Меркаванні11

«Цяперашнія жанчыны ў белым дзейнічалі так, як зрабіла б Ларыса Геніюш». Да смерці Леакадзіі Шышэі

18 студзеня ў Вільні памерла беларуская волатка Леакадзія Шышэя. «Прыгожая і крохкая кабета 94 гадоў, на плячох якой месціўся вялікі беларускі свет, пакінула нас без сваёй аховы», — піша ў «Новым часе» Уладзіслаў Гарбацкі.

Леакадзія Шышэя

Дысідэнтка, гулагаўка, знаёмая Ларысы Геніюш, спадарыня Леакадзія пасля васьмі з паловай гадоў лагераў за ўдзел у антысавецкай арганізацыі «Чайка» апынулася з мужам у Вільні. 

Яна не пісала тэкстаў, заставалася ў цені мужа, да яе часта звярталіся пераважна як да той, якая з турэмных часоў ведала Ларысу Геніюш. Пры гэтым яна была не толькі жонкай і сяброўкай кагосьці слыннага, яна сама ўвасабляла непаўторны, цікавы і часам вусцішны свет — успамін пра нашае мінулае, важны голас вуснай гісторыі. Яна заставалася душой беларускай Вільні, наведвала беларускія імпрэзы, а ў апошнія гады ўжо з дому спачувала беларускам, якія змагаліся з чарговай аўтарытарнай навалай пасля 2020 года.

І яе не здзіўляла тое, што рабілася і робіцца ў Беларусі і Расіі. Досыць песімістычна канстатавала, што, пакуль Расія гаспадарыць у Беларусі, нам не стаць на цывілізаваны шлях. Беларусаў называла «няшчаснымі» і не верыла ў хуткую іхную перамогу. Акрамя ўплыву Расіі ды чыннікаў, якія вызначаюць паразу беларускіх пратэстаў, адносіла і празмерную «памяркоўнасць» саміх беларусаў, якія церпяць і маўчаць.

Вельмі пільна спадарыня Леакадзія сачыла за рухам жанчын у белым: яе ўражвала іх смеласць.

Жанчыны ў белым выклікалі ў яе ўспаміны пра шматлікіх зняволеных жанчын у яе маладосці, яна лічыла, што цяперашнія жанчыны ў белым дзейнічаюць так, як зрабіла б Ларыса Геніюш.

Леакадзія Шышэя з Людвікай Кардзіс

Дзякуючы Людвіцы Кардзіс, у 2021 і 2022 гадох мне ўдалося пазнаёміцца з віленскай волаткай, якая жыла на Антокалі, і разам з Людвікай мы запісалі цікавыя некалькігадзінныя інтэрв'ю са спадарыняй Леакадзіяй.

Жыццё Леакадзіі заслугоўвае асобнай кнігі, якая, няма сумневу, з'явіцца ў недалёкай будучыні. Свой аповед і, магчыма, будучую кнігу пра беларускую гераіню я б назваў «N 604 Щ»: яго спадарыня Леакадзія атрымала ў вязніцы і да смерці Сталіна мусіла адгукацца на нумар, а не на імя.

Да скону яна запомніла нумар і пры стрэчы жартам, але і са скрухаю распавядала пра такі перахрост чалавека ў ГУЛАГу.

Калі памёр Сталін, першай станоўчай зменай сталася тое, што было спыненае называнне зняволеных па нумарах — вярнуліся да імёнаў.

Яе здзіўляла пакора і дурнота многіх жанчын у турме, якія плакалі ад навіны пра смерць дыктатара і працягвалі называцца па нумарах. Па вызваленні яна выкінула турэмныя рэчы, у тым ліку робу, бо не хацелася мець перад вачыма сумнага напаміну, але пры гэтым яна пакінула цікавыя ўспаміны і няскрадзены аптымізм, дзякуючы якому і вытрымала ў савецкім пекле. Але ж да скону ёй так і не ўдалося вынішчыць з памяці і цела нумару, нададзенага ёй «савецкай радзімай».

Нумары замест імёнаў цудоўна сведчаць пра сапраўдны характар СССР і цяперашняй Беларусі, якая працягвае трактаваць чалавечае жыццё як уласнасць дзяржавы.

Літва прызнала яе зняволенай і надала заслужанае грамадзянства, беларуская дыяспара прызнала яе гераіняй, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла яе медалём «100 гадоў БНР», і толькі афіцыйная радзіма ніяк не ўганаравала беларуску, якая «за нішто» адседзела восем з паловай гадоў у ГУЛАГу, так і не атрымаўшы пасля ані прабачэння, ані кампенсацыі.

Яшчэ пры жыцці і тым больш цяпер, у смерці, Леакадзія далучылася да кагорты няскораных беларусак, якія складаюць нябачны, але існы пантэон волатаў беларушчыны.

Людвіка Кардзіс, Леакадзія Шышэя і Уладзіслаў Гарбацкі

Цяпер, калі спадарыня Леакадзія сышла, мне застаюцца хіба ўспаміны аб апошняй сустрэчы з ёю — 1 чэрвеня 2022 года. У дзень ейнага нараджэння я заехаў да яе з букетам кветак. Ледзьве трапіў да яе праз закадаваныя дзверы пад'езда, адмовіўся ад кавы, толькі ў парозе каліва пагаварыў з ёю і моцна абняў на развітанне, каб больш ніколі не сустрэцца…

Чытайце таксама:

Памерла Леакадзія Шышэя

Каментары1

  • Andrei
    21.01.2023
    Dumaju shto Larusa Heniush byla by u bel- chyrvona-belyh coliarah…

Цяпер чытаюць

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць14

Работнікі МНС выратавалі на пажары сабаку і ката, а потым зрабілі ім штучнае дыханне

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

14-гадовая Віка адмовіла ў сэксе — і гэта стала прычынай панажоўшчыны, у якой загінулі чацвёра падлеткаў у Байкальску11

На бетонным заводзе ў Гомелі загінуў кіроўца цэментавоза

«Тыдзень у Бразіліі, дзе цябе абрабуюць, або два тыдні ў бяспечнай Беларусі». Па што замежнікі едуць у нашу краіну6

Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі1

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны18

У назвах станцый метро на выхадах з падземкі зніклі некаторыя літары1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць