Грамадства

«Маці 75 год, вакцынавалася, лёгка перанесла, а я не паспеў». Беларусы, што цяпер лечацца ад «кароны», пра сітуацыю ў бальніцах

Колькасць наноў захварэлых на каранавірус рэкордная нават па афіцыйных даных. Усё больш і больш медыцынскіх устаноў становяцца «кавіднымі». А што кажуць пацыенты? Пагаварылі з тымі, хто трапіў у бальніцу, — пра лячэнне, умовы ў палаце і колькасць вакцынаваных навокал.

«Выпіваю тры літры вады, яшчэ два літры раствору ўліваюць праз кропельніцу»

З каранавірусам у 1-й сталічнай бальніцы тыдзень ляжыць Анатоль Шумчанка, старшыня аб’яднання «Перспектыва». У яго захварэла ўся сям’я.

Пакуль прадпрымальнік быў дома, кажа, сур’ёзнага лячэння не прапісалі.

«Аспірын, вітамін С, Д, цынк, шмат вады. І маліцца… У мяне першыя чатыры дні тэмпература збівалася, пасля не».

Анатоль выклікаў хуткую. Шпіталізавалі яго з пнеўманіяй і 25% паражэння лёгкіх. 

«Усё, што могуць зрабіць дактары — паставіць кропельніцы раствору, каб разбавіць кавідную кроў, зрабіць укол гепарыну ў жывот супраць трамбозу, збіць тэмпературу, калі магчыма, даць кісларод і падняць сатурацыю,

 — апісвае прадпрымальнік бальнічныя працэдуры. — Усё астатняе залежыць ад вашага арганізму.

У дзень выпіваю тры літры вады, плюс раствору кропельніцы ўліваць 2,4 літра. Піць трэба шмат. Туалет — мой другі дом (усміхаецца).

Каварны кавід інтэлектуальны і можа падладжвацца пад жарапаніжальныя. Першы раз тэмпературу саб’еш — а пасля лекі не дзейнічаюць. У мяне ў адзін з дзён традыцыйная трайчатка і парацэтамол у кропельцы не спрацавалі. Да вечара тэмпература паднялася да 39,1. Давялося калоць гармон».

Шумчанка заўважае, што ад пастаянных кропельніц бачныя вены ў яго засталіся толькі на кісці.

Сняданак (злева) і вячэра ў бальніцы

Нядаўна Анатоль адчуў сябе горш.

«Сатурацыя нізкая — 88-90, пад кіслародам — 98. Тэмпературы пакуль няма, але аналізы на піку запалення. Кругласуткава пад маскай».

У палаце з ім ёсць вакцынаваны мужчына. Рабіў прышчэпку «Спутнікам», але кавід пераносіць складана — дыхавіца, хадзіць цяжка, паражэнне лёгкіх. Магчыма, справа ў новым штаме віруса.

«Палаты боксавага тыпу са сваім душам і туалетам»

Настасся з пятніцы лечыцца ў мінскай інфекцыйнай бальніцы.

«Захварэла я 6 верасня, 11-га паднялася тэмпература 38-39 градусаў і тыдзень трымалася — збівалася толькі на пару гадзін. Быў невыносны галаўны боль і моцны кашаль з макротай, пахаў я не адчувала.

17 верасня пасля прыёму жарапаніжальнага тэмпература пачала не падаць, а расці — пры 39,5 мне стала вельмі дрэнна. Я пабаялася, што можа быць пнеўманія, і выклікала хуткую. Прыехалі праз паўтары гадзіны і адвезлі ў бальніцу», — расказвае дзяўчына.

Так выглядае бальнічны сняданак…
…а так — абед.

Праз некалькі дзён пасля шпіталізацыі ёй зрабілі рэнтген — на здымку лёгкія былі чыстыя.

Палаты ў бальніцы боксавага тыпу, невялікія, разлічаныя на аднаго-двух чалавек. Ёсць свой душ і туалет. «Вельмі прыстойная палата», — заўважае Настасся.

Душ у палаце

Лячэнне, па яе словах, ва ўсіх амаль аднолькавае.

«Абавязкова піць два літры вады на дзень. Даюць прэпараты, каб макрота ў горле адыходзіла, для разрэджвання крыві. Таксама робім паласканне носу салявым растворам — дзякуючы яму пахі вяртаюцца.

Як кажуць дактары, усе месцы заняты. Ляжаць і дарослыя, і дзеці. З палаты выходзіць нельга, але калі гляджу з акна ў іншыя карпусы, візуальна палаты запоўненыя».

Настасся кавідам дагэтуль не хварэла і прышчэпку не рабіла.

«Маці з кітайскай вакцынай лёгка вірус перанесла, а я не прышчапіўся»

Два тыдні таму ў бальніцу трапіў Аляксандр. Ён лечыцца ў «дзясятцы» ў Мінску. Спачатку мужчына хадзіў здаць мазок у паліклініку. На наступны дзень, калі каранавірус пацвердзіўся, выклікаў хуткую — тэмпература не спадала, пахі зніклі, моцна балела ў грудзях.

«Тады крыху прасцей сітуацыя была, таму за мной хутка прыехалі. Адвезлі ў бальніцу і паклалі недзе праз гадзіну».

Умовамі ў аддзяленні Аляксандр здзіўлены: не думаў, што так добра.

«Тут рамонт некалькі год таму быў. Я ляжу ў эндакрыналогіі — у мяне проста спадарожнае захворванне, цукроўка. Палата на шэсць чалавек, цяпер нас чацвёра. Але кажуць, бальніцы забіта. Тут хірургічнае і афтальмалагічнае аддзяленні закрылі пад каранавірус.

З палаты ў масцы можна выходзіць, але пакідаць аддзяленне нельга. Душ ёсць на паверсе. Ежу прывозяць з 11-й бальніцы, бо тут на рамонце сталовая». 

А вось батарэі пакуль не грэюць, у палаце халаднавата.

Кавідам 45-гадовы Аляксандр захварэў упершыню. Апроч вірусу ў яго бактэрыяльная інфекцыя — ацёк лёгкіх (ці двухбаковая пнеўманія). 

«Доктар аператыўна рэагуе. Аналізы глядзіць, калі што — на наступны дзень мяняе падыход. Мне даюць антыбіётыкі, кропельніцы ставяць — фізраствор, глюкозу (бывала па тры літры ў суткі ўлівалі).

Гармон калолі, які вірус блакуе. Прымаю таксама таблеткі для ачысткі печані, вітамін Д. Лекі колюць для разрэджвання крыві. І ваду п’ем пастаянна — каля трох літраў на дзень. Я дома не змог бы такі рэжым вытрымаць», — дзеліцца мужчына.

У палаце з ім усе невакцынаваныя. Сам ён прышчэпку не паспеў зрабіць

«Усё чакаў імпартную — «Мадэрну», «Пфайзер». Але не дачакаўся. Буду напэўна, кітайскую, рабіць. Бо маці са мной жа заразілася, яна вакцынаваная кітайскай, — дзён пяць пахварэла, лёгка перанесла і ўжо на працу выйшла. Маці 75 год.

Але з персаналу ёсць тыя, хто прышчэплены «Спутнікам» і ў бальніцы ляжыць. Яны ж у вірусе працуюць пастаянна, можа таму так».

Адзін з суседаў Аляксандра ляжаў у палаце 17 дзён, сёння выпісваюць. Сам мужчына, верагодна, прабудзе ў бальніцы да канца тыдня.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро8

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро

Усе навіны →
Усе навіны

«Русафобы кончаныя, вам не сорамна?» Беларускі брэнд хацеў прадаць расіянам у эміграцыі антываенныя футболкі — і вось што атрымалася56

Прызналі «экстрэмісцкім» стары фільм «Жыве Беларусь!»1

Гэтая фіялетавая гародніна скарае свет, але стала дэфіцытнай3

«Яна была спартыўнай дзяўчынай». Што вядома пра загінулую пасажырку дэльтаплана, які ўпаў пад Мінскам5

Каб залагодзіць Трампа, ПАР прызначыла паслом у ЗША палітыка, які ўваходзіў ва ўрад яшчэ ў часы апартэіду

Лукашэнка падпісаў закон, якім уводзіцца адказнасць за «прапаганду» бяздзетнасці і гомасэксуалізму11

У Малдове вынеслі прысуд былому высокаму спецслужбісту за перадачу сакрэтных звестак беларускаму КДБ

У Навагрудку разбураюць кляштар навагрудскіх мучаніц, якія ахвяравалі сваімі жыццямі за мясцовых жыхароў7

Археолагі вызначылі дакладны ўзрост некропаля, знойдзенага ў Гродне падчас будоўлі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро8

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць