Тэатр11

Пяць тэндэнцый мінскага тэатральнага сезону на думку Дзяніса Марціновіча

Сталічны сезон 2015—2016 набліжаецца да завяршэння. Час падвесці яго вынікі і прасачыць тэндэнцыі, што «Будзьма» робіць ужо чацвёрты год запар.

Айчынны тэатр нарэшце прызналі за мяжой

Айчынныя навукоўцы любяць пісаць пра тое, у чым беларускія пісьменнікі, мастакі або акцёры ў той або іншай ступені ўзбагацілі сусветнае мастацтва. На жаль, даследчыкі вельмі часта ствараюць у чытачоў ілюзіі. Бо ў рэальнасці «там» робяцца вядомымі толькі адзінкі беларусаў. Прыемна, што ў гэтым сезоне прызнанне атрымалі прадстаўнікі лялечнага тэатра.

Адразу некалькі беларусаў былі ўганараваныя расійскай тэатральнай прэміяй «Залатая маска» – самай прэстыжнай на ўсёй постсавецкай прасторы. Найлепшым рэжысёрам тэатра лялек зрабіўся Аляксей Ляляўскі. Найлепшым мастаком у тэатры лялек прызнаная Таццяна Нерсісян. Прычым пастаноўка «Тоўсты сшытак», над якой яна працавала, перамагла і ў намінацыі «Найлепшы спектакль». А паставіў гэты спектакль беларус Аляксандр Янушкевіч у Пермскім тэатры лялек. Дарэчы, у намінацыі «Найлепшая жаночая роля ў балеце і сучасным танцы» перамагла наша суайчынніца Любоў Андрэева, салістка Тэатра балета Барыса Эйфмана.

«Тоўсты сшытак»

Для тэатральных людзей гэтыя ўзнагароды – канстатацыя факта. Бо ўсе пералічаныя імёны даўно на слыху. Праўда, ёсць адно «але». Калі айчынныя СМІ пісалі пра «Залатую маску», большасць журналістаў (аўтар гэтых радкоў – не выключэнне) рабіла акцэнт на асобе Расціслава Янкоўскага, які перамог у намінацыі «За выдатны ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва». Зразумела, што гэтую заслужаную ўзнагароду ён атрымаў за сваю творчасць увогуле (што натуральна для 86-гадовага народнага артыста СССР). Але імя Янкоўскага шмат гаворыць любому чытачу. Як зрабіць такімі ж пазнавальнымі для шырокай публікі і журналістаў імёны іншых пераможцаў, – рытарычнае пытанне.

У Нацыянальнай прэміі з’явілася альтэрнатыва

У 2010 годзе ў Беларусі нарэшце была заснаваная свая «Залатая маска» – Нацыянальная тэатральная прэмія. З таго часу яе вынікі падводзіліся ўжо тройчы. Але фармат Нацпрэміі цяжка назваць ідэальным. Спрэчных момантаў багата: безальтэрнатыўны выбар у некаторых намінацыях; асобы пераможцаў, якія выклікаюць пытанні; імкненне ахапіць як мага большую колькасць тэатраў, каб, не дай Божа, нікога не пакрыўдзіць; спрэчны прынцып вылучэння спектакляў і г.д. Доўгі час тэатральныя людзі толькі дыскутавалі або абураліся гэтым у кулуарах, амаль не маючы магчымасці паўплываць на падвядзенне вынікаў.

Своеасаблівым адказам і нават альтэрнатывай Нацыянальнай тэатральнай прэміі стала праграма «Belarus open», якая існуе ў межах фестывалю ТЕАРТ. У гэтым сезоне (восенню 2015 года) яна ўпершыню сабрала найлепшыя спектаклі, створаныя ў Беларусі за пэўны прамежак часу. Прычым сапраўды найлепшыя, адабраныя паводле строгіх крытэрыяў. Калі Нацпрэмія ўсё-такі арыентаваная на ўнутраны рынак, то «Belarus open» робіць праекцыю як на ўнутраны, так і на знешні.

Праграма наступнага «Belarus open», абвешчаная гэтай вясной, ужо мае падзел на чатыры намінацыі: «Драма», «Лялькі», «Аўтарскія / эксперыментальныя праекты». Засталося дадаць сюды намінацыю «Музычны тэатр» і пачаць вызначаць пераможцаў. І альтэрнатыўная прэмія будзе цалкам гатовая.

Пераадолець аўтаркію амаль нерэальна

Летась адной з тэндэнцый мінскага тэатральнага сезона я назваў аўтаркію – замкнёную сістэму, якая ў мінімальнай ступені залежыць ад асяроддзя. Гаворка ішла пра тое, што ў Мінску амаль не ставяць замежныя рэжысёры. І толькі адзінкі з беларусаў (пераважна рэжысёры лялечнага тэатра) маюць прапановы з-за мяжы.

Зрэшты, можна казаць і пра ўнутраную аўтаркію. Напрыклад, у рэпертуары Рускага тэатра – 29 спектакляў. 22 з іх паставілі тры штатныя рэжысёры: Сяргей Кавальчык, Барыс Луцэнка і Валянціна Еранькова, яшчэ 3 – сябра тэатра Аркадзь Кац. У Мінску зусім няма традыцыі, каб рэжысёр ставіў спектаклі не ў тых тэатрах, дзе сам працуе. У выніку аўтаркія стала амаль сінонімам большасці дзяржаўных тэатраў.

У гэтым сезоне былі зробленыя дзве спробы калі не перамагчы аўтаркію, дык зрабіць раскол у яе маналіце. Рэжысёр Яўген Карняг, стваральнік аўтарскага KorniagTHEATRE, паставіў у лялечным тэатры спектакль «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі». Да гэтага часу ён увасобіў трынаццаць спектакляў (сем з іх у Мінску, астатнія – у Таліне, Маскве, Лодзі, Плоўдзіве і Боне). Але ніколі не ставіў у дзяржаўным калектыве! Тут ідзе гаворка пра спробу пэўнай інтэграцыі незалежных творцаў у сістэму дзяржаўнага тэатра.

Другую спробу ажыццявілі стваральнікі спектакля «Опіум», якія абвясцілі збор сродкаў сярод гледачоў на краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей». Тыя сабралі больш за 45 мільёнаў рублёў. У выніку прэм’ера спектакля ўпершыню ў беларускай гісторыі прайшла цалкам за кошт наведнікаў. У далёкай перспектыве гэтае дае шанец на развіццё ў Беларусі праектнага тэатра.

Але перспектывы туманныя. Карняг застаўся вольным мастаком і як рэжысёр больш не ставіў у дзяржаўных тэатрах. А паказы «Опіуму», нягледзячы на яго актуальнасць, засталіся адзінкавымі.

З’явіўся другі аўтарскі тэатр

Летась, падводзячы вынікі сезону, я пісаў, што сур’ёзная іерархія мінскіх тэатраў знікла (як зніклі істотныя адрозненні паміж большасцю калектываў). Не дзіўна, што да нядаўняга часу ў Мінску фактычна быў толькі адзін аўтарскі тэатр. Гаворка пра Беларускі тэатр лялек, які трывала асацыюецца з асобай яго галоўнага рэжысёра Аляксея Ляляўскага (ён узначальвае калектыў з далёкага 1986 года). Амаль усе спектаклі, разлічаныя на дарослую аўдыторыю, паставіў менавіта Аляксей Анатольевіч.

Другім аўтарскім тэатрам стаў Купалаўскі. Цяпер у яго рэпертуары 23 спектаклі. Пяць з іх пастаўленыя на Малой сцэне, якая цяпер успрымаецца як пляцоўка для эксперыментаў і дае магчымасць маладым рэжысёрам паказаць сваю першую пастаноўку. Таму далей будзем казаць пра вялікую залу. Пасля прэм’еры спектакля «Дзве душы» Мікалай Пінігін мае «кантрольны пакет» у рэпертуары: 10 з 19 пастановак належаць менавіта яму.

Як успрымаць такі факт? Ляляўскі вядзе мастацкія пошукі, не абмежаваныя аўтарам твора, мовай напісання або яго эстэтычнымі поглядамі, таму яго аўтарскі тэатр цудоўна інтэгруецца ў сусветную супольнасць. Пінігін будуе рэпертуар, кіруючыся ідэалогіяй асветніцтва (ёй адпавядаюць нават некаторыя спектаклі, якія пастаўленыя іншымі рэжысёрамі). Адпаведны матэрыял ён шукае і знаходзіць не толькі ў драматургіі, але і ў іншых жанрах (ад прозы да паэзіі). Іншая рэч, што спектаклі, якія маюць гастрольную і фестывальную перспектыву («Вяселле», «Офіс» і «Дон Жуан»), дастаткова далёкія ад асветніцтва.

Добрых спектакляў (не) хапае

Калі згадаць вынікі папярэдняга сезона, якія падводзіліся на «Будзьме» летась і пазалетась, дык пры жаданні адтуль можна пазычыць амаль палову тэндэнцый. Напрыклад, летам 2013 года гаворка ішла пра малую колькасць прэм’ер, ігнараванне фестывальнага фармату і агульны «застой». Але ж нічога не змянілася і наўрад ці зменіцца.

Але будзем аптымістамі, таму пазычым іншую тэндэнцыю. Летась яна гучала так: «Добрых спектакляў хапае». Бо сапраўды – нават у самым стракатым па выніках сезоне сустракаюцца пастаноўкі, якія настройваюць на аптымізм. Іншае пытанне: ці шмат іх?

На маю суб’ектыўную думку, найлепшым лялечным спектаклем успрымаюцца «Птушкі» (рэжысёр Аляксей Ляляўскі, Беларускі тэатр лялек). Найлепшы музычны – опера «Макбет» (рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ, Оперны тэатр). Найлепшы драматычны – «Саша, вынесі смецце» (рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі, Маладзёжны тэатр).

Апроч іх у спіс пастановак, якія б я раіў для абавязковага прагляду, уключу «Маленькую смерць» у Оперным (яна не прэтэндавала на статус найлепшай, бо з’яўляецца не арыгінальным спектаклем, а пераносам пастаноўкі легендарнага Іржы Кіліяна), «Баль у Савоі» ў Музычным (рэжысёр Ганна Маторная), згаданы вышэй «Опіум» (пастаноўка Аляксандра Марчанкі), а таксама спектакль «Пелікан» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў).

Гэтым летам беларускіх тэатралаў яшчэ чакае некалькі прэм’ер. Але асноўныя спадзяванні ўжо звязаныя з наступным сезонам, які абяцае свае сюрпрызы. Напрыклад, п’есу сучаснага беларускага драматурга Андрэя Іванова «Гэта ўсё яна» паставяць у РТБД. Прычым, зробіць гэта нямецкі рэжысёр Моніка Дабраўлянска. Але самы магутны ўдар па аўтаркіі нанясе чарговы фестываль «ТЕАРТ», на які прыедуць зоркі еўрапейскай сцэны.

А пакуль усім добрых тэатральных вакацый!

Каментары1

Цяпер чытаюць

На мітынгу ў Вільні затрымалі правакатара. А Ціханоўскі заявіў пра намер дабівацца сустрэчы з Зяленскім19

На мітынгу ў Вільні затрымалі правакатара. А Ціханоўскі заявіў пра намер дабівацца сустрэчы з Зяленскім

Усе навіны →
Усе навіны

У Магілёве падлетак пашкодзіў верталёт, які прывезлі для экспазіцыі Музея Славы2

Украінцы знішчылі два расійскія самалёты на аэрадроме пад Валгаградам, яшчэ два пашкоджаныя2

Трамп заявіў, што выратаваў вярхоўнага лідара Ірана ад «ганебнай смерці»7

Пуцін: Захад хоча пахаваць Расію, але яны самі хутка здохнуць17

Памёр Кларк Улафсан — герой гісторыі, якая дала свету паняцце «стакгольмскі сіндром»1

Шаснаццаць градусаў. Расійскі карэспандэнт паскардзіўся, што змерз у лукашэнкаўскім палацы31

Беларуска ў Францыі ператварае плямы ад кавы ў мастацтва1

Міністр абароны Украіны абвясціў пра рэзкае павелічэнне дальнабойных удараў па Расіі2

Чалы дасціпна пажартаваў наконт выказвання Пуціна пра бот расійскага салдата9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На мітынгу ў Вільні затрымалі правакатара. А Ціханоўскі заявіў пра намер дабівацца сустрэчы з Зяленскім19

На мітынгу ў Вільні затрымалі правакатара. А Ціханоўскі заявіў пра намер дабівацца сустрэчы з Зяленскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць