ЗША адмовіліся вывесці войскі з Ірака, нягледзячы на рашэнне парламента краіны
ЗША адмовіліся вывесці войскі з Ірака, нягледзячы на рашэнне парламента Ірака пра вывад замежных войскаў з тэрыторыі краіны.
Пра гэта паведамляе агенцтва Ройтэрз, цытуючы адказ Дзярждэпартамента ЗША на адпаведную просьбу прэм'ер-міністра Ірака Адэла Абдула Махдзі.
Махдзі ў чацвер тэлефанаваў дзяржаўнаму сакратару ЗША Майку Пампеа, каб прасіць яго аб вывадзе амерыканскага кантынгенту.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША паведаміў, што амерыканскі бок не будзе абмяркоўваць вываду войскаў, бо іх знаходжанне там «дарэчнае».
Ірак апынуўся арэнай проціборства ЗША і Ірана, у той час як сама краіна пасля амерыканскай акупацыі пазбаўленая дзейсных сілавых структур, якія маглі б супрацьстаяць замежным сілам.
На сёння ў Іраку дзейнічаюць не толькі амерыканскія вайскоўцы (іх каля 5000), але і кантынгенты іншых краін НАТА. Раней іх знаходжанне там апраўдвалася працягам змагання супраць так званай «Ісламскай дзяржавы».
На мінулым тыдні на тэрыторыі Ірака ЗША забіла высокапастаўленага іранскага камандзіра Сулеймані, пасля чаго Іран нанёс ракетны ўдар па амерыканскіх вайсковых базах. Амерыканцы не здолелі збіць гэтыя ракеты, бо не маюць на тэрыторыі Ірака эфектыўных сродкаў супрацьпаветранай абароны. Але наяўнасць разведдадзеных пра будучы ўдар дазволіла амерыканскім вайскоўцам своечасова перамясціцца ў сховішчы, у выніку чаго ахвяр сярод іх няма.
Каментары