Учарашні моцны ўраганны вецер на ўсходзе Беларусі, парывы якога дасягалі 29 м/с, прывёў да шэрагу пашкоджанняў і траўмаў людзей, паведаміла прэс-служба МНС.

За суткі пацярпелі 16 населеных пунктаў. Найбольшыя наступствы зафіксаваныя ў Магілёўскай вобласці, дзе непагадзь закранула 11 населеных пунктаў. Яшчэ некалькі пацярпелі ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Вецер пашкодзіў дахі жылых дамоў, будынкі сацыяльнай і вытворчай інфраструктуры, а таксама сельскагаспадарчыя аб’екты.
Адзначана 49 выпадкаў падзення дрэў, прычым большасць — у Магілёўскай вобласці. У некаторых выпадках дрэвы падалі на аўтамабілі.
Пацярпелі і людзі. У Чэрыкаве сарваны ветрам ліст шыферу траўмаваў дзяўчынку 2013 года нараджэння. У аграгарадку Доўск Рагачоўскага раёна дрэва ўпала побач з аўтамабілем і параніла мужчыну 1966 года нараджэння. Абодвум спатрэбілася медыцынская дапамога.
Ратавальнікі неаднаразова выязджалі, каб распілоўваць і прыбіраць паваленыя дрэвы, а таксама ліквідаваць небяспечныя пашкоджанні. У некаторых месцах былі часовыя перабоі з электразабеспячэннем, якія хутка ліквідавалі.
Акрамя таго, у Магілёўскай вобласці з-за дрэва, што ўпала на чыгунку, затрымаўся дызельны цягнік.
Каментары