180 см!

Археолагі знайшлі пацверджанне сапраўднасці парэштак Філіпа ІІ, бацькі Аляксандра Македонскага. Пра іх даследаванне яны распавялі ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences.
Філіп ІІ Македонскі быў кульгавы на левую нагу, меў скрыўленне шыі, а таксама шалёны для свайго часу рост у 180 см. Ён мог быць хіба не самым высокім македонцам таго часу.
Яго славуты сын, Аляксандр Македонскі, быў невысокім — меркавана, каля 150 см.
На сёння вядома тры грабніцы пад горадам Вяргіна (Грэцыя), у якіх могуць знаходзіцца рэшткі Філіпа ІІ. Большая частка археолагаў схілялася да багатай грабніцы з рэшткамі мужчыны і жанчыны. Але некаторых спецыялістаў насцярожвала, што пахаваны ў ёй мужчына не мае слядоў траўмы, якую Філіп ІІ атрымаў у 339 годзе да н.э.
Аналіз анатоміі і ўзросту рэштак паказаў, што Філіп ІІ пахаваны ў іншай грабніцы разам з жанчынай і дзіцём. Мужчына якраз кульгаў на левую нагу (пра гэта кажа моцна дэфармаваны каленны сустаў, а таксама дэфармаваная патылічная костка — яму прыходзілася схіляць галаву на бок падчас хады), памёр ва ўзросце каля 45 год (жанчына — каля 18 год, дзіцё — амаль адразу па нараджэнні).
Гэта падобна да гістарычных сведчанняў: Філіп ІІ быў забіты сваім ахоўнікам пасля таго, як кінуў жонку і ажаніўся з маладой дзяўчынай.
Наступныя даследаванні парэштак могуць распавесці, як Філіп ІІ лекаваў рану, чым харчаваўся і ад чаго насамрэч памёр.
Філіп ІІ лічыцца заснавальнікам першай «адзінай Грэцыі» — магутнай Македонскай дзяржавы, вакол якой аб’яднаў Карынфскі саюз гарадоў-дзяржаў дзеля атакі на Персію. Захапіць Персію і стварыць агромністую імперыю змог ужо яго сын, Аляксандр Македонскі.
-
Удзельнічалі ў паўстаннях, былі экзатычнымі слугамі і нават ратавалі магнатаў ад даўгоў. Кім былі афрыканцы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай?
-
Магілёў, Віцебск і Гомель удалося далучыць да БССР толькі таму, што Масква такім чынам хацела спакусіць Заходнюю Беларусь — апублікаваныя дакументы
-
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары