Грамадства22

«Дзіўна, што не ўнеслі ў базу». Айцішнікі за мяжой расказалі, як іх шукаюць у Беларусі ваенкаматы

Год таму набыў моц закон аб СМС-позвах. Айцішнікі-рэлаканты расказалі выданню Devby.io, як яны будуюць адносіны з ваенкаматам на адлегласці і ці ўнеслі эсэмэскі разнастайнасць у іх перапіску.

Фота ілюстрацыйнае

«Мне ў Беларусі не толькі адміністрацыйная адказнасць пагражае — без розніцы»

Франтэнд-распрацоўшчык Іван (імёны змененыя) выехаў з Беларусі ў 2020 годзе. З тых часоў на адрас, дзе ён дагэтуль прапісаны ў Беларусі, двойчы прыходзілі паведамленні — у 2021 годзе і ў студзені 2025-га.

Іван даслаў фота: у паперцы рэкамендуецца з'явіцца ў вайсковы камісарыят Гомеля «для ўручэння мабілізацыйнага прадпісання». У паведамленні ёсць нумар, па якім можна патэлефанаваць «у выпадку немагчымасці з'явіцца». І спасылка на артыкул 26.3 АК РБ — маўляў, інакш Івану пагражае адміністрацыйная адказнасць.

Але суразмоўца не збіраецца нічога тлумачыць ваенкамам. Ягонага нумара ў іх няма — і добра.

«Мне ў Беларусі не толькі адміністрацыйная адказнасць пагражае, так што без розніцы, — кажа ён. — Ды і закон аб тым, што позва лічыцца ўручанай пасля майго подпісу, па-мойму, яшчэ не адмянілі».

Іван мяркуе, што з прававога боку яму «могуць прад'явіць толькі тое, што не паведаміў ваенкамату пра выезд на пастаяннае месца жыхарства за мяжу».

«Дзіўна, што яны пасля першай праігнараванай мной позвы чатыры гады таму не ўнеслі мяне ў якую-небудзь базу як ухіліста (ці што там яшчэ ў іх). Ці гэта значыць, што яны палічылі, што позва засталася няўручанай — раз я за яе не распісваўся».

З прызыўнога ўзросту Іван выйшаў. У войску ў свой час ён адслужыў.

«Праверыў на сайце МУС, ці ёсць магчымасць выязджаць з краіны — і даведаўся, што яе закрылі»

DevOps-інжынера Віталя таксама шукае ваенкамат. Але ён выехаў у 2022 годзе, як толькі пачалася вайна, а камісараў «не папярэдзіў».

Пасля ад'езду ў Польшчу суразмоўцу адлічылі з беларускай ВНУ. І, як ён мяркуе, адразу пасля гэтага яму патэлефанавалі з ваенкамата.

«Быў адзін званок. Але, выехаўшы з краіны, я адключыў званкі і пакінуў толькі СМС. Пазней я заўважыў, што хтосьці тэлефанаваў, але не стаў ператэлефаноўваць, а проста прабіў нумар — аказалася, гэта быў ваенкам».

Знайсці Віталя праз Viber і іншыя месенджары і сацсеткі ў ваенкамаце не спрабавалі, кажа ён.

Праз паўгода малады чалавек праверыў на сайце МУС, ці ёсць у яго магчымасць выязджаць з краіны — і даведаўся, што яе закрылі. Яшчэ да яго бацькоў дадому прыходзіў участковы.

Вяртацца ў Беларусь суразмоўца не плануе, кажа, «гэта ўжо даўно не дом». Ён адзначае, што, па чутках, на яго нібыта ўжо гатовая справа —

«ляжыць у скрыні, чакае, пакуль я перасяку мяжу. Мой знаёмы вярнуўся — і яго пасадзілі. Ён хутка выйшаў (тэрмін быў нейкі невялікі), але больш на сувязь не выходзіў».

Віталь кажа, што за тры гады ў эміграцыі прывык да ўсяго.

«Галоўная праблема — толькі з атрыманнем некаторых дакументаў з Беларусі: закрыць ІП, атрымаць даведку пра адсутнасць судзімасці».

«Пакуль заключэння [пра захворванне] на руках няма, размаўляць з ваенкамам не хачу»

DevOps Ігар расказвае, што на працягу трох гадоў да 2017 года служыў у рэзерве, ездзіў на зборы. Так атрымалася дзякуючы хадайніцтву ў ваенкамат, складзеным кампаніяй, у якой працаваў Ігар: «Напісалі, што я каштоўны супрацоўнік, якога нельга адпусціць надоўга».

У першы год Ігара прызывалі двойчы — па паўтара месяца. Затым два гады запар па разу — на такі ж тэрмін. Каб прайсці зборы, ён браў на працы адпачынак за свой кошт: «Нібыта па законе гэта павінен быў пакрываць працадаўца, але не на маёй працы ў той час».

Свае вайсковыя будні Ігар апісвае так: служыў у часці ў Мінску, але на палігон ездзілі ў Асіповічы.

«У нас праходзіла навучанне на вайсковую прафесію, — і таму кожныя зборы прыносілі новае званне. Праз паўтара месяца выходзіш старшым сяржантам — і такіх увесь узвод. І яшчэ ў чым адрозненне ад тэрміновай службы: калі мы з тэрміновікамі размаўлялі, яны скардзіліся, што большую частку часу іх выкарыстоўваюць як працоўную сілу па навядзенні парадку ў часці — фарбаваць, насіць, рамантаваць. Часам вельмі сумнеўныя актыўнасці накшталт фарбавання травы (так, гэта праўда). Яны лічылі, што нам пашанцавала: некаторыя тэрміновікі за паўтара года службы на палігоне ні разу не былі, а мы траплялі толькі на палігоны».

На некалькі гадоў Ігар пераехаў у іншую краіну. Кажа, што тэлефанавалі з ваенкамата — «удакладніць звесткі». І ён нават адказваў на званкі.

«Можа і хацелі б выцягнуць на зборы, але я сказаў, што знаходжуся не ў краіне — і ніхто гэтым не стаў займацца. Элементарна позву ж не ўручыць».

Летась Ігар вярнуўся ў Беларусь. А з сакавіка гэтага яму зноў пачалі тэлефанаваць з ваенкамата.

«Першы раз падняў трубку: «Дзе вы? Давайце ўдакладнім звесткі». Я прапісаны не ў Менску, але працую і жыву ў сталіцы, таму сказаў, што спецыяльна да іх не паеду — «давайце па тэлефоне ўдакладнім». Яны быццам пагадзіліся. Мы дамовіліся, што яны ператэлефануюць у пэўны дзень, калі спатрэбіцца, каб я прыехаў.

У абгавораны дзень званкоў не паступала. А вось далей хтосьці стаў тэлефанаваць. Я не падняў слухаўку, бо хутка кладуся ў бальніцу на абследаванне і лячэнне. У мяне ёсць захворванне, з якім, па словах доктара, камісуюць. Але пакуль заключэння на руках няма, размаўляць з ваенкамам не хачу. Ёсць адчуванне, што падыму трубку — і ўсё, ніхто нават разбірацца не будзе, наколькі я хворы. Заграбуць на зборы — а ўсе разборы ўжо потым. Ды і наогул незразумела, навошта я ім зноў. Гэта ж час, выкінуты з жыцця: ты брудны, смярдзючы, душ — раз на тыдзень».

Штраф, арышт, работы або абмежаванне волі — што пагражае за ўхіленне ад збораў і тэрміновай службы

На сайце Мінабароны пазначана, што закон патрабуе, каб пры пераездзе з Беларусі ў іншую краіну назаўсёды грамадзяне здавалі ў ваенкамат свой вайсковы білет. Пры выездзе з краіны на 6+ месяцаў — «асабіста прыбыць у вайсковы камісарыят» і паведаміць пра гэта, а па вяртанні на працягу месяца з'явіцца асабіста і паведаміць.

У артыкуле 26.1 АК РБ гаворыцца, што няяўка без паважных прычын на мерапрыемствы па прызыве, у тым ліку калі прыйшла СМС, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.

У артыкуле 26.3 АК РБ адзначаецца, што парушэнне абавязкаў па вайсковым уліку цягне накладанне штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь.

Яшчэ на сайце Мінабароны можна знайсці спасылкі на артыкулы 435 і 436 КК РБ. Першы прадугледжвае пакаранне за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў. Другая — за няяўку на зборы, у такім выпадку чалавеку пагражаюць грамадскія работы, штраф або папраўчыя работы на тэрмін да года, або арышт.

Каментары2

  • Нацдэм
    10.05.2025
    На самой справе добра было б, каб акупанты страляць навучылі. Бо страляць давядзецца ўсім.
  • Не чакай
    11.05.2025
    Нацдэм, ад ніх дачакаешся, як жа... Шмат хто за ўсю армію стрэліў 8 куль. На гэтым ўсё. 🤷

Арыштаваны дырэктар Палаца Рэспублікі, адзін з арганізатараў Марафона адзінства9

Арыштаваны дырэктар Палаца Рэспублікі, адзін з арганізатараў Марафона адзінства

Усе навіны →
Усе навіны

Амерыканскі авіяблогер: Літаральна кожны беларус, з кім я размаўляў пра палітыку, казаў, што Лукашэнка — абсалютны вар’ят21

Алену Богдан вярнулі з Расіі і паставілі на ранейшую топ-пасаду ў Мінздароўя3

Два дні спёкі, а потым крыху пахаладае

«Гэта паклёп!» Меланія Трамп збіраецца ў суд супраць Хантэра Байдэна з іскам на $1 млрд

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў ліпені прадалі за 630 тысяч даляраў

Грозеў расказаў, што адрознівае заходнія спецслужбы ад расійскіх7

У Растове-на-Доне адбыўся выбух. У жылы дом мог трапіць дрон

«Мы павінны быць гатовыя»: Наўседа заявіў пра магчымасць удзелу Літвы ў абароне Украіны9

У ЕГУ можна паступіць у магістратуру на перспектыўную еўрапейскую спецыяльнасць. Расказваем як

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны дырэктар Палаца Рэспублікі, адзін з арганізатараў Марафона адзінства9

Арыштаваны дырэктар Палаца Рэспублікі, адзін з арганізатараў Марафона адзінства

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць