Тэатр22

Тэатр для сярэдняга класа

Апошнім часам рынкавыя адносіны ўсё мацней і мацней пранікаюць у мінскія тэатры.

Адна з праяў такога падыходу — вызначэнне ўласнай мэтавай аўдыторыі. Напрыклад, Драматычны тэатр беларускай арміі мусіць даваць спектаклі непасрэдна ў вайсковых частках. Таму большасць яго пастановак максімальна простыя, камерныя і мабільныя. Новы драматычны, размешчаны ва Аўтазаводскім раёне, імкнецца зацікавіць гледачоў, якія жывуць недалёка. Адпаведна, спектаклям уласцівы акцэнт на побытава-сямейныя ўзаемаадносіны герояў з мінімальнымі філасофскімі абагульненнямі. А вось Тэатр-студыя кінаакцёра ўзяў на сябе няпростую, але ўдзячную справу: прывабіць на свае пастаноўкі сярэдні клас. І спраўляецца з ёй цудоўна.

На маю думку, гэтаму калектыву ўласцівыя некалькі рысаў. Перш за ўсё, стаўка на тое, каб гледачы адпачылі пасля працоўнага дня. Нездарма ў рэпертуары пераважаюць камедыі, дэтэктывы і меладрамы (прычым драматургічныя творы жанрава трансфармуюцца: напрыклад, твор Карэла Чапэка «Сродак Макропуласа», філасофская п’еса, ператвараецца ў дэтэктыў). Наведнік Тэатра-студыі мусіць або ад душы смяяцца, або цішком выціраць сентыментальныя слёзы. Дарэчы, за задавальненне трэба плаціць. Нездарма ў Тэатра-студыі самыя дарагія квіткі сярод сталічных драматычных тэатраў.

Тэатру-студыі кінаакцёра таксама ўласцівая роўнасць, стабільнасць і пэўная прадказальнасць спектакляў. Глядач не павінен урэшце рабіцца ахвярай ні звышсучаснага прачытання, ні побытавай пошласці або сюжэтнай банальнасці. Нездарма апошнія прэм’еры («№ 13», «Сродак Макропуласа», «Хто смяецца апошнім») паводле агульнай скіраванасці шмат у чым падобныя. У той жа час у рэпертуары амаль няма відавочна правальных пастановак, якія б прымусілі снобаў сысці падчас дзеяння. Таму аўдыторыя Тэатра-студыі застаецца стабільнай.

Першае значэнне ў тэатрах для сярэдняга класа, вядома ж, аддаецца акцёрам і толькі акцёрам! Ніякага рэжысёрскага самавыяўлення! Пастаноўшчыкі хутчэй патрэбныя для таго, каб не сапсаваць агульны мізансцэнічны малюнак і дапамагчы «зоркам» рэалізаваць сябе. У большасці спектакляў наўрад ці знойдзеш рэжысёрскія адкрыцці. Але адначасова сустракаецца шэраг удалых акцёрскіх работ (напрыклад, Уладзімір Мішчанчук — Чарнавус спектаклі «Хто смяецца апошнім»).

Па вялікім рахунку, амаль кожны беларускі тэатр працуе з сярэднім класам і арыентуецца на яго культурныя патрэбы.
Але частка калектываў вымушаная (хоць бы на словах) арыентавацца на эталонныя ўзоры высокага мастацтва і (адпаведна магчымасцям) імкнуцца да стварэння інтэлектуальнага прадукту. У адрозненне ад іх Тэатр-студыя кінаакцёра адкрыта працуе на публіку і шчыра лічыць такі падыход сваёй галоўнай вартасцю.

Асаблівасці такога падыходу цалкам выяўляюцца ў новай прэм’еры тэатра — у «Безыменнай зорцы» Міхаіла Себасцьяна. Яе аўтар, румынскі празаік, драматург, літаратурны крытык, вядомы на постсавецкай прасторы менавіта дзякуючы гэтаму твору. Дзеянне ў «Безыменнай зорцы» пачынаецца ў 1930-я гады на чыгуначнай станцыі правінцыйнага румынскага гарадка, дзе нават не спыняюцца цягнікі. Але ў адзін з дзён экспрэс «Сіная-Бухарэст» робіць прыпынак, каб высадзіць безбілетную пасажырку Мону (Валерыя Арланава), якая спрабуе расплаціцца за праезд фішкамі з казіно. Тым часам на вакзал прыходзіць мясцовы школьны настаўнік Марын Мірою (Павел Харланчук, запрошаны акцёр Купалаўскага тэатра)…

Існуюць дзве найбольш вядомыя інтэрпрэтацыі п’есы Себасцьяна. Першая з іх належыць Георгію Таўстаногаву. «Безыменная зорка» (1956), вырашаная як камедыя, зрабілася першым спектаклем, які рэжысёр паставіў у ленінградскім БДТ, і сімвалізавала пачатак агромністай тэатральнай эпохі ў гэтым калектыве. Другая ўвасобленая ў двухсерыйным фільме Міхаіла Казакова (1978), дзе дамінавалі элегічнасць і светлы сум. На поспех стужкі паўплывала віртуозная ігра Ігара Касталеўскага і Анастасіі Вярцінскай, якія выканалі ролі галоўных герояў.

Мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў пайшоў па шляху, які чакала ад яго пастаянная публіка. Жанр спектакля пазначаны як рамантычная меладрама. Адпаведна, перад галоўнымі выканаўцамі стаялі дзве задачы: увасобіць гісторыю кахання Моны і Марына (= рамантыка) і адначасова патлумачыць гледачам непазбежнасць іх расстання (= меладрама).

У фільме героі І. Касталеўскага і А. Вярцінскай выглядалі як рамантыкі, дзівакі і жыхары іншай планеты (магчыма, той самай безыменнай зоркі). Сваімі паводзінамі і ўчынкамі яны цалкам адрозніваліся як ад пустых, нецікавых жыхароў горада, так і ад цынічнага сябра Моны Грыга, які прыязджаў за ёю (у выкананні самога М. Казакова). Таму жыхаркі гэтага горада, якія не зразумелі Марына, выклікалі толькі спачуванне. А вось у спектаклі Тэатра-студыі перад гледачамі паўстае абсалютны зямны дуэт. У гераіні В. Арланавай ёсць рамантыка, але няма дзівацтва. У Марына ў выкананні П. Харланчука хапае дзівацтва, але амаль адсутнічае рамантыка. У абодвух выпадках на кароткачасовае шчасце герояў уплывае шчаслівы збег абставінаў. Але калі ў фільме на яго ўплывае ўнутранае падабенства характараў, дык у спектаклі гэтага няма. Таму Грыг (Віктар Рыбчынскі) абсалютна мае рацыю: узаемаадносіны Моны і Марына апрыёры асуджаныя і нават у нечым бессэнсоўныя.

Такую ідэю падкрэслівае і трактоўка вобраза мадэмуазель Куку. У фільме М. Казакова выканаўца гэтай ролі Святлана Кручкова некалькімі штрыхамі раскрыла лёс сваёй гераіні. Хутчэй за ўсё, тая не знайшла асабістага шчасця і хавала няспраўджаныя мары пад маскай агрэсіўнасці і занудства. У разгляданым спектаклі гэты вобраз выведзены, бадай, толькі для таго, каб прадэманстраваць ў мадэмуазель (Ларыса Маршалава) поўную адсутнасць густу. А яшчэ пераканаць Мону — у будучыні яна можа зрабіцца такой жа, калі застанецца ў правінцыі.

Калі быць педантам, можна доўга і занудна пералічваць спрэчныя моманты ў спектаклі. Напрыклад, пытанні выклікае сцэнаграфія Ігара Хруцкага. Перш за ўсё, яна надзвычай перагружаная побытавымі дэталямі. Акрамя таго, дзеянне спярша разгортваецца ў кабінеце начальніка станцыі (левая частка сцэны), потым у кватэры ў Марына (правая частка). Таму атрымліваецца, што ўвесь спектакль палова сцэны аказваецца пустой.

Можна крытыкаваць і іншыя моманты. Але ці так гэта прынцыпова? Па вялікім рахунку, стваральнікі спектакля цалкам дасягнулі сваёй мэты. Калі ў фільме за простым сюжэтам хавалася трагедыя амаль шэкспіраўскага маштабу, дык на сцэне Тэатра-студыі ўсё ператвараецца ў рамантычную меладраму.

Згодна з тэкстам Себасцьяна, Мона, убачыўшы зорнае неба і Вялікую Мядзведзіцу, са шкадаваннем кажа: «Столькі людзей жывуць, не бачыўшы яе». «Ім толькі здаецца, што яны жывуць», — адказвае ёй настаўнік. Напэўна, гледачам Тэатра-студыі кінаакцёра, якія не глядзяць старое савецкае кіно і якім няма з чым параўноўваць, таксама здаецца, што яны бачылі сапраўдную «Безыменную зорку».

Каментары2

Цяпер чытаюць

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць