Паўстагоддзя разам — і развод. З-за чаго распадаюцца самыя доўгія шлюбы ў Беларусі
У Гомельскай вобласці ў 2025 годзе зарэгістравана адразу некалькі выпадкаў разводаў пасля дзесяцігоддзяў сумеснага жыцця. У ЗАГСах рэгіёна скасоўваліся саюзы, якія доўжыліся паўстагоддзя і нават больш, піша Onliner.

Самы працяглы шлюб распаўся ў Цэнтральным раёне Гомеля.
Муж і жонка пражылі разам 51 год, 4 месяцы і 28 дзён. Як паведамілі ў ЗАГСе, адносіны фактычна завяршыліся задоўга да афіцыйнага разводу: пара шмат гадоў жыла паасобку, а муж уладкаваў асабістае жыццё з іншай жанчынай. Працэдура расстання прайшла спакойна: дзеці былі ўжо дарослыя, маёмасць падзялілі мірна.
Больш драматычная гісторыя адбылася ў Мазыры, дзе сужэнцы скасавалі шлюб праз 50 гадоў, 8 месяцаў і 5 дзён. Па словах супрацоўнікаў ЗАГСа, апошнія 20 гадоў у сям'і панавала «халодная вайна». Муж і жонка амаль не кантактавалі, назапасіўшы ўзаемныя крыўды. У выніку мужчына падаў на развод, патлумачыўшы сваё рашэнне не толькі нежаданнем працягваць сумеснае жыццё, але і страхам быць пахаваным побач з былой жонкай: ён папрасіў дзяцей «не класці іх разам».
У Рагачове распаўся шлюб працягласцю 49 гадоў, 9 месяцаў і 10 дзён. Да залатога вяселля заставалася паўтара месяца. Нягледзячы на расставанне, сужэнцы захавалі цёплыя адносіны і працягваюць кантактаваць як добрыя знаёмыя.
У гэтым годзе ў Гомельскай вобласці зарэгістраваны і іншыя разводы працяглых саюзаў:
— у Навабеліцкім раёне — 47 гадоў, 6 месяцаў і 16 дзён,
— у Савецкім раёне Гомеля — 47 гадоў і 9 дзён,
— у Добрушы — 44 гады, 8 месяцаў і 29 дзён,
— у Мазыры — 43 гады, 8 месяцаў і 22 дні,
— у Чачэрску — 42 гады і 28 дзён.
Каментары