Меркаванні101101

Сідарэвіч: Выказванне Алексіевіч было падказанае гістарычнай памяццю

Прачытаў адкрыты ліст мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Святлане Алексіевіч. Спаткнуўся на адным выказванні.

Мітрапаліт Тадэвуш сцвярджае, што ў Беларусі «гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны».

Калі гэта — «гістарычна»? З якога часу? З часоў Рэчы Паспалітай? З царскага часу? Ці з міжваеннага ў Заходняй Беларусі? Дык можна доўга пісаць, як у часы Рэчы Паспалітай нядобра жылося праваслаўным. Як рыма-каталікі бралі за горла ўніятаў (па-цяперашняму — грэка-каталікоў), як іх лацінізавалі. Як абыходзіліся з тымі ж уніятамі за царом, хай раскажа хто іншы. Не вельмі ўтульна пачуваліся за царом і рыма-каталікі. А за «польскім часам» — гэта парадаксальна, але факт — сама горш было беларускім каталікам. Хлопцам-беларусам была зачыненая дарога ў духоўныя семінарыі. Святароў-беларусаў (як, прыкладам, Ільдэфонса Бобіча, ён жа Пётра Просты) змусілі маўчаць. Тых, хто не маўчаў, маглі кінуць і ў турму, як айца Вінцэнта Гадлеўскага, ці запраторыць у Харбін, як айцоў Андрэя Цікоту ці Язэпа Германовіча, выслаць з Вільні ў Слонім — як святара Адама Станкевіча. Ці трэба казаць пасля гэтага, як жылося ў каталіцкай дзяржаве пад хадэкамі, эндэкамі і пілсудчыкамі праваслаўным беларусам? Або баптыстам і пяцідзясятнікам.

Грэх не нагадаць, як у часы Рэчы Паспалітай, за царом і ў міжваеннай Польшчы ставіліся да іўдзеяў. За царом на звярыны антысемітызм хварэлі не толькі праваслаўныя, але і іх каталіцкія браты-хрысціяне. Пра антысемітызм у міжваеннай Польшчы, дзе каталіцызм быў дзяржаўнай рэлігіяй, асабліва пра антысемітызм у час станаўлення Польскай Рэспублікі можна апавядаць са спасылкамі на крыніцы вельмі доўга. Разбой, рабункі, фізічныя расправы, забойствы — вось што зведалі габрэі ад польскіх і апалячаных каталікоў. Хто стварыў гета ва ўніверсітэце імя Сцяпана Батуры ў Вільні, хто змусіў студэнтаў-габрэяў сядзець на асобных лаўках, наводдаль ад хрысціян? Якую веру вызнаваў той рэктар? Калі не памыляюся, ён быў ксяндзом.

Мо Святлана Алексіевіч не зусім дакладна выказалася, але я ўпэўнены, што выказацца так ёй падказала генетычная ці то гістарычная памяць. Тут варта нагадаць, што лёс Алексіевіч пэўным чынам звязаны і з Заходняй Украінай. Няўжо мітрапаліт Кандрусевіч не ведае, як палякі (а яны ж, пэўна, усе ці амаль усе рыма-каталікі) у міжваенны час учынялі «пацыфікацыі» ва Усходняй Галіччыне? Сярод ахвяраў тых «пацыфікацыяў» былі і грэка-каталіцкія святары. Такое не забываецца.

Не думаю, што добрыя міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны склаліся ў сучаснай Беларусі. Так, было б дзікунствам рабіць цяпер тое, што рабілі ўлады і цэрквы за часамі Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі ці Польскай Рэспублікі. Ёсць такое паняцце — прымус да міру. Сам дух часу прымушае рэлігійныя аб’яднанні жыць мірна. Але добрымі адносіны не назавеш. Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату мае ў Беларусі манаполію на праваслаўе. І гэтае яе манапольнае становішча падтрымлівае дзяржава. Заснаванне парафіяў іншых праваслаўных юрысдыкцый у Беларусі цяпер немагчымае. А ці магчымае ў Беларусі заснаванне парафіяў, напрыклад, лефеўрыстаў? (Для недасведчаных: лефеўрысты — гэта каталікі, якія не прызнаюць рашэнні ІІ Ватыканскага Сабору)

Скажыце, а паганцы (язычнікі), паклоннікі Сонца і Агню, Перуна і Мокашы маюць права на існаванне, маюць права будаваць свае свяцілішчы і кумірні? Шчыра скажыце, панове праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, іўдзейскія і мусульманскія святары і пастары.

Каментары101

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне63

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне

Усе навіны →
Усе навіны

Паплечнік Петэра Мадзьяра, відэа з палымяным танцам якога скарыла сацсеткі, паўтарыў яго і на інаўгурацыі ВІДЭА1

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»28

Беларускую манету прадаюць за $5500. Што за яна?

Тры дні таму на ўчастку паміж Мінскам і Баранавічамі сур'ёзна затрымліваліся цягнікі. Стала вядома чаму

У Жлобіне з даху дзевяціпавярховіка на краму абрынулася частка бетоннага парапета

Дождж дапамог стабілізаваць сітуацыю з пажарамі на мяжы Украіны і Беларусі

У Анголе знайшлі парэшткі паўтысячы чалавек. Гэта ахвяры палітычных рэпрэсій3

Як абараніцца ад мошак? Ці дапамагае ваніль?

Расіі напрыканцы мая спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён без украінскіх атак2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне63

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць