Архіў

Янка Брыль: “Дружбаў у нас малавата”

№ 30 (292), 16 жніўня 2002 г.

Янка Брыль: “Дружбаў у нас малавата”

Паваротка за Нёманам, і дарога неўзабаве пачынае кружляць у пагудастых сасновых барах. Зьбіцца зь яе не дае рака, якая раз-пораз паказваецца з правага боку між высушаных ліпеньскай сьпёкай паплавоў. Дарога вузее, як праехацца возам, і неўпрыкмет падкрадаецца да зацішнай лясной вёсачкі Крынічнае, дзе вось ужо больш за 20 гадоў бавіць вёсны, леты і восені Янка Брыль, які нядаўна адзначыў сваё 85-годзьдзе. Да яго роднай Загоры адсюль напрасткі 12 кілямэтраў.

— Сёлета ў №3—4 часопісу “Полымя” былі апублікаваныя Вашыя згадкі пра Віктара Астаф’ева, зь якім Вы сябравалі. У дні разьвітаньня зь ім на ОРТ паказалі тэлефільм, зьняты падчас падарожжа Астаф’ева ў родныя мясьціны — па Енісеі, на цеплаходзе. Ва ўсім адчувалася, што ён расчараваны: і зьмененым ляндшафтам, і людзьмі. А якое адчуваньне ў Вас, калі наведваеце свае Мір, Турэц, Загору?

— У нашых вёсках страшэнная спустошанасьць, там амаль няма мужчынаў. Зямлю трэба ўрабляць, а няма каму. Сёньняшнія аўралы, бітвы за ўраджай раней былі не патрэбныя, бо былі людзі, закаханыя ў зямлю, у працу, і ўсё рабілася зь вялікай жыцьцёвай патрэбы, а не зь меркаваньняў палітыканскага характару.

Я іду па сваёй вёсцы й бачу, наколькі тут не хапае людзей. Старэнькія жанчыны жывуць адным клопатам — хто ім дапаможа “згараць соткі” ды яшчэ хто ім набавіць пэнсію рублі на два. Але ж гэта ня выйсьце. Нешта трэба мяняць карэнным чынам, каб адрадзіць вёску.

У Крынічным я жыву з 1978-га — ад траўня да кастрычніка кожны год. І самоты тут хапае, і цішыні. Часам нават здаецца, што залішне. Я ўспамінаю, як казаў Рамэн Ралян: “Самота важная ў меру”. Тут добра думаецца, працуецца. Адгэтуль я раблю выпады па раёне, сустракаюся са сваімі людзьмі.

Гадоў 20 таму, у дажджлівы дзень лежачы на сенавале, я заняўся падлікам: колькі чалавек былі б радыя, калі б я прыйшоў да іх госьцем. І набраўся я на два месяцы штодзённага гасьцяваньня. А цяпер ужо бывае — няма да каго зайсьці.

Цяпер спыніўся ад непаладак азотна-тукавы камбінат, дык зьявіліся жаўранкі й жабы — ужо радасьць вялікая. Тут недалёка хутарок, і на слупе ў бусьлянцы — двое дарослых буслоў і ажно пяцёра бусьлянятак. Значыць, ім ёсьць што есьці, ёсьць куды ляцець. У іх тут быў пленум нейкі ці манэўры перад адлётам у вырай. І адзін малады замарыўся й сеў на мой домік. І я такі быў рады і ўдзячны яму — гэты домік стаіць ужо 20 гадоў і ўпершыню на яго сеў бусел. Як быццам блаславіў дом на далейшае маё тут жыцьцё.

— Нават у 14-м выданьні вашага раману “Птушкі і гнёзды”, які шмат у чым аўтабіяграфічны, рэдактары не давалі Вам “расказаць жыцьцё”, рабілі купюры. Ці часта цэнзары знаходзілі крамолу ў Вашых творах?

— Нават зачаста. З мае першае кніжкі апавяданьняў дырэктар выдавецтва М.Клімковіч зьняў некалькі рэчаў — з цэнзурных меркаваньняў. Асабліва шмат “рэзалі” мае запісы. Калі выходзіў мой чатырохтомавік у 1967—68 г., мяне паклікалі ў выдавецтва й паказалі ці ня тушшу замазаныя, павыкрэсьліваныя, каб я ня мог вярнуць, цэлыя старонкі запісаў.

Тое самае адбывалася з “Птушкамі й гнёздамі”. Прычым, у адным выданьні мне ўдавалася сёе-тое праціснуць, а ў іншым — не. І толькі ў трохтомавіку 1993 г. раман пайшоў у тым выглядзе, у якім я яго напісаў.

— А што з раману выкідалася?

— Я не павінен быў гаварыць, што былі два віды палону. Была вялікая розьніца, як утрымліваліся ў палоне грамадзяне Польшчы й савецкія салдаты. Бо СССР, як вядома, не падпісаў Жэнэўскае канвэнцыі. Знаходзячыся як салдат польскага войска ў нямецкім палоне, я аднойчы трапіў у савецкае консульства ў Бэрліне. Справа ў тым, што немцы, рыхтуючыся да вайны з СССР, вызвалялі лягеры ад палонных, захопленых падчас вайны з Польшчай.

4 чэрвеня 1941 г. я быў вызвалены й пераведзены на завод пад нагляд паліцыі. Там мы запаўнялі анкеты для вяртаньня дахаты. А анкеты поштай жа не пашлеш — мы па чарзе мусілі вазіць іх у Бэрлін. І вось апошняя чарга прыпала мне — я быў у консульстве 21 чэрвеня, за дзень да вайны. Я глядзеў на партрэт Сталіна на сьцяне й думаў: Божа, куды я вяртаюся і што там са мной будзе?! Усё гэта адбываецца й з героем раману Алесем Руневічам. І кожнага разу сцэна ў консульстве выкідалася цэнзарамі.

— Вы былі знаёмыя зь першымі асобамі Беларусі. Хто зь іх цікавіўся літаратурай, чытаў яе?

— Перш за ўсё Пятро Машэраў, які чытаў і мог перадаць праз кагосьці, што “я Вас прачытаў”. Цяпер зыгзагамі машыны з зацемненымі вокнамі лятаюць, каб хаця хто не зачапіў... А тады я падымаюся па менскай вуліцы Маркса, а Машэраў ідзе насустрач. Сьледам за ім, праз крокаў дзесяць, адзін, спартовага выгляду, малады чалавек. Калі мяне Машэраў спыніў і мы загаварылі, той, ззаду, зрабіў выгляд, што закурвае. А Машэраў кажа: “Я тваю апошнюю рэч прачытаў і ня вельмі зразумеў. Цяпер перачытаў — нядрэнна”.

Ціхан Кісялёў быў таксама вельмі інтэлігентным, вельмі беларускім чалавекам. Ён таксама чытаў. Уявіце сабе такі факт: безнадзейна і цяжка хворы на рак, ён з маскоўскай больніцы папрасіў, каб юбілей Максіма Танка адклалі на некалькі дзён, каб самому папрысутнічаць.

— Шматгадовая дружба між пісьменьнікамі — рэдкая зьява. Як вам удалося сябраваць каля 30 гадоў з Уладзімерам Караткевічам, каля паўвека — з Анатолем Вялюгіным і Ўладзімерам Калесьнікам?

— Успамінаецца, як Іван Мележ, задумлівы, збоку гледзячы, нават нібы сумны, сказаў мне аднойчы: “Я табе зайздрошчу: у цябе столькі сяброў!” І сапраўды, я лічу сябе шчасьлівым чалавекам з гэтай прычыны. На жаль, пра ўсіх сваіх сяброў я, мабыць, і напісаць не змагу.

Мне нядаўна спадабаліся словы Салжаніцына: “Пяром за жыцьцём не пасьпееш”. Вось я перажыў Максіма Танка, зь якім мы сябравалі з 1944 г. Каб ён перажыў мяне, то я ня ведаў бы, што ён пісаў пра мяне ў дзёньніках — якія шчырыя сяброўскія словы. Я плаваў з Танкам вакол Эўропы ў адной каюце. Каюта вялікая, люкс, у адным баку ён мармыча свае вершы (а ў яго была такая звычка пры пісаньні), а ў другім — я вяду дзёньнікавыя запісы. І я цяпер з гонарам гавару, што тады быў напісаны славуты Танкаў верш “Аve Maria”. Я назаву імёны найбліжэйшых сяброў: малавядомы, але вельмі таленавіты паэт Валянцін Таўлай, вельмі багаты душою й інтэлектам паэт Вялюгін. Мы яго называлі даведачным бюро: калі табе трэба нешта даведацца зь беларускай і ўвогуле з сусьветнай літаратуры, патэлефануй Вялюгіну, ён табе скажа. Вялюгін быў апекуном маладых, выдатным рэдактарам. Мы зь ім сябравалі зь лета 1945 г.

Тое самае ў мяне было зь Піменам Панчанкам, з Калесьнікам. З апошнім падружыў мяне брат, яны абодва мастакі, хадзілі разам на эцюды.

З Калесьнікам у мяне была ня проста дружба, а перадача дружбы, як эстафэта. Ён мяне падружыў са сваімі сябрамі: выдатным мовазнаўцам і эсэістам Фёдарам Янкоўскім, з пэдагогам Міхасём Петрыкевічам, з Уладзімерам Ягоўдзікам — выдатным пісьменьнікам і энэргічным рэдактарам адразу двух дзіцячых часопісаў — “Бярозкі” й “Лесавіка”, які ён сам заснаваў.

Алесь Адамовіч, калі вучыўся на сцэнарных курсах у Маскве, падружыўся сам і пазьней падружыў мяне з расейскім літаратарам Валянцінам Аскоцкім, малдаўскім празаікам Іонам Друцэ, украінскім паэтам Іванам Драчом. А калі ўжо ўспамінаць Адамовіча і Калесьніка, то з нашай дружбы нарадзілася кніга “Я з вогненнай вёскі”. Мы ўтрох аб’езьдзілі ўсю Беларусь, мы ўтрох запісвалі ўспаміны тых, хто ацалеў падчас паленьня беларускіх вёсак, і плакалі, і маўчалі, усё было перажыта намі разам. І як гэта замацоўвае дружбу!

Здорава гэта — дружыць! Шкада, што дружбаў у нас пакуль малавата. Мы чамусьці на дробязі разьменьваемся, мурзаемся ў жыцьцёвай бядоце, забываючы пра тое, што дружба дапамагае жыць.

— Перад сваім наступным пытаньнем я прыгадаю словы паэта А.Фета: “Калі б нават апошні шавец выдаваў часопіс, названы словам з трох літараў, якое звычайна пішуць на плоце, дык і тады я даў бы згоду друкавацца ў гэтым часопісе. Паэзія ачышчае”. А Вы забралі свае творы з “Полымя” ад М.Мятліцкага...

— У наш час мае ўсё-такі вялікае значэньне, дзе друкавацца. Я не ўяўляю сябе ў органе друку, які мне па сваёй накіраванасьці не адпавядае. Пішу я мала, і мне неабыякава, дзе мае творы пабачаць сьвет.

Калі я атрымаў “касьцянаўскі” нумар “Полымя”, мне было прыкра, што там надрукаваліся Ўладзімер Конан, Янка Сіпакоў, Уладзімер Казьбярук. Маглі б яны надрукавацца й дзе ў іншым месцы. Фет нам тут не дарадца. “Шавец...” Дзе ў той час і які шавец мог выдаваць часопісы?..

Я забраў свае падрыхтаваныя да друку запісы 2001 г. з “Полымя” і зь “Нёману”. Мне была агідная сама думка, што зноў вяртаецца цэнзура. Ня дай божа пакарыцца гэтаму й друкавацца, як у той прыказцы — каза рагатая, паўбоку абадратыя, — пашматана нешта, нешта павыкідана. Мы за апошнія 12 гадоў адвыклі ад дурнога палітычнага рэдагаваньня, ад цэнзуры. Вяртацца да гэтага я не магу.

— Быць беларусам цяпер не забаронена. Гэтага дастаткова для разьвіцьця і ўмацаваньня нацыі?

— На вялікі жаль, не. А вось калі б беларусу загадалі быць беларусам, які б гэта быў выдатны беларус!

Гутарыў Міхась Скобла

Паводле праграмы “Вольная студыя” радыё “Свабода”


Каментары

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве беларусы святкуюць Дзень Волі ФОТЫ16

У Мінску на праспекце Дзяржынскага мужчына вельмі дзіўна сябе паводзіў: бегаў па праезнай частцы і спыняў машыны ВІДЭА

Дзісна, Тураў і Васілевічы — самыя маленькія гарады Беларусі. А хто яшчэ ў топе?5

«Хачу наведаць бабулю ў Беларусі». Як жывуць і адаптуюцца дзеці беларусаў-эмігрантаў у Еўропе4

«Ён не думаў, што будзе цалаваць мяне ў сраку». Трамп выказаўся пра адносіны з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі13

«Свае — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр». Вялікая гутарка з акцёрам Міхасём Зуем пра сцэну, каманду і тэатр у эміграцыі2

Ад званкоў «з банка» да фэйкавых інвестыцый. Як махляры крадуць грошы з картаў1

Еменскія хусіты заявілі пра сваё далучэнне да вайны супраць Ізраіля4

Беларуская чыгунка закупіць 20 кароткіх электрычак на 4 вагоны. Вось што пра гэта вядома8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць