Найбліжэйшым часам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў плануе наведаць шэраг расійскіх рэгіёнаў, у прыватнасці Санкт-Пецярбург і Рэспубліку Татарстан.
Пра гэта ён паведаміў 19 студзеня падчас сустрэчы ў Мінску з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, паведамляе прэс-служба ўрада Беларусі.
Як зазначыў Кабякоў, Беларусі і Расіі ў межах Саюзнай дзяржавы неабходна аднавіць узаемны тавараабарот: «У новым годзе мы павінны абнавіць усе свае задумкі. На жаль, не ўсё атрымалася ў 2015 годзе так, як мы меркавалі. Наперадзе вялікая праца па аднаўленні перш за ўсё ўзаемнага тавараабароту».
Прэм'ер-міністр дадаў, што эканомікі дзвюх дзяржаў паступова адаптуюцца да новых знешнеэканамічных умоў. «Думаю, што мы адновім праграмы ўзаемнага супрацоўніцтва, якія не спыняліся, але рэалізоўваліся не так інтэнсіўна, як варта было б», — заявіў ён. Паводле слоў Кабякова, «трэба будзе актыўна заняцца тым, каб эканамічныя суб'екты дзвюх краін атрымалі новыя імпульсы для ўзаемнага супрацоўніцтва».
Як паведаміў журналістам пасля сустрэчы Рыгор Рапота, з кіраўніком урада Беларусі яны абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы, у тым ліку парадак дня пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, які плануецца правесці ў першым квартале 2016 года ў Мінску.
Ён паведаміў, што колькасць праграм Саюзнай дзяржавы плануецца павялічыць. «Бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2016 год застаўся нязменным, колькасць праграм сёлета спадзяемся павялічыць. Для гэтага створаная добрая база. Да канца мінулага года мы ўзгаднілі шэсць канцэпцый. Калі нам удасца іх ператварыць у паўнаважкія праграмы, гэта будзе сур'ёзны ўнёсак у навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва нашых дзяржаў», — растлумачыў Рапота.
Цяпер чытаюць
«Дэкаланізацыя — гэта прыйсці і заняць сваё месца». Наста Рагатко будзе ўдзельнічаць у фестывалі расійскай кнігі. Суліма яе асудзіў, яна не змаўчала ў адказ
«Дэкаланізацыя — гэта прыйсці і заняць сваё месца». Наста Рагатко будзе ўдзельнічаць у фестывалі расійскай кнігі. Суліма яе асудзіў, яна не змаўчала ў адказ
Ці патрэбная беларуская мова тым, хто размаўляе па-руску? Азаронак задаўся такім пытаннем на СТБ, а выпускнік Акадэміі МУС прапанаваў замяніць урокі факультатывамі
Каментары