Усяго патроху88

Куды і як выехаць з Мінска на дзень, каб адпачыць? Пяць ідэй

Адпачыць на вялікія выходныя можна не закладваючы на тое вялікіх грошай і шмат часу. Усяго за адзін дзень можна з'ездзіць у шэраг цікавых месцаў недалёка ад Мінска. «Наша Ніва» склала спіс з пяці такіх ідэй — на выпадак, калі Ратамку, Вязынку і Дудудкі вы ўжо бачылі.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Комплекс Чапскіх

Сядзіба Чапскіх у Прылуках. Фота: planetabelarus.by

За 18 кіламетраў ад Мінска месціцца Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Гэта сядзіба XVIII стагоддзя, закладзеная на месцы былога манастыра. Апошнім прыватным уладальнікам парку і палаца быў род Чапскіх, які пакінуў дом у 1917 годзе.

Цяпер у палацы дзейнічае дзяржаўны Інстытут аховы раслін — даследчае прадпрыемства НАН Беларусі. Вакол — маляўнічыя сцежкі, возера і гаспадарчыя будынкі.

З Мінска да комплексу Чапскіх можна дабрацца за 25 хвілін на машыне ці за гадзіну на грамадскім транспарце. Для апошняга трэба сесці на №323 ці №429 аўтобус і даехаць да прыпынку «Прылукі». Альбо выкарыстаць маршрутку №1131, якая едзе з Цэнтральнага аўтавакзала.

Натурная пляцоўка «Беларусьфільма» каля Смалявічаў

Пляцоўка «Беларусьфільма» пад Смалявічамі. Фота: «Анлайнер»

Недалёка ад Смалявічаў ёсць натурная пляцоўка «Беларусьфільма» — месца з антуражнымі домікамі каля возера Каменка. Раён, які выкарыстоўвае кінастудыя, мясцовыя жыхары называюць проста — «Смалявуд».

Тут можна не толькі паблукаць па лесе і паглядзець на ваду, але і спыніцца на ноч у адмысловым гатэлі. Даехаць да пляцоўкі з Мінска зойме каля 45 хвілін на машыне і прыкладна 1,5 гадзіны на грамадскім транспарце — залежыць ад раскладу.

Калі ў вас няма машыны, ёсць два шляхі: даехаць да Смалявічаў на электрычцы і там сесці на аўтобус №410 да прыпынку «Малая Каменка» ці з Мінска злавіць маршрутку да «Малой Каменкі» ці «Крывой Бярозы» (кірунак на Жодзіна). Ад прыпынкаў да кінапляцоўкі трэба будзе прайсціся пешшу.

Экасцежка «Святыя крыніцы»

Сцежка «Святыя крыніцы». Фота: fotobel.by

За 40 кіламетраў ад Мінска месціцца экалагічная сцежка «Святыя крыніцы». Працягласць сцежкі — 350 метраў, на шляху — альтанкі, скульптуры з дрэва і крыніцы, ваду з якіх можна піць.

Каб дабрацца туды з Мінска, трэба ці праехаць на машыне, ці сесці ў маршрутку №1485ш — яна давязе вас да Бахметаўкі, а адтуль трэба будзе прайсціся каля 3,5 кіламетра. На пачатку экасцежкі будзе бачны ўказальнік з асноўнай інфармацыяй пра «Святыя крыніцы».

Этнаграфічны комплекс «Млын» у Заслаўі

Комплекс «Млын». Фота: Holiday.by

Музей пад адкрытым небам расказвае пра жыццё Заслаўя ў пачатку ХХ стагоддзя. Асноўны аб'ект — паравы млын — пабудавалі ў 1910 годзе на сродкі заможнага жыхара горада Мяхедка-Савіцкага.

Тут жа можна наведаць Дзіцячы музей міфалогіі і лесу, музей «ДОТ», адзіны ў Беларусі Музей маляванкі і іншыя экспазіцыі.

Паглядзець на комплекс удасца, калі праехаць машынай да Заслаўя ці злавіўшы маршрутку, напрыклад, №499. Дарэчы, на шляху можаце паспець яшчэ раз зазірнуць у Ратамку.

Гідрапарк «Сасновы Бор»

Гідрапарк «Сасновы бор». Фота: «Анлайнер»

За 50 кіламетраў ад Мінска, каля Радашковічаў, можна адпачыць пад гукі вады. Гідрапарк «Сасновы бор» — гэта месца з каналамі, вадаспадамі і падвеснымі мастамі.

Даехаць да яго проста не толькі на машыне, але і аўтобусам — па маршрутах №432 ці №414. Выйсці трэба на прыпынку «Санаторый «Сасновы Бор».

У самім санаторыі пры жаданні можна і забраніраваць адпачынак. Двухмесны нумар у асноўным корпусе будзе каштаваць 132 рублі ў суткі. 

Каментары8

  • галаперыдол
    01.06.2025
    Поспехі луканомікі - за трыццаць гадоў краіна прыйшла ў такі заняпад што акрамя бухла і шашлыкоў нічога не засталося.
    Дарэчы ў Еўропе можна ў кожнай вёсцы знайсці нешта цікавае для турызму на адзін дзень. І гатэль будзе, і крама, і карчма дзе можна нармалёва паесці.
  • Мусовы Дрот
    01.06.2025
    > да пляцоўцы - да пляцоўкі
    >у Заслаўе - у Заслаўі
    >У самой санаторыі - У самім санаторыі
  • тым часам
    01.06.2025
    А дзе Навінкі?

Цяпер чытаюць

Абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы. Раней чыноўнікі адмовіліся яе выратоўваць — прычына можа здзівіць

Абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы. Раней чыноўнікі адмовіліся яе выратоўваць — прычына можа здзівіць

Усе навіны →
Усе навіны

Некалькі актывістак абвінавацілі Стрыжака: высылаў ім дыкпікі55

У Брэсце і Белаазёрску скардзяцца на шкодныя пахі і магчымыя выкіды з прадпрыемстваў1

Колькі цяпер каштуе кава — молатая, у зярнятах і распушчальная? Некаторыя цэны здзіўляюць17

У лесе пад Рэчыцай заўважылі дзікабраза ВІДЭА1

У Жодзіне бацьку самому давялося дапамагаць дзіцяці пасля адмовы дактароў8

Беларускі стэндапер выступіў у акупаваным Марыупалі. Кажа, у гэтым няма палітыкі: Я толькі раблю сваю працу — як доктар12

Спявачка Каця IOWA апранулася па матывах карціны Шагала «Прагулка» ФОТА4

«Неяк да яе падсадзілі рэальную вар'ятку». Былая палітзняволеная расказала пра Марыю Калеснікаву1

У Бангладэш вайсковы самалёт пратараніў школу, у якой было шмат дзяцей

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы. Раней чыноўнікі адмовіліся яе выратоўваць — прычына можа здзівіць

Абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы. Раней чыноўнікі адмовіліся яе выратоўваць — прычына можа здзівіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць