Новыя вывескі напужалі мясцовых жыхароў.

У сацсетках заўважылі, што Нарвскую шашу, галоўную вуліцу горада, захапілі шматлікія ўстановы з рускамоўнай рэкламай. Гэта самае сэрца сталіцы, за некалькі крокаў ад Старога горада.
«Пицца Ареццо», «Китайская кухня», «Туристическое агентство», «Бюро путешествий», «Вино Вино», банк «Кравченко и партнёры», студыя прыгажосці «Весна», аптэка «Миронов» — такія надпісы цяпер красуюцца на фасадах дамоў у Таліне.
Побач бістро «Беларусь», а ў вокнах рэклама вялікай беларускай крамы бытавой тэхнікі, якая абяцае велізарныя зніжкі. Дый саму Нарвскую шашу перайменавалі — на аншлагах яна стала называцца вуліцай Ткалава.
Вядома, пераўвасабленне Таліна ва ўмоўны Мінск звязана з тым, што ў горадзе праходзяць здымкі.
«Уявіце рэакцыю людзей, якія не ў курсе здымкаў. Вырашаць, што нас захапілі», — жартуюць мясцовыя жыхары.
Восенню ў Эстоніі пачаліся здымкі новага амерыканскага серыяла «Агенцтва» (The Agency) ў жанры шпіёнскага трылера. Серыял здымаюць студыі Paramount+ і Showtime. Прадзюсарамі выступілі Джордж Клуні і Грант Хеслаў, галоўную ролю сыграе Майкл Фасбендэр, таксама ў серыяле з'явяцца такія зоркі як Джэфры Райт і Рычард Гір.
Серыял заснаваны на французскім серыяле «Бюро легенд» (Le Bureau des Légendes), які выходзіў на Canal+ з 2015 па 2020 год.

Дзеянне серыяла разгортваецца ў аддзеле, які адказвае за падрыхтоўку агентаў пад глыбокім прыкрыццём, якія выконваюць працяглыя разведвальныя заданні і гадамі жывуць пад чужой маскай.
Вядома, Беларусь, якая ў апошнія гады ператварылася ў «шэрую зону» Еўропы і варожую да Захаду краіну, ідэальна пасуе для шпіёнскіх прыгод. Раней у такой якасці часта выступалі посткамуністычныя Балканы.
У Эстоніі, як і ў іншых краінах, дзейнічае праграма падтрымкі здымак замежных кінапраектаў на яе тэрыторыі. У рамках такой праграмы кампенсуецца 20-30% выдаткаў на здымкі. Краіна нічога не страчвае, бо грошы ў куды большым аб'ёме вяртаюцца ў бюджэт у выглядзе падаткаў і іншых выдаткаў кінастудыі.

Шырока пра Талін як добрае месца для здымак у свеце даведаліся пасля фільма «Tenet» Крыстафера Нолана. На магістральнай вуліца Лаагна ў спальным раёне Ласнамяэ была знята сцэна пагоні для гэтага фільма.
Беларусь жа сёння ператварылася не ў выгоднае месца для галівудскіх праектаў, а ў дармовую базу для расійскіх кіношнікаў.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары