3 снежня гарадскі суд у Празе пачаў разглядаць справу 40‑гадовага грамадзяніна Чэхіі Пятра Зэманэка. Яму пагражае да 20 гадоў турмы па абвінавачанні ў замаху на забойства з нацыянальным матывам, піша Радыё Свабода.

Так паліцыя і пракуратура тлумачылі інцыдэнт, які адбыўся ў сакавіку 2025 году ў Празе. Паводле версіі следства, Зэманэк тады п’яным ішоў па вуліцы, калі ўбачыў каля прадуктовай крамы двух мужчын — украінца і беларуса, якія размаўлялі па-руску.
Абвінавачаны палічыў, што гэта ўкраінская мова, і пачаў абражаць незнаёмцаў, плюнуўшы ў аднаго з іх.
Прыяцелі спыталі ў яго, ці з'яўляецца ён нацыяналістам ці расістам. У адказ на гэта Зэманэк пачаў ускідваць руку ў нацысцкім прывітанні і крычаць «Sieg Heil» і «Heil Hitler», паведамляе чэшкі партал Novinky.
Пасля ён двойчы ўдарыў беларуса і са словамі: «Так, я вас заб’ю. Зараз пайду вазьму нож і пісталет», накіраваўся ў свой пакой у інтэрнаце.
Замежнікі перамясціліся на найбліжэйшую чыгуначную станцыю Praha-Radotín і стаялі на платформе ў чаканні цягніка. Зэманэк знайшоў іх і працягнуў крыкі і пагрозы. Пазней Зэманэк стукнуў нагой аднаго мужчыну, а затым пачаў біць кулакамі другога, выцягнуў складны нож і ўторкнуў яго беларусу ў грудзі на 10 сантыметраў. Жыццё пацярпелага выратавала аператыўная дастаўка ў шпіталь і тэрміновая аперацыя.
Падчас першага судовага пасяджэння абвінавачаны прызнаў факт нападу, але адпрэчыў нацыянальны матыў. Паводле яго слоў, у той вечар ён вяртаўся з футбольнага матчу і моцна выпіў (каля 10 кубкаў піва і бутэльку моцнага алкаголю), таму амаль нічога не памятае.
«Мне шкада, што ўсе мы аказаліся тут. Мне шкада, што гэта адбылося. Я адчуваю сябе вінаватым, але не згодны з прававой кваліфікацыяй», — сказаў Зэманэк.
Ён абверг, што напаў на незнаёмцаў з-за таго, што яны замежнікі, а спускавым механізмам канфлікту сталі ўзаемныя абразы.
Адвакат падсуднага далей дапоўніў, што інцыдэнт не быў замахам на забойства з папярэднім абдумваннем ці нацыянальным ці этнічным матывам.
«Мой кліент ніколі не меў праблем з законам па расавых ці этнічных прычынах. У яго мноства знаёмых і калегаў сярод замежнікаў, у тым ліку ўкраінцаў», — заявіў абаронца.
Зэманэк прызнаўся, што раней уваходзіў у групоўку фанатаў пражскага футбольнага клюба «Спарта», але катэгарычна адпрэчыў, што мае дачыненне да фашысцкага ці нацысцкага руху.
Акрамя замаху на забойства Зэманэк абвінавачваецца яшчэ па двух артыкулах — хуліганства і выказванне сімпатыі да руху, накіраванага на прыгнечанне правоў і свабод чалавека.
Ён раскаяўся ў зробленым і адправіў ліст з прабачэннямі пацярпеламу. Той у якасці кампенсацыі за прычыненую шкоду патрабуе 340 тысяч крон (14 тысяч еўра).
Галоўнае паседжанне па справе адбудзецца на наступным тыдні.
Каментары