Аператары баявых дронаў будуць «гуляць» у камп'ютарную стратэгію?

Чалавек абводзіць на экране мышкай робатаў у рамку і пасылае іх у бой — так у будучыні можа выглядаць аперацыя па выкарыстанні баявых беспілотнікаў, сведчаць планы Агенцтва перспектыўных абаронных даследніцкіх праектаў (DARPA) Пентагона.
У сакавіку DARPA правядзе шэраг сустрэчаў на тэму «Сумесныя аперацыі ў небяспечных зонах». Галоўная тэма — зрабіць праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе аднаму чалавеку кантраляваць дзеянні адразу некалькіх баявых беспілотнікаў. Зараз адзін пілот кантралюе толькі адзін дрон праз спадарожнікавую сувязь, пры гэтым яму дапамагае апэратар сістэм назірання і каманда аналітыкаў выведкі.
Новая схема павінна дазволіць пілоту дзейнічаць у значнай ступені самастойна, выбудоўваць тактыку боя ў рэальным часе і без умяшальніцтва лішніх людзей — як гэта робіць чалавек, які гуляе за кампутарам у гульню кшталту Warhammer:Dawn of War.
У дадатак незалежнасць ад спадарожнікаў сувязі і адсутнасць патрэбы ў шматлікіх кансультацыях рэзка палепшаць саму лагістыку аперацый беспілотнікаў.
«Таксама, як ваўкі палююць зграямі… групы беспілотнікаў змогуць супрацоўнічаць паміж сабой, каб знаходзіць, адсочваць, пазнаваць і знішчаць цэлі пад кіраваннем толькі аднаго чалавека», — сказаў менеджар праграмы Жан-Шарль Ледэ.
Да таго ж аб'яднанне беспілотнікаў у інтэграваныя групы дасць магчымасць рабіць вузкаспецыялізаваныя беспілотнікі для кожнай функцыі, а не спрабаваць зрабіць кожную машыну ўніверсальнай.
Распрацоўкі ў гэтым кірунку не толькі рэзка знізіць патрэбу ў выкарыстанні традыцыйных самалётаў у раёнах, дзе самалёт можа быць падбіты, а лётчык можа быць узяты ў палон, яны таксама могуць прывесці да стварэння сістэмы масіраванага неатамнага бомбавага ўдару па праціўніку, які мае дастаткова добрую супрацьпаветраную абарону.
Для гэтага беспілотнікі рознага прызначэння могуць быць пабудаваныя ў цэлую сістэму, якой яны будуць абараняць адзін аднаго ад варожай супрацьпаветранай абароны, весці выведку і радыёэлектронную барацьбу, знішчаць цэлі на зямлі.
Каментары