Свет11

«Давайце дамаўляцца». Ці пойдзе Трамп на здзелку з Мадурам, раз ціск выніку не меў?

Узнаўляючы ўзаемадзеянне з Мадурам, мы нічога не губляем. Затое атрымліваем шанец змякчыць міграцыйны крызіс — прыблізна так разважаюць уплывовыя людзі ў атачэнні Трампа.

Жанчына трымае плакат з надпісам «Fuera» (Прэч) падчас пратэсту венесуэльскіх эмігрантаў у Чылі супраць перавыбрання Нікаласа Мадуры ў 2024 годзе. Фота: Lucas Aguayo Araos / Anadolu via Getty Images

Венесуэла — найбагацейшая краіна ў свеце ў плане нафтавых рэсурсаў. Па стане на 2024 год, запасы нафты ў гэтай краіне ацэньваюцца на больш за 300 мільярдаў барэляў. Гэта амаль у чатыры разы больш, чым у Расіі, і ў пяць з паловай разоў больш, чым у ЗША.

У той жа час гэта краіна займае другое месца па беднасці ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Восем з дзесяці чалавек жывуць у беднасці, прычым сем з іх — у крайняй беднасці. Цягам апошняй дэкады краіну пакінула амаль восем мільёнаў чалавек.

Усё гэта — вынік 25 гадоў кіравання левых папулістаў Уга Чавеса і яго наступніка Нікаласа Мадуры. Хранічная карупцыя, эканамічны дылетантызм і дыктатура далі вось такі вынік. 

«Палітыка максімальнага ціску толькі ўмацавала Мадуру»

У часы свайго першага прэзідэнцтва ў 2017—2021 Дональд Трамп вызначаўся жорсткай палітыкай у дачыненні да Мадуры і ягонай клікі. Падсумоўваючы гэту палітыку, выданне Foreign Policy ў чэрвені 2021 пісала так: «Палітыка «максімальнага ціску» Трампа толькі ўмацавала Мадуру. Цяпер [новы прэзідэнт Джо] Байдэн павінен выбраць новы курс».

Выбіранне новага курсу ў часы Байдэна звялося да эпізадычных спробаў падштурхнуць Мадура да дыялогу з апазіцыяй узамен за паступовае паслабленне санкцыяў.

Пасля таго, як Трамп зноў выйграў выбары, а Мадура свае выбары зноў сфальшаваў, узнавіліся размовы пра неабходнасць перагледзець палітыку адносна Венесуэлы — піша The Wall Street Journal. Прычым перагледзець у тыпова бізнэсовым ключы: прагматычна і без лішніх сантыментаў. 

Давайце дамаўляцца з Мадурам

Гары Сарджант III, мільярдэр і донар Рэспубліканскай партыі, разважае наступным чынам. Ад санкцыяў на венесуэльскую нафту не выйграе́м ні мы, ні Мадура. Узнаўляючы ўзаемадзеянне з Мадурам і паслабляючы санкцыі, мы нічога не губляем, затое атрымліваем шанец змякчыць міграцыйны крызіс.

Адно з сёлетніх апытанняў паказала, што калі Мадура застанецца пры ўладзе, то 19% венесуэльцаў гатовы эміграваць неадкладна. Ажно 48% хочуць зрабіць гэта на працягу аднаго да шасці месяцаў. Асноўны напрамак міграцыі — канечне ж, ЗША.

Паколькі не можам звергнуць аўтакрата — давайце з ім дамаўляцца. Бо нешта ж трэба рабіць — новыя хвалі эміграцыі ўжо на гарызонце — прыблізна так гучыць пасыл бізнэсоўцаў а-ля Гары Сарджант.

Апроч таго — кажуць яны — аднаўляючы эканамічныя сувязі з Венесуэлай, ЗША могуць вярнуць сабе ўплыў у нафтавай прамысловасці Венесуэлы і паменшыць стратэгічныя перавагі, якімі зараз карыстаюцца геапалітычныя канкурэнты — Расія і Кітай. 

Мадура — дзвюма рукамі «за». Трамп — наўрад ці

Венесуэльскі аўтакрат не раз заяўляў пра гатоўнасць перазагрузіць адносіны з Вашынгтонам, акцэнтуючы менавіта «бяспройгрышнасць» магчымай здзелкі.

Ці ёсць шанец, што Трамп дыяметральна зменіць сваю палітыку адносна Венесуэлы?

Што ж, у перадвыбарнай кампаніі ён не раз згадваў пра Каракас (сталіцу Венесуэлы) як пра «цалкам спакойнае месца». Казаў нават, што пераедзе туды, калі прайграе на выбарах у ЗША — нагадвае Wall Street Journal.

Гэтыя выказванні, аднак, больш падобныя да іроніі. А калі сур’ёзна, то больш красамоўным у гэтым плане ёсць факт, што Трамп прызначыў дзяржсакратаром сенатара Марка Рубіа — чалавека, які вядомы сваёй падтрымкай суровых захадаў супраць Мадура і іншых аўтакратаў рэгіёна.

У камандзе Трампа будуць іншыя праціўнікі Мадуры — заўважае WSJ. Напрыклад, былы дарадца па нацыянальнай бяспецы Маўрысіа Клавер-Кароне і Ілан Маск.

Гэты апошні нават запрапанаваў Мадуру двубой са здзеклівай умовай: калі ў бойцы пераможа ён, то Мадура пакіне ўладу ў Венесуэле, а калі пераможа Мадура, то Маск падорыць палітыку бясплатны білет на Марс.

Непрыязь да Мадуры надалей моцная ў колах рэспубліканцаў. Некаторыя, як Эрык Прынс, прапануюць нават павялічыць узнагароду за арышт Мадура з 15 да 100 мільёнаў долараў.

Меркаванні тыпу таго, што агучвае Гары Сарджанта III, адлюстроўваюць адзін з трэндаў у амерыканскай палітыцы. Гэтыя меркаванні маюць свае козыры і патэнцыял для пашырэння.

Але на сёння яны хутчэй індыкатары настрояў, чым рэальная сіла, здольная змяніць курс.

Каментары1

  • беларус
    06.12.2024
    "калі ў бойцы пераможа ён, то Мадура пакіне ўладу ў Венесуэле, а калі пераможа Мадура, то Маск падорыць палітыку бясплатны білет на Марс."

    А Маск часам у хакей не гуляе? Есьць адзін кандыдат на двубой.

Цяпер чытаюць

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць гадоў таму памёр Юрый Зісер3

Маладая пара вырашыла абысці ўвесь Мінск уздоўж МКАД: «Ногі потым яшчэ тры дні балелі»1

Запальныя шведы, вясёлыя эстонцы, Ізраіль рве сэрца: сёння захапляльны фінал Еўрабачання9

Пяскоў: Cустрэча Пуціна і Зяленскага магчымая2

Сур'ёзнае ДТЗ у Магілёўскай вобласці: сутыкнуліся легкавушка і велікагруз

Улады патлумачылі, чаму ў Мінску не ўключаюць ацяпленне ў кватэрах1

Ізраіль пачаў новы буйнамаштабны наступ у Газе

Аднаго з распрацоўшчыкаў расійскага «Іскандэра» ў Дзень Перамогі да смерці збіў сусед4

У беларускіх аптэках з’явіўся расійскі аналаг «Азэмпіку»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць