, пад пахамі або ў пахвіне, і гэта не праходзіць — лепш паказацца доктару.
Асобна згадваецца начная патлівасць. Калі чалавек уначы пачынае моцна пацець без відавочных прычын — гэта таксама падстава задумацца.
Салавей заўважае, што для асобнай групы — жанчын ва ўзросце 47-50 гадоў — гэта можа быць абумоўлена зменамі ў гарманальным фоне. Аднак потавыдзяленне без відавочных прычын (напрыклад, знаходжання ў памяшканні, якое дрэнна праветрываецца ў час спёкі) — адна з прыкмет, якая сустракаецца і пры анкалогіі, і пры туберкулёзе, і пры іншых парушэннях, таму патрэбна кансультацыя.
Скрынінгі для мужчын і жанчын у розным узросце — што раіць анколаг
Па словах Салаўя, незалежна ад полу і ўзросту, кожны чалавек, у якога ёсць радзімкі, павінен перыядычна паказвацца дэрматолагу або анкадэрматолагу.
У жанчын вялікую ролю адыгрывае скрынінг малочнай залозы. Калі няма спадчынных або клінічных паказанняў, мамаграфію рэкамендуецца пачынаць з 45 гадоў. У выпадках павышанай рызыкі яе пачынаюць раней — часта з дадатковым выкарыстаннем МРТ ці УГД.
Асобная ўвага надаецца і скрынінгу раку шыйкі маткі. Тут ёсць некалькі рэкамендаваных варыянтаў: цыталагічны мазок (ПАП-тэст) раз на тры гады, або так званы код-тэст — гэта сумеснае вызначэнне ВПЧ і цыталогіі раз на пяць гадоў. У любым выпадку праверка ў гінеколага павінна быць рэгулярнай, нават калі жанчына ні на што не скардзіцца.
Акрамя гэтага, спецыяліст рэкамендуе хаця б раз на год праходзіць УГД органаў малога таза, нягледзячы на тое, што афіцыйна гэта не ўваходзіць у абавязковыя стандарты. Рэч у тым, што рак яечнікаў часта развіваецца вельмі хутка і можа за паўгода перайсці з першай стадыі ў трэцюю. Таму простае і даступнае УГД варта разглядаць як дадатковы інструмент кантролю.
У мужчын таксама ёсць шэраг крытычных момантаў. Напрыклад, пытанне пра скрынінг рака прастаты з’яўляецца дыскусійным у розных краінах, але ў Беларусі існуе рэкамендацыя пачынаць з 45 гадоў з правядзеннем тэсту на ПСА (прастатспецыфічны антыген). Гэтая працэдура простая, але яе роля ў выяўленні рака на ранніх стадыях можа быць вырашальнай.
Вельмі важным, але, на жаль, часта ігнараваным кірункам з’яўляецца скрынінг кішэчніка, у тым ліку на рак тоўстай кішкі. Ідэальны варыянт — гэта гастраскапія, але яна дарагая, патрабуе падрыхтоўкі і псіхалагічна цяжка ўспрымаецца. Для масавых праверак выкарыстоўваецца больш даступны метад — тэст кала на схаваную кроў. Ён просты, але мае свае недахопы: можа паказваць ілжывыя вынікі або не выявіць праблему, калі, напрыклад, паліп не краваточыць.
Асобную праблему спецыяліст адзначае ў тым, што тэма анальных і кішачных абследаванняў у мужчын застаецца табуяванай. Нават калі ёсць відавочныя сімптомы, напрыклад, кроў у стуле, некаторыя мужчыны адмаўляюцца ад абследавання, бо «няёмка», «ганебна» або «не хачу, каб мне штосьці засоўвалі». І гэта, падкрэслівае ён, — вялікая праблема, бо губляецца каштоўны час, калі хваробу яшчэ можна вылечыць.
Ультрагукавое даследаванне хоць не з'яўляецца скрынінгавым стандартам у заходніх пратаколах, доктар рэкамендуе праходзіць яго хаця б раз на год. Гэта датычыцца брушной поласці, шчытападобнай залозы, малочных залоз (да 45 гадоў), прастаты — усяго таго, што лёгка і хутка правяраецца.
На думку спецыяліста, УГД — недарагі, хуткі, бяспечны і даступны спосаб атрымаць дадатковую ўпэўненасць, асабліва да 45-гадовага ўзросту, калі іншыя скрынінгі яшчэ не прадугледжаныя.
Каментары