Каханне і сэкс2525

Манцёр ліній высокага напружання з Пружан расказаў пра пазітыўны вынік пяці гадоў без сэксу

Ранні шлюб, развод, няўдалыя спробы адносін — няшчасці на любоўным фронце прымусілі манцёра ліній высокага напружання Алега з Пружан задумацца: а можа, рэч у мне? Так ён адрокся ад сэксу і заняўся самаразвіццём і тэрапіяй. Што з гэтага выйшла, ён расказаў «Нашай Ніве».

Алег, фота з асабістага архіва героя.

Алег нарадзіўся ў Пружанах, працаваў інжынерам-канструктарам. Першы шлюб у мужчыны здарыўся амаль гэтак жа хутка, як і надышоў дзень разбягання з жонкай у розныя бакі.

«Мы пазнаёміліся на вяселлі ў сябра, яна была сястрой нявесты. І недзе праз месяц ажаніліся. Ёй было 18, мне — 20. Яна — каралева драмы, а ён — нарцыс. Мазгі ў галаве адсутнічалі папросту», — дадае кантэксту хлопец.

Пара разбеглася праз дзевяць месяцаў шлюбу, і хоць яшчэ пару год не разводзілася, ніякіх узаемаадносін не мела. У жыцці Алега пачалася чарада няўдалых спроб пабудаваць новыя адносіны. Так цягнулася да 2020 года.

«У пэўны момант я зразумеў, што проста нешта не туды іду. Увогуле па жыцці — мне яно не падабалася. Здавалася, калі нешта не пачаць мяняць, то мне адна дарога — на могілкі. Тады я спачатку кінуў паліць, потым піць. У мяне пачалася ўнутраная пераробка, і тут было не да сэксу — было чым заняцца, — расказвае Алег.

«Я асэнсаваў, што раней быў сапраўдным мудаком у стасунках. Мне адна знаёмая расказала пра сваіх былых: адзін грошы выпрошваў, другі на эмацыйных арэлях гайдаў, трэці яшчэ нешта. А я пабываў кожным з іх. Таму для сябе вырашыў узяць паўзу, каб разабрацца са сваімі праблемамі».

Два гады Алег працаваў над сабой самастойна, потым пайшоў у тэрапію. Патрэба ў фізічнай блізкасці была, але выратоўвалі індывідуальныя практыкі.

«Выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў», — жартуе суразмоўца.

«Былі, канечне, аказіянальныя спробы дзесьці на імпрэзах пачаць камунікацыю з дзяўчынамі, але ў мяне не было жадання ўкладваць у гэта рэсурсы. Праз тры гады ўстрымання я зразумеў, што сэкс для мяне не галоўнае. І што я не шукаю стасункаў дзеля сэксу, я шукаю здаровыя, адэкватныя стасункі. А ў такіх і сэкс прысутнічае па змоўчванні».

Алег прызнаецца, што выявіў для сябе, што вакол шмат прыгожых жанчын і нармальных мужчын таксама жывуць без сэксу і стасункаў.

«І яны нармальна сябе адчуваюць. Усе такія вакол: «А што ж ты такая прыгожая і без мужыка?» А яно, можа, не вартае таго. Бо калі вакол такія, у якіх у галаве перакаці-поле, то навошта такі мужык? Гэтак жа працуе ў і адваротны бок».

Мужчына эміграваў з Беларусі па палітычных прычынах у 2023 годзе. Яго маці затрымлівалі, і тая перабралася разам з іншым сынам у Польшчу яшчэ на год раней.

Першы час Алег уладкоўваўся на новым месцы. Працаваць працягнуў па інжынернай спецыяльнасці, але сядзенне ў офісе хутка надакучыла, таму ён змяніў прафесію на манцёра на лініях высокага напружання. А ў 2025 годзе адчуў і псіхалагічныя ўнутраныя перамены.

«Можна сказаць, што я нарэшце прапрацаваў старыя траўмы. Адбылася глабальная ўнутраная перабудова, усё расклалася па палічках. Я цяпер спакайнейшы ў разы на кантрасце з сабой з мінулага. Ну і, скажам так, у мяне ёсць перакананасць у тым, што мне патрабуецца ад адносін. Я сфармуляваў гэта ў трох словах: эмпатыя, падтрымка і павага. Я шукаю для сябе жанчыну-партнёрку, і дакладна разумею, як гэта павінна выглядаць».

Праўда, аказалася, што пастаўленая задача — не з лёгкіх.

«Так званыя эксперты ў стасунках з інтэрнэту адразу казалі мне, што мае фармулёўкі пра адносіны — гэта стандартны набор сябра.

Ці вось яшчэ такі нюанс: праз тое, што я ўвесь час у камандзіроўках — 20‑25 дзён на месяц езджу па Польшчы, я не здымаю сабе асобную кватэру, а на выходных жыву з маці і братам. І калі кажаш дзяўчынам пра гэта, яны ўжо не даслухваюць прычыну, адразу такія: «Ой усё, давай да пабачэння». Я для іх мамчын сыночак».

Для пошукаў патэнцыяльнай партнёркі Алег карыстаецца «Ціндарам», «Баду», а таксама ў выходныя адпраўляецца на паляванне па кавярнях і барах.

«За паўтара месяцы ў дадатках знаёмстваў я схадзіў на спатканні нуль разоў», — прызнаецца суразмоўца і адзначае, што яму бліжэй жывая камунікацыя.

Менавіта перыядычнае наведванне аднаго бара прынесла яму першы за пяць год сэкс з дзяўчынай, якая таксама завітвала за тую ж стойку.

«Мы адразу дамовіліся, што гэта разавая акцыя, без абавязкаў. Атрымалася якасна, не было так, што нехта аблажаўся ці нешта такое. За пяць год адсутнасці сэксу ў яго працэсе для мяне нічога не змянілася. Усё было па-старому — як ад пачатку чалавецтва, — дзеліцца ўражаннямі пасля перарыву Алег і дадае: — Нехта можа пачаць асуджаць зараз: ага, шукае стасункаў, а тут сэкс на адну ноч». Але ж я чалавек, чаму не?»

Тым больш, кажа мужчына, ён асэнсоўвае, што знайсці жанчыну мары ён хутка не здолее.

«Каб была такая, якая, як і я, таксама хацела б эмпатыі, павагі і падтрымкі (а ў ідэале яшчэ рудая і не плюс-сайз — тут проста прабачце, не маё) — гэта амаль як знайсці аднарога».

Каб наблізіць чаканы момант, Алег зноў вярнуўся ў тэрапію, дзе далей прапрацоўвае навыкі.

Каментары25

  • Намасце
    22.11.2025
    Манцёрам на лініях высокага напружання лягчэй абыходзіцца без сэксу, чым звычайным мужчынкам :)
  • Жора
    22.11.2025
    Няхай паставіць сабе Hinge, бо там доўгатэрміновыя стасункі шукаюць, а не як у Tinder.
  • Манцёр
    22.11.2025
    Прабач, можна ўдакладніць: ты і не мастурбаваў пяць гадоў?

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў23

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

24‑гадовага хлопца з Асіповічаў, які хацеў увайсці ў IT, асудзілі па палітычным артыкуле, хоць ён нічога не зрабіў11

Расія закрые культурныя цэнтры нямецкага Інстытута Гётэ1

Сайман Шустэр: Гэта яна. Зяленскі афіцыйна запусціў аперацыю M&Ms, каб паралізаваць маскоўскія аэрапорты21

Заўтра ў Беларусі магчымы тарнада

Статкевіч заклікаў «глыбокапаважаную Нашу Ніву» не выкарыстоўваць слова «лабуда», а Ціханоўскага — не наракаць на СМІ36

Букмекеры абнавілі спіс фаварытаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры1

У Магілёве адкрылі шыльду губернатару Дэмбавецкаму. Дату смерці яму напісалі на гады ранейшую за спробу ўцячы з Савецкай Расіі9

«Мы яе называем «фюрар Урсула». Лаўроў абразіў кіраўніцу ЕК11

Кітай будуе «Залатое кальцо» даўжынёй дзве траціны экватара2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў23

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць