Грамадства88

Памерла Наталля Гарбанеўская — легендарная савецкая дысідэнтка

Дысідэнтка, праваабаронца, паэтка і перакладчыца Наталля Гарбанеўская памерла ў Парыжы на 77-м годзе жыцця. Пра гэта паведаміла расійская служба радыё «Свабода»

Яна падпісвалася ў абарону беларускіх палітвязняў, бо і сама прайшла праз несправядлівы суд. Яна была ў ліку тых, хто падпісваў звароты да міжнароднай грамадскасці аб спрыянні ў вызваленні арыштаваных пасля Плошчы-2010 Аляксандра Фядуты і Уладзіміра Някляева. Яна падтрымлівала беларускіх галадоўнікаў у 2006-м.

Наталля Гарбанеўская, якая за свае палітычныя перакананні прайшла савецкую турму і карную псіхіятрыю, да канца жыцця засталася нерэабілітаванай. «Аб гэтым трэба прасіць. Я не прасіла мяне судзіць, дык навошта я буду прасіць аб рэабілітацыі», — казала яна карэспандэнту НН падчас наведвання Мінска ў 2011-м.

* * *

Прозвішча Наталлі Гарбанеўскай абляцела заходнія газеты ў жніўні 1968 года. Тады яна ўзяла ўдзел у публічнай акцыі пратэсту супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

Іх было восем чалавек. 25 жніўня яны выйшлі на Красную плошчу ў Маскве. Гарбанеўская з сабой узяла яшчэ і немаўля. Селі на Лобным месцы. Разгарнулі плакаты. На адным з іх быў надпіс — «За вашу і нашу свабоду!» — як у паўстанцаў 1863 года.

Акцыя доўжылася ўсяго некалькі хвілін.

Падбеглі кагэбісты ў цывільным. Парвалі плакаты, кагосьці збілі і забралі з сабой. Толькі Гарбанеўская заставалася на плошчы — чэкісты шукалі машыну, у якую яна магла б змясціцца каляскай з немаўлём…

Яе дапыталі. На кватэры правялі ператрус… і адпусцілі. Гэта ў той час, як астатніх удзельнікаў адразу арыштавалі. «У мяне было трохмесячнае дзіця. І яны доўга вагаліся, што са мной рабіць. А пасля пакінулі да таго часу, як дзіця падрасце, а пра мяне забудуць на Захадзе».

А ўвесь гэты час Наталля Яўгенаўна пісала кнігу «Поўдзень. Справа пра дэманстрацыю 25 жніўня 1968 года на Краснай плошчы»: «Арыгінал разам з сямю перадрукаванымі копіямі ляжалі пад ложкам. Мы жылі ўчатырох у адным пакоі (я рукапіс яшчэ і ад маці хавала). Маглі б прыйсці з ператрусам. Але ў той момант не прыйшлі. Гэта маё шанцаванне. Прыйшлі б — праца ўся змарнавалася б».

Шанцавала і падчас ператрусаў. 24 снежня 1969 года, у дзень арышту, у яе не знайшлі матэрыялы пра галадоўку ў адным з лагераў, перададзеныя ад палітвязняў. Паперы ляжалі ў кішэні зімовага паліто.

А ў стале ляжалі матэрыялы да самвыдатаўскага часопіса «Хроника текущих событий», які яна рэдагавала. Спадарыня Наталля згадвае гэта з усмешкай і адзначае, што «ў нас было шмат вясёлых гісторый. Не трэба ўяўляць наша жыццё як выключна і ў кожны момант трагічнае».

У 1970-м Гарбанеўскай паставілі дыягназ «вялацякучая шызафрэнія» і накіравалі ў Казанскую псіхіятрычную бальніцу турэмнага тыпу. «Гэта вопыт, у якім няма нічога станоўчага», — кажа яна.

«Вечная койка» — так называлі вязні вар’ятню.

Калі ў турме быў рэальны тэрмін зняволення, дык у вар’ятні чалавека «лячылі» столькі, колькі палічаць патрэбным.

Гарбанеўскую выпусцілі ў лютым 1972 года. Да яе не выкарыстоўвалі электрашокеры, бо на волі паднялася хваля ў яе абарону. Але псіхатропны прэпарат галаперыдол давалі рэгулярна.

У даведцы аб вызваленні Гарбанеўскай напісана, што яна адпушчаная 11.01.1971. Гэта дата, калі яе этапавалі з Бутыркі ў Казанскую псіхітрычную бальніцу. Дзе, «свабодную», лячылі яшчэ год.

На свабоду Наталля Яўгенаўна выйшла ў лютым 1972-га. Па вызваленні рэдагавала «Хронику», пра што ведаў толькі адзін чалавек.

«У 1974 годзе я падпісала нешта наконт высылкі Салжаніцына, затым — ліст у абарону Леаніда Плюшча, які знаходзіўся ў псіхіятрычнай турме. І зразумела: яшчэ 1–2 крокі — і мяне зноў пасадзяць у псіхіятрычную турму. Мне пагражала паўтарэнне жудаснага вопыту».

Гарбанеўская вырашыла з’ехаць з краіны.

Чаму абрала менавіта Францыю?

«Мы выязджалі не «куды», а «адкуль»,

— казала Гарбанеўская. — З ізраільскай візай даехалі да Вены, якая была транзітным горадам. Там мяне запрасілі ў Францыю. І гэта было цудоўна». Гарбанеўская адразу пачала працаваць у парыжскім часопісе «Континент» (у якім друкаваліся і беларускія эмігранты, у прыватнасці, Кастусь Акула), пазаштатна на радыё «Свабода», пазней — у газеце «Русская мысль».

«Калі выйшаў першы, самы ліберальны, расійскі закон аб грамадзянстве, у ім гаварылася, што асобы, якія страцілі грамадзянства, а пасля былі рэабілітаваныя, могуць атрымаць яго без перашкод. Але я асоба не рэабілітаваная. А каб быць рэабілітаванай, аб гэтым трэба прасіць. Я не прасіла мяне судзіць, дык навошта я буду прасіць аб рэабілітацыі», — казала яна.

Амерыканская спявачка Джаан Баэз прысвяціла Гарбанеўскай песню Natalia.

Да апошніх дзён Наталля Гарбанеўская аддавала свой час грамадскім справам. Апошні запіс у яе блогу датаваны 28 лістапада.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго5

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску знік уласнік мануфактуры «Наш алей»3

Кір Стармер заявіў, што яму надакучылі дзеянні Пуціна і Трампа10

Юрый Караеў марыць зладзіць штурм Мірскага замка мангола-татарамі23

Ва ўрадзе загаварылі пра вяртанне да ўнутраных авіярэйсаў1

У Мінску літаральна за палову дня здалі ў арэнду кватэру без аздаблення. Але людзі абураюцца4

Марыю Калеснікаву віталі апладысментамі падчас канцэрту ў Берліне8

Вяртанне дадому можа стаць самай небяспечнай часткай місіі для касманаўтаў «Артэміды-2»

Беларуска ўклала каля пяці тысяч еўра ў сэканд-хэнд у Польшчы, а цяпер спрабуе яго прадаць1

Праўладная спявачка праспявала на хакейным матчы «Белоруссія» — і атрымала заслужаную тону хейту23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго5

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць