Здароўе4949

«Мой першы сімптом — цяжка пачысціць зубы». Шчыры маналог 29-гадовай беларускі пра дэпрэсію

Беларуска Алеся Мерынава ўжо не першы год змагаецца з дэпрэсіяй, прайшла шмат дактароў і трапляла ў шпіталі. «Наша Ніва» запісала маналог дзяўчыны — так выглядае знутры жыццё з ментальнай хваробай.

Фота: архіў суразмоўцы

«Мала з кім кантактавала, нікуды не хадзіла, вельмі часта спала»

Усё пачалося каля дзесяці гадоў таму. Тады з’явіліся ўсе мае сімптомы — апатыя, адсутнасць энергіі і бачання будучыні, заніжаная самаацэнка, немагчымасць выбраць нават простыя рэчы — напрыклад, малако ў краме. Былі і суіцыдальныя думкі.

У мяне было цяжкае дзяцінства: мае бацькі былі алкаголікамі, а бацька і да гэтага часу п’е. Такая дэструктыўная атмасфера ў сям’і моцна паўплывала на маё псіхалагічнае здароўе.

Ёсць такая тэорыя, што дэпрэсія часта праяўляецца, калі чалавек адчувае сябе больш-менш стабільна. Калі арганізм у стрэсе, ён не праяўляе гэтыя сімптомы, знаходзіцца ў стане самазахавання. 

Так было і ў мяне — чым стабільнейшым рабілася маё жыццё, тым большыя былі праявы дэпрэсіі. Тады я пачала глядзець розныя відэа, чытаць артыкулы пра псіхалогію.

Шмат хто кажа — не прыдумляйце сабе дыягназы, вы ж не дактары. Я праходзіла бясплатныя тэсты ў інтэрнэце і ў выніку зразумела, што ў мяне дэпрэсія. Блізкія мне казалі: «Якая дэпрэсія? Усміхніся, адпачні і ўсё будзе добра». 

Як патлумачыць, што гэта за хвароба? Чалавек, які мае дэпрэсію, не бачыць будучыні перад сабой, замест гэтага для яго быццам існуе чорны экран. І пры гэтым энергіі так мала, што яе не хапае нават на простыя рэчы.

Таксама ў такіх людзей часта з’яўляюцца суіцыдальныя думкі. Калі я размаўляла са сваімі знаёмымі, якія не маюць дэпрэсіі, для мяне было адкрыццём, што яны не маюць такіх думак, не хочуць сябе забіць. 

Шмат хто мяне асуджаў за такія словы, але ў дэпрэсіі ёсць свая спакуса. Я не нясу адказнасці за сваю хваробу, але было адчуванне, што я магу сабе дазволіць паглыбіцца ў яе. Я не дапамагала сабе, таму што і не ведала, як гэта рабіць, і ў мяне не было дастатковай устойлівасці, каб сабе дапамагчы.

Было вельмі цяжка. Я адчувала шмат незадаволенасці, са мной было складана камунікаваць, я мала з кім кантактавала і нікуды не хадзіла. Вельмі часта спала, у мяне была дужа нізкая самаацэнка. Але я думала, што гэта нармальна і я так буду жыць усё сваё жыццё. 

У мяне не толькі дэпрэсія, маю біпалярны разлад, таму мая дэпрэсія — хранічная, трымаецца шмат гадоў. Але толькі з псіхатэрапіяй я пачала разумець, што з гэтым ненармальна жыць і трэба нешта рабіць.

«Прыбіральшчыца ў шпіталі мне даказвала, што ў мяне няма дэпрэсіі»

У чэрвені 2022-га я пайшла да псіхолага. У 2020-м у мяне памерла маці, яна здзейсніла самагубства. Таксама ў 2022-м пачалася паўнамаштабная вайна ва Украіне, а праз месяц памерла мая бабуля. У дадатак я звольнілася з працы, усё гэта было неяк цяжка.

Фота: архіў суразмоўцы

Схадзіла да дзвюх спецыялістак, яны мне сказалі, што ў мяне дэпрэсія, адна з іх загадала пайсці да псіхіятра. Псіхіятр сказаў, што я сапраўды маю дэпрэсію, і тады, восенню 2022-га, я пачала прымаць лекі.

Ці было мне страшна ісці туды? Канечне, было, я не вырасла ў асяроддзі, у якім гэта было б нормай. Мне было вельмі складана пераламаць сябе і свае стэрэатыпы.

Але самым цяжкім для мяне было не пайсці да псіхіятра ці псіхолага, а паехаць у псіхіятрычны шпіталь, калі я ўжо разумела, што магу сябе забіць. Падавалася, што там усе буйныя, ва ўціхамірвальных кашулях і з завязанымі рукамі, пакрыўдзяць цябе. 

Яшчэ было няпроста адаптавацца да лекаў. Я страціла апетыт, хаця і да гэтага ела вельмі мала. Калі пачынаеш прымаць лекі, адразу можа зрабіцца горш, і таму шмат хто кідае лекі напачатку. Трэба перажыць гэтыя пару тыдняў ці месяц, таксама я пры кожным павышэнні дазіроўкі проста выпадала з жыцця.

Потым, калі мне падабралі патрэбную дазіроўку, мой стан пачаў паляпшацца. І я такая — ваў, а так можна? Можна жыць і радавацца жыццю, птушкам за акном? Для мяне гэта было адкрыццём.

Ёсць асобы, якія не адрозніваюць колеры. Калі на іх надзяваюць акуляры, якія ім дапамагаюць гэта рабіць, яны такія — ваў, гэты свет насамрэч такі? І на мяне быццам таксама надзелі акуляры і паказалі, што свет насамрэч не чорна-белы, ён розны і яскравы. Але мая дэпрэсія вяртаецца, і вельмі часта. 

Тады, калі я першы раз выйшла з дэпрэсіі, у мяне пачалася манія. Адчувала сябе супершчаслівай, узяла сабе мільён праектаў, але яшчэ не ведала, што гэта манія. Мне яе дыягнаставалі толькі праз год. 

Калі ў цябе біпалярка, то чым вышэй ты падымаешся, тым ніжэй падаеш. І пасля сваёй маніі я звалілася ў яшчэ глыбейшую дэпрэсію, чым раней. 

Манія — гэта як эфект ад наркотыкаў, ты быццам адчуваеш эйфарыю. Крытычнае мысленне часам знікае: людзі бяруць крэдыты, разводзяцца, з’язджаюць у вандроўку па свеце, а потым гэта прыводзіць да дрэнных наступстваў. Можна кінуць адносіны ці распачаць іх з новым чалавекам, таму што падаецца, што ты яго кахаеш. А пазней аказваецца, што кахання і не было, проста гэты чалавек трапіўся ў тваім жыцці ў непатрэбны момант. 

Мне часам падавалася, што манія горшая за дэпрэсію, бо ў дэпрэсіі ты нічога не робіш, а ў маніі можаш вырабляць такія рэчы, быццам ты насамрэч пад наркотыкамі. Ты шчаслівы, думаеш, што можаш падняцца на Эверэст, а потым пачынаецца дэпрэсія і ты мусіш нават абмінаць пагоркі.

У канцы 2023-га я ў першы раз трапіла ў шпіталь, там мне і паставілі біпалярку. Памятаю, я гутарыла са сваёй псіхалагіняй і казала ёй, што хачу сябе забіць. Першае, што я кажу, калі ў мяне з’яўляюцца такія думкі — тое, што я заслугоўваю памерці і пазбавіцца ад гэтага болю. Гэта настолькі невыносна, што проста хочацца ад гэтага ўсяго пазбавіцца.

Калі я расказала пра гэта псіхолагу, яна мне сказала: «Алеся, ты мусіш паехаць у шпіталь, у цябе няма іншых варыянтаў». Ёй проста было страшна за мяне. 

Гэта быў звычайны шпіталь. Вельмі важна не казаць, што ў псіхіятрычным шпіталі ўсё кепска, бо інакш людзі туды проста не паедуць. Мне на той час была патрэбная ізаляцыя, а таксама каб мяне кантралявалі і я нічога з сабой не зрабіла. 

Калі чалавек знаходзіцца ў вельмі кепскім стане, яму цяжка ацэньваць, што там добра, а што — не. У шпіталі нармальныя, вельмі прыязныя дактары.

Адзінае пытанне — медсёстры і прыбіральшчыцы, якія стыгматызуюць хворых людзей. Памятаю, як прыбіральшчыца мне даказвала, што ў мяне няма дэпрэсіі! У шпіталі гэта было вельмі дзіўна чуць, і я хаця б магу сябе абараніць, а нехта ж не можа.

«Мой першы сімптом — тое, што мне робіцца цяжка пачысціць зубы»

Я некалькі месяцаў вучылася жыць з біпаляркай і яшчэ больш сябе слухаць. Цяпер павінна была прыслухоўвацца не толькі да кепскага стану, але і да добрага, і гэта было складана. Таксама мне сказалі, што гэта на ўсё жыццё, і цяжка ведаць, што ўсё жыццё я буду вяртацца або ў дэпрэсію, або ў манію.

Акрамя псіхатэрапіі, я старалася сачыць за сваімі паводзінамі. Хаця я гэтага і не рабіла, але трэба займацца спортам і добра харчавацца. Пажадана пазбягаць канфліктных сітуацый, людзей, якія моцна напружваюць, складаных тэмаў. То-бок трэба максімальна клапаціцца пра сябе, таму што любы трыгер можа вярнуць дэпрэсію.

Таксама спрабавала вучыць маіх знаёмых з гэтым жыць — расказвала ім, што я маю такую хваробу і яна можа ніколі не скончыцца, трэба быць да гэтага падрыхтаванымі. Як яны гэта ўспрынялі? Майму хлопцу было вельмі цяжка гэта зразумець, і дэпрэсія стала галоўнай прычынай, праз якую мы з ім разышліся пару тыдняў таму.

Мы былі з ім разам каля 11 гадоў, і ён не вытрымаў ціску майго стану, дэпрэсіі, якая ўвесь час вяртаецца. Ён спрабаваў зрабіць мяне шчаслівай, але яму не ўдалося. Ён лічыць, што мая хвароба здарылася, бо ён не справіўся з гэтай задачай. Людзі, якія жывуць з тымі, хто мае дэпрэсію, мусяць быць падрыхтаванымі да такога стану ў іх. 

Калі я пачала прымаць лекі ад біпаляркі, мой стан стабілізаваўся, я адчувала сябе добра. Дзесьці да кастрычніка 2024-га ў мяне не было ні маніі, ні дэпрэсіі. Я жыла нармальным жыццём, калі настрой псаваўся не на два тыдні і не на месяц, а проста на пэўны час.

А ў кастрычніку я паступіла ў польскі ўніверсітэт на магістратуру. Я — адзіная замежніца ў групе, я ніколі не была ў такіх вялікіх групах палякаў, таму адбылася мая асабістая міграцыя. Да гэтага я працавала з беларусамі, а калі вучылася на бакалаўрыяце, у маёй групе быў толькі адзін паляк, хаця гэта было ў Варшаве.

Таксама там была вялікая нагрузка. Мы — асобы, якія маюць дэпрэсію — не можам рабіць столькі, колькі могуць рабіць звычайныя людзі. Гэта вельмі цяжка прыняць, і да гэтага часу я гэта не прымаю. Стараюся рабіць як мага больш, і гэта мяне зноў вяртае ў дэпрэсію.

Яшчэ быў фактар мовы — я некалькі гадоў да гэтага не размаўляла па-польску, і мне напачатку было вельмі сорамна. Так што я сябе фактычна давяла да дэпрэсіі. Зноў пачаліся думкі пра самагубства, і дзесьці ў лістападзе 2024-га я зноў паехала ў шпіталь.

Цяпер я ведаю, як пачынаецца абвастрэнне. Мой першы сімптом — тое, што мне робіцца цяжка пачысціць зубы, гэта вельмі папулярная праява. Потым у мяне звычайна з’яўляецца апатыя.

Што тады трэба рабіць? Часцей хадзіць у спартзалу, выходзіць на вуліцу, камунікаваць з людзьмі. Усё гэта патрэбна, каб не ўвайсці ў той стан глыбей.

Цяпер мне складана праз тое, што я разышлася з хлопцам. Але я ўжо некалькі гадоў у псіхатэрапіі, прымаю лекі, і гэта вельмі дапамагае. Мы ўсе трапляем у цяжкія сітуацыі, жыццё не ідэальнае і штосьці з намі адбудзецца, таму трэба ведаць, якімі крокамі можна выйсці з гэтага стану. Мой досвед барацьбы з дэпрэсіяй дапамагае мне змагацца з цяперашняй роспаччу ад страты блізкага чалавека.

«Успрымаю дэпрэсію як старую сяброўку, якая прыехала да мяне жыць»

Дэпрэсія мяне навучыла, як жыць у гэтым цяжкім свеце, як адаптавацца да яго і рэагаваць на кепскія рэчы. Цяпер я менш эмацыйна рэагую на беларускія навіны ці на тэму вайны ва Украіне, іншых войнаў і палітычных зменаў.

Калі ваш блізкі хварэе на дэпрэсію і вы разумееце, што не дасце рады — разыходзьцеся, не псуйце жыццё ні сабе, ні гэтаму чалавеку. 

Чалавек у дэпрэсіі нешчаслівы. І трэба проста быць падрыхтаваным, што ў яго можа псавацца настрой, ён можа правесці ў ложку некалькі тыдняў, але гэта не віна таго чалавека, які з ім побач. Калі ты разумееш, што не зможаш быць з ім, навошта заставацца?

Фота: архіў суразмоўцы

Я не чакаю, каб мяне рабілі вясёлай, і шмат хто кажа, што не трэба іх прасіць усміхнуцца ці абяцаць, што ўсё будзе добра. Можна казаць, што ты справішся, але не трэба вось гэтага «людзі галадаюць, паміраюць, а ты тут сядзіш са сваёй дэпрэсіяй». Не трэба даваць парады, калі людзі гэтага не просяць.

Я не люблю, калі мяне ратуюць, мне проста трэба адчуванне, што чалавек са мной, што ён побач і падтрымае мяне ў любой сітуацыі. Мне трэба, каб мяне прымалі такой, якая я ёсць.

Цяпер я ўспрымаю дэпрэсію як старую сяброўку, якая прыехала да мяне жыць. Яе трэба карміць, выгульваць, але ўсё роўна яна мая старая сяброўка. Гэта частка мяне, і я не магу гэта асуджаць, крытыкаваць або ненавідзець, бо гэта будзе нянавісць да сябе. Я не чакаю гэтую сяброўку, але часам яна прыязджае і мы мусім разам жыць у адным целе.

Я прыняла яе і цяпер стараюся, каб мы з ёй больш-менш паладзілі і яна не даводзіла мяне да зусім дрэннага стану. Не хачу даваць сабе марных абяцанняў, што некалі змагу вылечыцца. Калі я буду спадзявацца, што гэта скончыцца, а яно будзе цягнуцца далей, тады я сама сябе расчарую. 

Трэба берагчы і цаніць сябе, старацца быць сябрам для сябе самога і не быць сабе ворагам, а потым прыйдзе і ўсё іншае. Праз любоў да сябе, сваёй дэпрэсіі, сваіх непрыемных рысаў прыйдзе любоў да свету, іншых людзей і жыцця. Галоўнае, каб быў унутраны спакой і вера ў сябе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары49

  • Žvir
    05.04.2025
    Jasna, chaliera.
  • Jazafat
    05.04.2025
    Дэпрэсія гэта хвароба бязбожнікаў...
  • Антось
    05.04.2025
    Jazafat, у кожнага свой бог. Унутры.

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп даручыў адкрыць турму для асабліва небяспечных злачынцаў на востраве Алькатрас1

«На Раство падарылі 5 кілаграмаў рысу». Беларуска ў 65 гадоў пераехала ў Гану і займаецца манікюрам1

Ці ўключаць у Беларусі ацяпленне з-за халоднага надвор'я, адказалі ў ЖЭУ

«Этэрнаўт»: аргенцінскі Netflix выпусціў шматзначны серыял пра апакаліпсіс2

Камісар ЕС: Еўрасаюз удвая павялічыць дапамогу Украіне, калі Трамп не пераканае Пуціна заключыць мір3

У нядзелю розніца максімальных тэмператур у Беларусі склала 15 градусаў

У Брэсце патануў чатырохгадовы хлопчык. Ратавальнікам удалося вярнуць яго да жыцця

Вучоныя назвалі колькасць крокаў, якая ратуе офісных работнікаў16

Рыжанкоў даклаў Эйсмант, што накалоў дроў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць