Культура1616

Не рэстаўрацыя, а пасмешышча. У Ружанах «зарэстаўравалі» рэзідэнцыю Сапегаў

Працы на фасадах усходняга, тэатральнага корпуса палаца скончыліся правалам — справа не толькі ў хімозным зялёным колеры, але і ў суцэльным непрафесіяналізме рэстаўратараў, якія ці то не ведаюць асноў, ці то ігнаруюць логіку.

Рэстаўрацыя Ружанскага палаца выклікае шмат пытанняў да кампетэнтнасці тых, хто яе праводзіў. Фота: brestcity.com

Паводле інфармацыі БелТА, ужо пачалася распрацоўка праектнай дакументацыі на ўнутраныя работы, а ў планах закансерваваць і галоўны корпус.

Рэстаўрацыя Ружанскага палаца пачалася яшчэ ў 2008 годзе, але ў апошнія гады ўзнікае ўсё больш пытанняў да адэкватнасці аднаўлення рэзідэнцыі роду Сапегаў. Пэўна, аднаўленне Ружанскага стала самай спрэчнай рэстаўрацыяй знакавага гістарычнага аб’екта ў Беларусі, саступаючы толькі «фэнтэзійнай» рэканструкцыі Старога замка ў Гродне.

У далейшых планах — аднаўленне інтэр'ераў тэатральнага корпуса, пра якія вядома яшчэ менш, чым пра фасады. Фота: БелТА

Але калі на Старым замку напластаванні стагоддзяў, а сапраўдны выгляд дакладна невядомы, то аднаўленне Ружанскага палаца мусіла быць элементарнай справай: комплекс пабудаваны ў адным, пераходным ад барока да класіцызму, стылі і збольшага ў адзін час, значная яго частка дайшла да нас, нават захаваліся каляровыя праектныя чарцяжы Яна Самуэля Бекера. Справа была за малым — вярнуць як было. І тут беларускія рэстаўратары пацярпелі поўнае фіяска.

Ружанскі зялёны

Тэатральны корпус пафарбаваны ў ядавіта-смарагдавыя адценні, якіх не магло існаваць у XVIII стагоддзі праз адсутнасць тэхналогіі вырабу яркіх і ўстойлівых пігментаў зялёнага колеру. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Праблемы з колерам у Ружанах пачаліся ад самага пачатку, калі аднаўлялі браму і прылеглыя карпусы, але гэтую праблему не заўважалі, пакуль чарга аднаўлення не падабралася да тэатральнага корпуса і аркады, якой ён злучаны з палацам. Пасля завяршэння аднаўленчых работ корпус хутка пафарбавалі ў ядавіта-смарагдавы колер, што выклікала вялікае здзіўленне і абурэнне сярод простых турыстаў і спецыялістаў.

Памылка не была выпраўлена, але ўлічана на аркадзе, за якую ўзяліся наступнай. Яе пафарбавалі ў больш глухія, стрыманыя колеры. Цяпер палац пафарбаваны адразу ў тры варыянты зялёнага, ад светлага пастэльнага да хімознага. Цяпер на тэатральным корпусе з’явіліся таксама ляпны дэкор і скульптуры ідэальна белага колеру.

Кавалкі аздаблення фасадаў на фоне сучаснай хімознай афарбоўкі паказваюць, якога насамрэч колеру быў палац. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Як выявілі спецыялісты — ні адзін з трох варыянтаў не адпавядае гістарычнаму выгляду. Некаторых ужытых колераў проста не магло існаваць у XVIII стагоддзі. Адзін раз — прыкрая памылка, тры разы — прызнанне ўласнай некампетэнтнасці.

Замест таго, каб правесці элементарныя даследаванні пігменту на фрагментах тынку, якія і сёння лёгка адшукаць на тэрыторыі палаца, рэстаўратары Ружанскага замка звярнуліся да савецкіх кніг другой паловы XX стагоддзя, адкуль узялі, што колер палаца павінен быць ярка-смарагдавы, а дэкор — выключна белым. Сёння на ўсю Беларусь ёсць лічаныя аб’екты, чый барочны каларыт быў навукова адноўлены, а ў час напісання кнігі такіх аб’ектаў не было ўвогуле.

Афарбоўка аркады — трэці варыянт афарбоўкі палаца. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Пытанне разнабою ў афарбоўцы розных частак Ружанскага палаца вырашылі арыгінальна: замест таго, каб прызнаць памылкі і правесці дадатковыя даследаванні, было вырашана пафарбаваць увесь комплекс у самы «таксічны» варыянт.

«І так пойдзе!»

Праект усходняга корпуса Ружанскага палаца аўтарства Яна Самуэля Бекера. Фота: Wikimedia Commons

Ружанскі палац аднаўляюць з апорай на праектныя чарцяжы Яна Самуэля Бекера. Гэта рэдкі выпадак, калі ёсць такая каштоўная крыніца, якая можа дапамагчы аднавіць тое, што было страчана. Пабудаваны ў 1784—1786 гадах палац нядоўга прабыў рэзідэнцыяй магнацкага роду, вельмі хутка комплекс быў прададзены і пераабсталяваны пад суконную фабрыку. Ні пра якое захаванне яго велічы гаворкі не вялося. Комплекс моцна пацярпеў ад гаспадарчага выкарыстання, пажараў і войнаў.

На большасці вядомых выяў ён адлюстраваны ўжо ў досыць дэградаваным выглядзе, таму адзінай крыніцай для аднаўлення многіх рэчаў ёсць чарцяжы архітэктара Бекера.

Скульптура Афіны і валюты, якія прыстроілі куды і як змаглі. Фота: БелТА

Да такіх рэчаў належыць, напрыклад, выгляд даху, франтонаў, ляпніны і скульптурных кампазіцый на іх. Менавіта са з’яўленнем апошніх, у беласнежным выкананні (чаго таксама быць не магло), на тэатральным корпусе, скончылася яго вонкавае аднаўленне. На крайніх франтонах з’явіліся урны з гірляндамі, на цэнтральным — дзве валюты-завіткі і фігура Афіны ў рыштунку, з Эгідай і дзідай у руцэ, як і намалявана ў Бекера.

Неверагодна, але і тут рэстаўратары распісаліся ў прафесійнай непрыдатнасці. Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі работы былі ў самым разгары, спецыялісты звярталі ўвагу, што з гэтымі франтонамі і скульптурамі не так абсалютна ўсё, але засталіся непачутымі.

Тумбы на франтонах у класічнай архітэктуры строга прывязваюцца да сцен і фрыза. Фота: Wikimedia Commons
У Ружанах тумбы ўвапхнулі туды, куды яны ўлазілі, а не туды, дзе яны мусяць быць. Атрымаліся «вушкі», якіх ніколі не было і не магло быць. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У Бекера на чарцяжах на канцах франтонаў ёсць невялікія тумбы, на цэнтральным франтоне на іх ляжаць валюты (завіткі). Пры адбудове корпуса гэтыя тумбы вымуравалі, але пасля, калі ўзводзілі дах – іх збілі. Відаць, яны заміналі страхарам зрабіць усё проста і хутка. Цяпер, калі справа дайшла да скульптур, выявілася, што іх няма куды ставіць: дах цалкам завершаны, а тумбаў пад іх няма, — давялося рабіць новыя.

Калі з вазамі і Афінай больш-менш справіліся, то тое, што зрабілі з двума валютамі-завіткамі ператварыла ўсю рэстаўрацыю ў пасмешышча. Паколькі дах быў завершаны, аднавіць тумбы было складана — яны перакрывалі яндову, пералом даху, дзе стыкуюцца два схілы і па якім сцякае вада. Трэба было пераробліваць дах.

На крайніх франтонах проста адмовіліся ад тумбаў, але для цэнтральнага, відаць, ужо паспелі адліць валюты. У выніку для іх зрабілі вялікія, удвая большыя чым у Бекера, тумбы, але не ў тым месцы, а вышэй. Атрымаліся, як жартуюць, «вушкі на макушцы».

Спецыялісты тлумачаць, што таго, як зроблены гэтыя элементы на Ружанскім палацы ў час «рэстаўрацыі», не магло быць нідзе і ніколі. Класічная архітэктура разнастайная, але ў яе ёсць пэўныя строгія правілы — як тое, што ў порціку не можа быць пяць калон (адсюль і знакаміты выраз пра пятую калону). Такім жа правілам з’яўляецца і тое, што тумбы на франтоне заўсёды прывязаны да сцен, на якія ён абапіраецца. 

Цяжка зразумець, ці зрабілі ў Ружанах так, таму што не маюць ніякага ўяўлення пра класічную архітэктуру, ці таму што замест здаровага сэнсу ў сферы пануе планавы фармалізм — валюты адлілі, а цяпер увапхніце іх хоць куды! У любым выпадку назваць гэта рэстаўрацыяй немагчыма, гэта — «і так пойдзе!».

Порцік, які забылі аднавіць

У праекце Бекера ўсходні корпус упрыгожаны порцікам на чатырох парах дарычных калон. Фота: Wikimedia Commons

Адна з прычын, чаму для валют не хапіла месца, відаць, у тым, што чарцяжамі Бекера карысталіся як хацелі.

У праекце па цэнтры корпуса прыгожы порцік на чатырох парах калон дарычнага ордара. Якраз на франтоне порціка стаіць скульптура Афіны і зроблены вялікія валюты.

Вядома, чарцяжы не даюць 100-працэнтнай гарантыі, бо нешта магло быць нерэалізавана, а нешта магло быць рэалізавана інакш. Гэтак адбылося з самім палацам — яго руіны відавочным чынам адрозніваюцца ад першапачатковага праекта. 

Порцік палаца Сапегаў у Дзярэчыне да дробязаў ідэнтычны таму, што прысутнічае на праектных чарцяжах Ружанскага палаца. Фота: Wikimedia Commons

Але на іншым палацы Сапегаў у Дзярэчыне, які праектаваў той жа Бекер, рэалізаваны дакладна такі ж порцік, які мы бачым у ружанскім праекце. Найбольш верагодна, што і ў Ружанах порцік быў пабудаваны, але быў страчаны. 

На карысць гэтага сведчыць і яшчэ адна дэталь, заўважаная спецыялістамі: на фота да рэстаўрацыі толькі ў гэтым месцы над пілястрамі бачныя адтуліны. У такія адтуліны ўстаўляліся драўляныя бэлькі, адзін канец якіх абапіраўся на сцяну, другі на калоны порціка.

Да пачатку рэстаўрацыі над кожнай пілястрай было па адтуліне, у якія мацаваліся бэлькі порціка. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
У часе рэстаўрацыі верх сцен перамуравалі, не пакінуўшы ніякіх слядоў ад бэлек. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У часе аднаўлення корпуса гэтая частка сцяны была вымуравана наноў, не пакінуўшы ніякіх слядоў ад адтулін, у якія мацаваліся бэлькі порціка. Доказы існавання порціка былі замецены ідэальна. 

Дапусцім, што порцік сапраўды не рэалізавалі, а адтуліны ніяк не выкарыстоўваліся, але тады і скульптур, верагодна, не павінна было б быць. У Ружанах паўстаў свой монстр Франкенштэйна — брыдкая пачвара з кавалкаў розных праектаў, уяўленняў і меркаванняў, зляпаная без разумення і густу.

Ружанскі палац стаў ахвярай непрафесійнай, дырэктыўнай рэстаўрацыі, тут не змаглі даць рады ні колеру, ні формам, хоць усё ляжала на паверхні. Такую славутасць сорамна паказваць не толькі замежнікам, але і сваім грамадзянам. Адказных жа, відаць, зноў чакаюць падзякі і ўзнагароды да здадзены ў тэрмін аб’ект.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Ё
    13.02.2025
    Аўтар паста таксама не далёка адышоў ад рэстаўратараў. Афіна з цэменту, для яго норма !? Да гэта і ёсць самы лепшы паказчык безгустоўшчыны нараўне з колерам і спрошчаным порцікам. Гэтая Афіна ўжо пачала лупіцца, што бачна на фотках. Усе скульптуры тады рабіліся альбо з вапняку (з яго рабілася большасць скульптур у Еўропе), з мармуру ці дрэва. У Ружанах былі скульптуры з вапняку. Розніца ва ўспрыманні матэрыялаў каласальная. Адна справа прыгожы капітальны вапняк, іншая справа пафарбаваны Снежкай цэмент. Адчуйце розніцу, як кажуць.
  • Ідэолаг - рэканструктар
    13.02.2025
    Другую палову зробяць чырвонай і будзе настаяшчы закат над балотам
  • Ганьба
    13.02.2025
    Перастаньце чапляцца да мелачоў! Гмах вялікі, колеры патрыяцічэскіе, ёсць прыгожыя статуі - можна адкрываць новы суд ці цэнтар патрыятычнага васпітанія!

Цяпер чытаюць

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі58

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

У Маскве актывіст спусціў у Маскву-раку плакат са словамі «Пуцін — Гітлер» і прыкінуўся трупам1

Арыштаваны каліновец Грачыха пакінуў полк праз месяц пасля далучэння7

Улады адправяць у крамы насенную бульбу, каб справіцца з дэфіцытам2

Стала вядома, хто будзе хэдлайнерам канцэрта ў Мінску 9 Мая4

Як цяпер праходзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС і каго на іх выклікаюць4

Польшча абвінаваціла Расію ў беспрэцэдэнтным ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары3

Ва Украіне загінуў камандзір Пскоўскай дывізіі, прызначаны Пуціным менш чым два месяцы таму6

«Добры дзень для Германіі». Рэакцыі нямецкіх партый на правал Фрыдрыха Мерца на выбарах канцлера1

Вайсковы парад 9 мая ў Мінску пройдзе позна вечарам11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі58

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць