Вяртанне дадому можа стаць самай небяспечнай часткай місіі для касманаўтаў «Артэміды-2»
Палёт вакол Месяца прайшоў без сур’ёзных праблем, але галоўнае выпрабаванне для экіпажа «Артэміды-2» яшчэ наперадзе — вяртанне на Зямлю. Менавіта ў гэты момант касмічны карабель «Арыён» сутыкнецца з экстрэмальнымі тэмпературамі пры ўваходзе ў атмасферу.

З падрабязнасцямі знаёміць The New York Times.
Цеплавы шчыт — ключавы элемент бяспекі касмічнага карабля «Арыён». Ён абараняе карабель і астранаўтаў ад пякельных тэмператур падчас вяртання ў зямную атмасферу. Калі ён не вытрымае, металічная канструкцыя можа расплавіцца і разбурыцца, і ў экіпажа не будзе ні запаснога варыянту, ні магчымасці эвакуацыі.
У NASA ўпэўненыя ў бяспецы місіі. Паводле кіраўніцтва агенцтва, шматлікія выпрабаванні і мадэляванне паказалі, што нават з улікам недахопаў цеплавы шчыт забяспечвае дастатковы запас надзейнасці. Астранаўты павінны вярнуцца на Зямлю на хуткасці каля 38 600 кіламетраў на гадзіну пасля дзесяцідзённага падарожжа.
Аднак, як піша The New York Times, не ўсе эксперты падзяляюць гэты аптымізм. Былы астранаўт NASA і спецыяліст па цеплавых шчытах Чарлі Камарда лічыць, што запуск «Артэміды-2» быў памылкай.
На яго думку, агенцтва недастаткова разумее рызыкі. Ён ацэньвае верагоднасць паспяховага вяртання на 95%, але гэта азначае, што рызыка катастрофы — каля 1 да 20. Для параўнання: Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту ацэньвае шанцы загінуць у авіякатастрофе прыкладна як адзін да дзевяці мільёнаў.
Асноўная праблема — у недахопе дакладных ведаў. Падчас беспілотнай місіі «Артэміда-1» у 2022 годзе капсула паспяхова вярнулася, але пасля пад’ёму з акіяна выявілася, што цеплавы шчыт пашкоджаны: на ім былі расколіны і адсутнічалі цэлыя кавалкі матэрыялу.

Расследаванне паказала, што ўнутры шчыта, вырабленага з матэрыялу Avcoat (падобнага да таго, што выкарыстоўваўся ў праграме «Апалон» больш за 50 гадоў таму), назапашваліся газы. Яны стваралі ціск і выклікалі раптоўнае адслаенне матэрыялу замест яго паступовага і раўнамернага выгарання. Для будучых місій формулу матэрыялу змянілі, але для «Артэміды-2» шчыт ужо быў выраблены па старой тэхналогіі і ўсталяваны.
Замена шчыта або ўсёй капсулы азначала б значную затрымку запуску. Таму NASA абрала іншы шлях — змяніць траекторыю вяртання: зрабіць яе больш крутой і кароткай, каб скараціць час уздзеяння высокіх тэмператур. Калі цеплавы шчыт «Артэміды-2» спрацуе не горш, чым падчас місіі «Артэміда-1», астранаўты без праблем прыводняцца ў Ціхім акіяне.
У гісторыі NASA ёсць дзве трагічныя даты: 28 студзеня 1986 года, калі шатл «Чэленджэр» разбурыўся праз 73 секунды пасля старту, і 1 лютага 2003 года, калі шатл «Калумбія» распаўся пры вяртанні з арбіты.
У выпадку і з «Чэленджэрам», і з «Калумбіяй» трывожныя прыкметы з’яўляліся падчас папярэдніх палётаў. Але кіраўніцтва супакойвала сябе тым, што мінулыя місіі завяршаліся без катастроф, замест таго каб тэрмінова выпраўляць праблемы, якія пазней прывялі да гібелі экіпажаў.

Ці могуць расколіны на цеплавым шчыце Артэміды-2» утварыцца і распаўсюдзіцца з катастрафічнай хуткасцю?
У межах дадатковых праверак NASA змадэлявала нават найгоршыя сцэнары — утварэнне расколін, адслаенне цэлых блокаў матэрыялу і паскарэнне нагрэву. Паводле гэтых разлікаў, нават у такіх умовах дастатковая частка шчыта павінна захавацца, а ўнутраная канструкцыя з вугляроднага валакна і тытану зможа дазволіць захаваць герметычнасць жылога адсека да канца спуску.
Частка незалежных экспертаў пасля гэтых праверак змяніла сваю пазіцыю і прызнала, што рызыкі зніжаныя да прымальнага ўзроўню.
Каментары
Гэта другая публікацыя на Амазон і другая пьеса пасля майго сыходу з расійскага выдавецтва. Такім чынам, я з сваёй драматургіяй і пісьменніцтвам на Захадзе.
У хуткім часе астатнія мае сем пьес і тры кнігі знойдзуць ПМЖ на Захадзе.