Грамадства

«Людзей дагэтуль працягваюць катаваць». Журналістка Кацярына Карпіцкая расказала пра свой месяц на Акрэсціна

Журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая на месяц трапіла на Акрэсціна. За месяц там яна паспела падхапіць некалькі хвароб, а таксама пабачыла, як палітзняволеных у ізалятары працягваюць катаваць. Вось што яна піша:

«Як я трапіла ў ЦІП — гісторыя на асобны пост, а ў гэтым я проста хацела б нагадаць, што разам з палітзняволенымі па крыміналцы нашых працягваюць катаваць на Акрэсціна. 30 сутак там у сённяшніх умовах мне хапіла, каб выйсці з букетам новых хвароб — ад фарынгатрахеіту да цыстыту і кароны (дарэчы, менавіта прышчэпка дапамагла перанесці апошнюю досыць лёгка ў параўнанні з маімі сукамерніцамі). А людзі сядзяць там па 60 сутак і больш, у залежнасці ад таго, колькі пратаколаў ім захочуць накінуць.

Сядзяць у антысанітарыі — іх ніколі не водзяць у душ і не выдаюць нават шчотак з асабістых рэчаў. Туалетную паперу часам прыходзілася выбіваць па сантыметры.

Сядзяць месяцамі без шпацыраў (паветра ў камеру №15 магло паступаць да нас толькі з калідора праз «кармушку», але яе спецыяльна ўвесь час зачынялі).

Сядзяць без матрацаў (падушкай нам служыў спляснелы хлеб, а на голай падлозе ці шконцы спаць было б яшчэ магчыма, але ночы даўно дзіка халодныя — нават абдымаючы адна адну і заціскаючы паміж ног бутэльку з гарачай вадой мы не маглі супакоіць дрыжыкі. Ночы ператвараліся ў цыкл фізічных практыкаванняў — прысядаць, паадціскацца, пастаяць у планцы — неяк пагрэцца і заснуць).

Сядзяць без сноў (у два і чатыры ночы нас падымалі на пераклічкі; пра тое, што там суткамі гарыць яркае штучнае асвятленне, і нагадваць не трэба).

Сядзяць без перадач (многіх жанчын забіралі з працы ці лецішч у спадніцах, сукенках, і яны так і ляжалі начамі на халоднай падлозе, пакуль нехта з тых, хто выходзіў на волю, не здымаў з сябе байку ці трусы-шкарпэткі. Шчоткай, якая ў спадчыну дасталася мне, карысталася яшчэ чалавек пяць да гэтага, здаецца. А ў майцы хадзіла сама маці «Хлопотного дельца»).

Сядзяць на палову галодныя (за месяц харчавання я мусіла заплаціць больш 400 рублёў (каля 150 еўра), і за гэтыя грошы на абед атрымлівала пусты суп — вадкасць з парай бульбін і лупінай ад яе, спляснелы хлеб і два кубкі гарбаты ці кісель, якія запаўнялі толькі палову кубка. Як мясцовых порцый хапае нашым хлопцам, я не ўяўляю).

Сядзяць без адэкватнай медыцынскай дапамогі (у пікавы момант у двухмеснай камеры №15 утрымлівалася 20 жанчын — у холадзе і духаце ўсе хутка пачыналі хварэць. Усіх атакоўваў каранавірус, які, як і іншыя хваробы, лечыцца там з большага парацэтамолам. Без магчымасці рухацца ў хаце 3 на 4 метры, з дрэнным харчаваннем усе рэзка пераставалі хадзіць у туалет. Ужо прабачце за падрабязнасці, але за 30 сутак я змагла зрабіць гэта толькі тры разы).

Сядзяць як паддоследныя. Мне нават неяк не па сабе расказваць, як дарослыя цёткі і дзядзькі з ЦІП кайфуюць, назіраючы ў вочкі і камеры за тым, як мы будзем змагацца з новым прыдуманым выпрабаваннем. Спачатку да вас падсяляюць Алу Ільінішну і Марынку з вошамі, чакаючы, што ў вас пачнецца істэрыка. Але мы знаходзім з імі агульную мову, і праз некалькі дзён «істэрыка» здараецца ў дзяжурных, якія ўсё ж вядуць так званых маргіналаў з нашых камер на «пражарку», бо сітуацыя блізкая да эпідэміі педыкулёзу. Супрацоўнікі вельмі перажываюць за стан сваёй формы — яны вымушаныя два разы на суткі праводзіць шмон у нашых камерах і прашчупваць нас, а так лёгка падчапіць як мінімум адзежных насякомых.

Пасля да вас падсяляюць новую Марыну — у яе расстройства кішэчніка, яна ўся ў гаўне, а яшчэ ў язвах, якія сцякаюць крывёю, у грыбку. А яшчэ ў яе жорсткі абстынентны сіндром. Супрацоўнікі ЦІП назіраюць і чакаюць, што мы сарвемся. Але мы проста бяром і пачынам мыць Марынку над дзіркай у падлозе і выбіваем у медсупрацоўніка зялёнку, каб апрацаваць яе раны. Нам забараняюць сядзець і спаць, абражаюць, але мы працягваем жартаваць і з камер чуецца смех — усё гэта вельмі раздражняе супрацоўнікаў ЦІП.

Мне ёсць яшчэ што згадаць, але больш падрабязна я апішу ўсе катаванні і прамыя злачынствы ў дачыненні да беларусаў у скаргах у дзяржустановы (хоць яны пасля і скажуць, што дадзеныя факты не пацвердзіліся, Азаронку ж у нас падабалася). Але пакуль проста коратка нагадаю, за што ў Беларусі так здзекваюцца з людзей у статусе правапарушальнікаў:

  • Была на вуліцы ў чырвонай сукенцы з белай накідкай.
  • Прыйшла падтрымаць тату Марыі Калеснікавай на суд (у пратаколе напісалі «хацела вызваліць Марыю Калеснікаву»).
  • Прынесла кветку да месца забойства Тарайкоўскага.
  • Пераслала мужу ў асабістыя навіны з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.
  • Зняла на відэа дваровы марш у Лошыцы.
  • Сказала вайскоўцу «Наша возьме».
  • Чытала ў электрычцы кніжкі беларускіх пісьменнікаў.
  • Была непажаданай новаму кіраўніцтву Акадэміі кіравання.
  • Перапісвалася ў чаце Лебядзінага з суседзямі.
  • Вярнулася з Францыі, дзе выйшла замуж за француза.
  • Працавала ў «Корпусе», а калі туды прыехаў ГУБАЗІК, «аказала» ім непадпарадкаванне (насамрэч, вядома, не).
  • Айцішніца, якая можа ведаць кіберпартызанаў…»

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння17

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння

Усе навіны →
Усе навіны

Мядзведзеў прыгразіў ЗША вайной пасля таго, як Трамп скараціў тэрмін ультыматуму Пуціну7

Гомельскія міліцыянеры выпадкова дадалі «экстрэміста» ў свой унутраны чат — што ён там убачыў5

Чаму здараюцца трагедыі з былымі беларускімі ваярамі ў мірным жыцці? Пра самагубства добраахвотніка ў Гданьску і не толькі8

Ратавальнікі цэлы вечар шукалі рыбака-тапельца ў Мядзельскім раёне. На наступны дзень ён вярнуўся па лодку

У элітным квартале ў цэнтры Мінска прапанавалі яшчэ партыю кватэр. Цана квадрата ўражвае5

Паспяховы шэф-кухар з Індыі адкрыў рэстаран на Камароўцы1

Мінабароны прызнала падзенне беспілотніка на Мінск9

Мінская дызайнерка: Размаўляць па-беларуску, не спытаўшы суразмоўцу, ці зручна яму, — свінства88

У Амурскай вобласці Расіі дзяўчына выпадкова выкінула $75 тысяч. Увішныя суседзі знайшлі на сметніку: частку прапілі, на рэшту купілі дом1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння17

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць