Меркаванні22

Сяргей Будкін: Цяпер у культуры час ціхіх спраў, і яго трэба правесці з карысцю

Вядомы культурніцкі дзеяч, кіраўнік Беларускай Рады культуры ў інтэрв'ю Budzma.com называе 2022-гі самым цяжкім ад 90-х гадоў для беларускай культуры, але лічыць, што беларусы «абавязаныя трымаць выклік, каб захаваць сябе і краіну».

Сяргей Будкін кажа, што, нягледзячы на цяперашняе існаванне беларускай культуры насуперак, пазітыўная перспектыва ўсё ж ёсць, і тлумачыць, дзе яна.

— Ацэньваю 2022-гі як вельмі цяжкі год. Можа быць, самы цяжкі з усіх за перыяд майго назірання — з канца 90-х. Ён самы цяжкі і ў плане стратаў, і ў плане такога вось існавання культуры насуперак, і ў плане такіх катастрафічных неспадзяванак, як вайна ва Украіне. Мы апынуліся ў зусім іншых умовах у гэтым годзе, і задача захавацца і тым больш нешта развіваць — у тым ліку ў культуры — ускладнілася ў разы. Летась падавалася досыць цяжкай задачай захаваць сферу, развіваць яе, а цяпер гэта яшчэ больш і больш цяжка, больш з’явілася выклікаў для ўсіх нас. Пры гэтым шляху назад, безумоўна, у нас няма. Што казаць, калі гаворка ўжо вядзецца наўпрост пра страту незалежнасці нашай краіны. Але гэта той выклік, які мы абавязаныя трымаць, каб уласна захаваць сябе і сваю краіну. Я вось спрабую глядзець з пункту гледжання пазітыўнай перспектывы.

— Ты бачыш гэтую пазітыўную перспектыву?

— Бачу, безумоўна. Інакш бы не плаціў дагэтуль за паслугі аднаго з беларускіх мабільных аператараў. Па-першае, я не губляю сувязі з краінай, у мяне там сябры, блізкія, родныя людзі, я жыву ў гэтай прасторы, у беларускай прасторы. І не перастаю паўтараць, што на ўсіх беларусаў, зацікаўленых у захаванні сваёй краіны, дзе б яны цяпер фізічна ні знаходзіліся — сам я тры дні таму быў у Тбілісі, потым знаходзіўся ў Варшаве, цяпер вось мы сядзім і размаўляем у Вільні — тэрытарыяльнае знаходжанне абсалютна не павінна ўплываць, калі яны робяць беларускую справу.

— Але ці не баішся, што беларуская культура можа ператварыцца ў такую сабе касмапалітычную плынь па-за Беларуссю, у найлепшым выпадку па знешнім перыметры нашай краіны?

— А тут не трэба ўвогуле ўспрымаць тэрыторыю Беларусі як выпаленую зямлю, дзе нішто не расце. Трэба бачыць нашу агульную культурніцкую прастору — тады становіцца больш зразумела, што можа зрабіць кожны, каб стварыць свой унёсак, каб захаваць беларускасць. Безумоўна, тое, што робіцца па-за Беларуссю як тэрыторыяй, канечне, зараз больш заўважна. Тым не менш, я ведаў, напрыклад, пра спектаклі Аляксея Стрэльнікава ў Беларусі, ведаў і ведаю, што робяць іншыя людзі, якія застаюцца ў Беларусі. Яны проста робяць гэта па-за ўвагай, па-за радарамі, скажам так.

Казаць, што там усе сядзяць у Беларусі склаўшы рукі, безумоўна, проста немагчыма. Проста тое, што робіцца там у культуры, выплыве і стане вядомым, канечне, пазней. Але жыццё культурніцкае не замірае там, нельга так гаварыць.

Ну і плюс там выспявае штосьці. Выспявае ў турмах, унутры саміх людзей, бо нават тое невялічкае каліўца, што да нас даходзіць вось хоць бы ў выглядзе дзіцячай літаратуры з турмы, сведчыць пра тое, што працэс асэнсавання, працэс творчасці, працэс натхнення нават у такіх умовах на стварэнне нечага і адпаведна матывацыі на натхненне іншых людзей — несупынны.

І гэта паказвае, па-першае, наколькі моцныя духам нашы людзі, па-другое, што пераламаць культуру, забіць яе, знішчыць беларускасць немагчыма апрыёры. Нашы ворагі не разумеюць усю нашую ўнутраную моц і сілу, таму і думаюць, што гэта можна закапаць. Але яно прарасце, безумоўна, праз асфальт, бетон, камяні. Я бачу гэтыя невялічкія расткі.

— І што скажаш наконт галоўных падзей у беларускай культуры за гэты год?

— А вось тут буду юліць. Бо скінуў з сябе ролю эксперта, адмовіўся ад складання калісьці любімых мною рэйтынгаў і аддаўся на карысць канкрэтнай менеджарскай арганізатарскай працы ў Беларускай Радзе культуры. Трэба максімальна сканцэнтравацца на сваёй місіі і той зоне адказнасці, якая на мяне навалілася. Але тое, што я бачу жыццё, што бачу ў якасці праектаў, якія да нас прыходзяць, якія мы разглядаем, — дае мне агульнае разуменне таго, што мы жывём, мы дыхаем, мы ствараем.

Другая прычына, чаму я буду юліць у адказе на тваё пытанне, гэта тое, што шмат праектаў я проста не магу назваць, каб найперш не прыцягваць да іх увагу не тых людзей і структур.

Зараз час ціхіх спраў. Час, які трэба правесці з карысцю, як бы цяжка ні жылося зараз. Час для планавання, стратэгавання, мыслення наперад, на крокі наперад за нашых ворагаў, час для мадэлявання будучыні. І гэта можа проста дапамагчы захавацца самім сабе. Зараз вельмі цяжка ўсім: і тым, хто ў турмах, і тым, хто проста ў Беларусі ўздрыгвае ад кожнага скрыпу дзвярэй, гуку ліфта, пад’ехаўшай машыны. Цяжка і тым, хто за мяжой — без краіны, без дому, без нічога.

Бо як бы вольна табе ні было ў тым ці іншым сімпатычным табе і вольным горадзе — ён не твой, тваё месца не тут. Натуральна, мы павінны думаць пра палітвязняў, натуральна, мы павінны думаць, як дапамагаць людзям, якія знаходзяцца непасрэдна ўнутры краіны, але мы не павінны забываць, наколькі цяжка і складана шмат якім беларусам, у тым ліку людзям культуры, за мяжой. Калі яны галадаюць, калі яны не могуць знайсці сябе, калі яны не могуць уключыцца ў гэты культурны асяродак з розных прычынаў — мовы, канкурэнтнасці, псіхалагічнай няўпэўненасці — з гэтым нам таксама патрэбна працаваць і пра гэта казаць.

Таму мае галоўныя вынікі гэтага года будуць асэнсаваныя пазней. Я ўмоўна жыву ў 2025 годзе. Сяджу на сваім лецішчы пад Нясвіжам, разважаю і прамотваю час назад, гляджу, які шлях вяртання быў на гэтае лецішча.

Заклікаю таксама ўсіх не апускаць рукі і захоўвацца. Захоўваць сябе, захоўваць беларускую тэму, справу, беларускасць. Нават проста на прыватным узроўні захоўваць, прысвяціць гэты час вывучэнню мовы, чытанню дзецям казак, спяванню песень, бо нам важна Беларусь з сабой пранесці. Каб тым, хто з’ехаў і не можа зараз патрапіць дамоў, вярнуцца напоўненымі гэтай беларускасцю.

Чаму і важныя ўсе гэтыя песні, танцы, карціны, проста аматарскія творы і культурніцкія справы? Ды таму, што некаторым здаецца, што калі б’юць, калі вайна, калі паўсюль проста адна суцэльная трагедыя — недарэчна нешта там спяваць, маляваць, таньчыць… Але тыя артысты, якія спявалі, напрыклад, у нашым праекце «Артысты перамогі», тыя творцы, якія выстаўлялі на дабрачынныя аўкцыёны нейкія свае рэчы, тыя, хто ствараў, маляваў з салідарнасці ці проста для сябе, бо не мог маўчаць — вось гэта ўсё паказвае, што нам гэта трэба ўсім, што гэта сапраўдная падзея года.

Усё важна. Усё, што працуе на захаванне, на распаўсюд беларускасці, на асэнсаванне беларускасці.

— Усё важна, нават на ўзроўні ціхага сямейнага кола, — гэта маеш на ўвазе?

— Ведаеш, зараз шмат вакол нас людзей, якія адкрылі для сябе Беларусь толькі ў 2020-м, 2021-м годзе, пры тым, што нарадзіліся ў ёй і жылі там усё жыццё.

Але калі ты яе адкрыў для сябе, то можаш адкрыць Беларусь і для іншых. Гэта важна рабіць, бо без гэтага няма будучыні. Гэта для мяне банальна гучыць, што выхоўваць дзяцей трэба на прынцыпах беларускасці, але я бачу, што для некаторых гэта не вельмі відавочна.

Людзі пра гэта не задумваліся, бо існавалі ў нейкіх камфортных умовах і думаць пра ролю культуры, думаць наконт распаўсюду беларускай мовы як бы не было часу. Але ж усё пачынаецца з сям’і, пачынаецца з любові і павагі да бацькоў, родных, а потым мусіць культывавацца і любоў да сваёй зямлі, культуры, мовы. І тады ў будучыні не здарыцца той бяды, якая здарылася з беларусамі ў 1937-м, 2020-м і працягвае пакуль адбывацца.

Каментары2

  • дзед-барадзед
    28.12.2022
    Самы час, каб культура пачала выхоўваць беларасейцаў БЕЛАРУСАМІ, і дрэнна, што культура не заўважае шанцаў для сябе!
    Дрэнна і сумна!
  • Сумны
    28.12.2022
    Я ўжо зразумеў і прыняў, што бессэнсоўна заклікаць да людзей і казаць ім відавочнае. Людзі павінны займацца нашай роднай беларускай культурай, але ў асноўным яны не жадаюць, нажаль. Не жадаюць развіваць, не жадаюць ствараць, не жадаюць спажываць, не жадаюць падтрымліваць. Сотні тысяч беларусаў жывуць за мяжой многія гады і ніхто ім не забараняе пісаць вершы, маляваць любыя творы ў любой галіне мастацтва, рабіць любыя элементы адзення, кіно, публіцыстыкі і тысяч іншых напрамкаў на мове. Я вось раблю часам беларускую справу, ды бачу, што няшмат хто стварае ды альбо спажывае нават добрыя па якасці рэчы. Магло б быть нашмат больш людзей. Але ж. Людзі пакалечаныя дзесяцігоддзямі акупацыі. Яны не жадаюць. Яны жадаюць Швейцарыю ў хляве, каб хлеў сам стаў Швейцарыяй і ўсё стварылася само. Працаваць самому дзеля гэтага - не. Клапатлівая справа. Спадзяюся толькі, што добрасумленныя адзінкі прачнуцца і пачнуць таксама ствараць для беларускай культуры а не стаяць убаку назіральнікамі, і што дзякуючы гэтаму хаця б праз некалькі пакаленняў многія беларусы перастануць быць манкуртамі і пачнуць шанаваць сваю родную мову, культуру і з усёй любоўю развіваць яе самастойна, і спажываць сваю культуру па клічы сэрца

Цяпер чытаюць

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара11

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Усе навіны →
Усе навіны

«Петэн Нацыянальнага Адраджэння». Баркоўскі адказаў Пазняку ад імя «псеўдаапазіцыі»102

Былога міліцыянера, які вярнуўся з Кеніі і вёў блог пра Афрыку, асудзілі за «распальванне варожасці»1

Выпускніца, якая набрала 400 балаў па ЦТ у 2021-м, пераехала ў Расію і нахвальвае Маскву22

З'явілася новае ВІДЭА спецаперацыі СБУ «Павуцінне»: з камеры, замацаванай на самім дроне1

«Мы зноў сутыкаемся з маніпуляцыямі». Украінцы адказалі на расійскія абвінавачванні ў зацягванні абмену целамі і палоннымі

Беларуская блогерка крыкам і лаянкай рэкламуе брэнды — затое збірае мільёны праглядаў10

Расіяне вязуць у Беларусь тысячы целаў забітых вайскоўцаў для абмену3

На полі пад Барысавам заўважылі пад сотню буслоў ВІДЭА3

Астравецкі раён абышоў Мінск па заробках

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара11

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць