Архіў

Гайнрых Бёль. Як у кепскіх раманах

№ 20 (229), 14 траўня 2001 г.


 Гайнрых Бёль

Як у кепскіх раманах

 

На вечар мы запрасілі Цумпэнаў, мілых людзей, знаёмства зь якімі я заўдзячваю цесьцю; ад нашага вясельля ён намагаецца знаёміць мяне зь людзьмі, якія могуць быць мне карысныя ў дзелавым сэнсе, а Цумпэн можа быць мне карысным: ён начальнік камісіі, якая разьмяркоўвае падрады на будаўнічыя работы ў вялікіх паселішчах, а я праз шлюб апынуўся ў прадпрыемстве, якое выконвае экскавацыйныя работы.

Я нэрваваўся перад вечарам, але мая жонка, Бэрта, супакоіла мяне. «Тое, што ён увогуле прыйдзе, — сказала яна, — ужо нешта значыць. Проста паспрабуй асьцярожна завесьці размову пра падрад. Ты ведаеш, што заўтра будуць абвяшчаць вынікі».

Я стаяў пры дзьвярах у дом, за фіранкай, і чакаў Цумпэнаў. Я дапаліў цыгарэту, раздушыў недапалак чаравікам і засунуў яго пад дыванок. Трохі пазьней я заняў пазыцыю пры акне ваннага пакою й разважаў пра тое, чаму Цумпэн так ахвотна прыняў запрашэньне; наўрад ці яго шмат цікавіла вячэра з намі, а той факт, што выдача вялікага падраду павінна была адбыцца заўтра, мусіў рабіць для яго гэтую сустрэчу гэтаксама няёмкай, якой яна была для мяне.

Я таксама думаў пра падрад: гэта быў вялікі падрад, я мог зарабіць 20 000 марак, і я вельмі хацеў зарабіць гэтыя грошы.

Бэрта выбрала мне строй: цёмны пінжак, трохі сьвятлейшыя нагавіцы і натуральнага колеру гальштук. Такіх рэчаў яна навучылася дома і ў школе ў манашак. Яны навучылі таксама сустракаць гасьцёў: калі падаваць каньяк, калі вэрмут, як аздабляць стол для вячэры. Вельмі карысна мець жонку, якая дакладна ведае такія рэчы.

Але Бэрта таксама нэрвавалася: калі яна паклала рукі мне на плечы, я шыяй адчуў, што вялікія пальцы яе рук вільготныя і халодныя.

«Усё будзе добра, — сказала яна, — ты атрымаеш гэты падрад».

«Божа мой, — сказаў я, — ход тут пра 20 000 марак, ты ж ведаеш, як дарэчы яны нам будуць».

«Ніколі, — ціха сказала яна, — нельга згадваць імя Бога ў зьвязку з грашыма!»

Цёмная машына спынілася ў нас перад домам, мадэль, якая была мне невядомая, але выглядала на італійскую. «Не сьпяшайся, — прашапятала Бэрта, — пачакай, пакуль яны пазвоняць, хай пастаяць дзьве ці тры сэкунды, тады павольна падыдзі да дзьвярэй і адамкні».

Я бачыў, як Цумпэны ўзьнімаюцца па лесьвіцы: ён — стрункі й высокі, сівізна на скронях, таго гатунку, які трыццаць гадоў таму называлі «сэрцаедамі»; фраў Цумпэн — з тых худых цёмных кабетаў, ад выгляду якіх мне заўсёды прыгадваецца цытрына. У Цумпэна было напісана на твары, што пэрспэктыва вячэры з намі страшэнна яго нудзіць.

Потым зазьвінеў званок, я счакаў сэкунду, дзьве, павольна падышоў да дзьвярэй і адамкнуў.

«Ах, — сказаў я, — як міла, што Вы да нас завіталі!»

З келіхамі каньяку ў руках мы абышлі нашае жытло: Цумпэны вельмі хацелі яго агледзець. Бэрта засталася ў кухні, каб выціснуць на бутэрброды з закускай маянэзу зь цюбіка; файныя ў яе выходзяць карункі, у выглядзе сэрцаў, мэандраў, малых хатак. Цумпэнам спадабалася нашае жытло; яны ўсьміхнуліся адзін аднаму, калі ўбачылі вялікі пісьмовы стол у маім кабінэце, у той момант ён і мне падаўся трохі завялікім.

Цумпэн пахваліў маленькі шкап у стылі ракако, які я атрымаў на вясельле ад бабулі, і мадонну ў стылі барока ў нашай спальні.

Калі мы вярнуліся ў сталоўку, Бэрта зьбірала на стол, і гэта яна таксама рабіла вельмі міла, так прыгожа і заразом натуральна, і за вячэраю было вельмі ўтульна. Мы гутарылі пра фільмы і кнігі, пра апошнія выбары, і Цумпэн хваліў розныя гатункі сыру, а фраў Цумпэн хваліла каву і пірожныя. Потым мы паказалі Цумпэнам фатаграфіі з нашага вясельнага падарожжа і здымкі брэтонскага ўзьбярэжжа, гішпанскіх аслоў і вулак Касабланкі.

Тады мы зноў выпілі каньяку, а калі я хацеў узьняцца і прынесьці кардонку з фатаграфіямі тае пары, калі мы былі заручаныя, Бэрта зрабіла мне знак, і я не пайшоў па кардонку. Дзьве хвіліны панавала цішыня, бо мы ня мелі больш матар’ялу да размовы, і мы ўсе думалі пра падрад; я думаў пра 20 000 марак, і мне прыйшло ў голаў, што пляшку каньяку я мог бы упісаць у падатковай дэклярацыі ў “вытворчыя выдаткі”. Цумпэн зірнуў на гадзіньнік, сказаў: «Шкада, ужо дзесяць, мы мусім сыходзіць. Дзякуй за гэткі прыемны вечар!» А фраў Цумпэн сказала: «Усё было чароўна, і я спадзяюся пабачыць вас у нашай хаце».

«Мы будзем радыя наведаць вас», — падзякавала Бэрта, і мы яшчэ паўхвіліны пастаялі, усе зноў думалі пра падрад, і я адчуваў, што Цумпэн чакаў, што я адвяду яго ўбок і пагавару зь ім. Але я гэтага не зрабіў. Цумпэн пацалаваў Бэрце руку, а я пайшоў паперадзе, адчыніў дзьверы і прытрымаў іх зьнізу для фраў Цумпэн.

«Чаму, — мякка сказала Бэрта, — ты не пагаварыў зь ім пра падрад? Ты ж ведаеш, што заўтра яны абвесьцяць вынікі».

«Божа мой, — сказаў я, — я ня ведаў, як пачаць размову на гэтую тэму».

«Ну, ты мусіў прыдумаць якую-небудзь нагоду, — мякка сказала яна, — запрасіць яго да сябе ў кабінэт і там пагутарыць. Ты ж заўважыў, як ён цікавіцца мастацтвам. Ты павінен быў сказаць: у мяне там ёсьць яшчэ крыж XVIII стагодзьдзя, можа вам цікава паглядзець на яго, а тады …»

Я маўчаў, і яна ўздыхнула і павязала сабе фартух. Я пайшоў за ёй у кухню; мы прыбралі засталыя бутэрброды ў лядоўню, і я мусіў паўзком шукаць на падлозе вечка ад цюбіка маянэзу. Я прыбраў рэшту каньяку, пералічыў цыгары: Цумпэн выпаліў толькі адну. Я выбіў папяльнічкі, стойма зьеў яшчэ адно пірожнае і паглядзеў, ці засталася кава. Калі я вярнуўся на кухню, Бэрта стаяла там з ключом да машыны.

«Што здарылася?» — спытаўся я.

«Натуральна, трэба ехаць», — сказала яна.

«Куды?»

«Да Цумпэнаў. А што ты сабе думаеш?»

«Хутка ўжо палова на адзінаццатую».

«А хай бы нават была поўнач, — сказала Бэрта, — наколькі я ведаю, ідзецца пра 20 000 марак. Ня думай, што яны такія далікатныя».

Яна пайшла ў ванную, каб прывесьці сябе ў парадак, а я стаяў ззаду і глядзеў, як яна выцірае вусны, крэсьліць новыя лініі, і ўпершыню зацеміў, які шырокі й прымітыўны гэты рот. Калі яна зацягвала вузел на маім гальштуку, я мог пацалаваць яе, як заўжды раней, калі яна завязвала мне гальштук, але я не пацалаваў яе.

У кавярнях і рэстарацыях у горадзе ярка гарэла сьвятло. Людзі сядзелі знадворку на тэрасах, і ў срэбных вазачках для марозіва і вядзерцах для лёду блукала сьвятло ліхтароў. Бэрта падбадзёрвала мяне вачыма, але засталася ў машыне, калі мы спыніліся перад домам Цумпэнаў, а я адразу націснуў на званок і быў зьдзіўлены тым, як хутка мне адмыкнулі. Фраў Цумпэн, здавалася, не зьдзівілася, убачыўшы мяне; на ёй быў чорны хатні строй з шырокімі, вельмі свабоднымі калашынамі, расшытымі ў жоўтыя кветкі, і больш чым калі раней яна нагадвала мне пра цытрыны.

«Перапрашаю, — сказаў я, — я хацеў бы пагаварыць з вашым мужам».

«Ён выйшаў, — сказала яна, — ён вернецца праз паўгадзіны».

У калідоры я ўбачыў шмат мадоннаў, гатычных і барока, нават ракако, калі такія ўвогуле ёсьць.

«Добра, — сказаў я, — калі дазволіце, я вярнуся праз паўгадзіны».

Бэрта купіла сабе вечаровую газэту: яна чытала ў машыне, паліла, і, калі я сеў побач, яна сказала: «Мяркую, ты мог бы пагаварыць пра гэта і зь ёй».

«А скуль ты ведаеш, што яго не было дома?»

«Бо я ведаю, што ён сядзіць у клюбе «Гафэль» і гуляе ў шахматы, як кожную сераду вечарам а гэтай гадзіне».

«Магла б сказаць мне раней».

«Ты мусіш зразумець мяне, — сказала Бэрта і склала газэту. — Я ж хачу табе дапамагчы, хачу, каб ты сам навучыўся ўлагоджваць такія рэчы. Мы мусілі адно патэлефанаваць майму бацьку, і ён за адзін званок уладзіў бы ўсё за цябе, але ж я хачу, каб ты атрымаў падрад сам».

«Добра, — сказаў я, — дык што мы зробім цяпер: пачакаем паўгадзіны ці паднімемся й пагутарым зь ёй зараз?»

«Найлепш падняцца зараз», — сказала Бэрта.

Мы вылезьлі з машыны і разам паехалі ў ліфце ўгару.

«Жыцьцё, — сказала Бэрта, — складаецца з таго, што людзі заключаюць кампрамісы і робяць саступкі».

Фраў Цумпэн была зьдзіўленая гэтаксама мала, як і колькі хвілін таму, калі я быў зайшоў адзін. Яна павітала нас, і мы прайшлі за ёй у кабінэт мужа. Фраў Цумпэн прынесла пляшку каньяку, наліла і, яшчэ перш чым я пасьпеў сказаць нешта пра падрад, прасунула да мяне хуткасшывальнік: «Паселішча Яловая Ідылія» — прачытаў я і напуджана паглядзеў на фраў Цумпэн, на Бэрту, але яны абедзьве ўсьміхаліся, і фраў Цумпэн сказала: «Адкрыйце тэчку» — і я адкрыў яе; усярэдзіне ляжаў другі, ружовы, хуткасшывальнік, і на ім я прачытаў: «Паселішча Яловая Ідылія. Экскавацыйныя работы». Я адкрыў і гэтую тэчку, убачыў, што мой каштарыс ляжыць першы; уверсе на палёх нехта напісаў чырвоным алоўкам: «Самая танная прапанова!»

Я адчуваў, што пачырванеў з радасьці, адчуваў, як білася маё сэрца, і думаў пра 20 000 марак.

«Божа мой», — ціха сказаў я і захлопнуў тэчку, і гэтым разам Бэрта забылася зрабіць мне заўвагу.

«Прост, — сказала фраў Цумпэн з усьмешкай, — давайце вып’ем».

Мы выпілі, я ўзьняўся і сказаў: «Магчыма, гэта некультурна, але вы, пэўна, разумееце, што цяпер я хачу дадому».

«Я добра разумею вас, — сказала фраў Цумпэн, — трэба толькі ўладзіць яшчэ адну драбніцу». Яна ўзяла тэчку, пагартала старонкі і сказала: «Вашая цана за кубічны мэтар на трыццаць пфэнігаў меншая за цану найбліжэйшага канкурэнта. Я прапаную вам падняць цану яшчэ на пятнаццаць пфэнігаў — тады вы ўсё адно застанецеся самым танным, але атрымаеце на чатыры тысячы пяцьсот марак болей. Зрабіце ж гэта зараз!». Бэрта выцягнула з сумачкі асадку і працягнула мне, але я быў занадта ўсхваляваны, каб пісаць; я аддаў тэчку Бэрце і назіраў, як яна спакойнаю рукою зьмяняла цану за мэтар, нанова напісала канчатковую суму і вярнула тэчку фраў Цумпэн.

«А цяпер, — сказала фраў Цумпэн, — яшчэ адна драбніца. Вазьміце вашу чэкавую кніжку і выпішыце чэк на тры тысячы марак, гэта павінен быць чэк для аплаты наяўнымі, які будзе дыскантаваны вамі».

Яна сказала гэта мне, але нашую чэкавую кніжку са сваёй сумачкі выцягнула Бэрта і выпісала чэк.

«У нас няма чым пакрыць яго», — ціха сказаў я.

«Калі падрад выдадуць, вы атрымаеце аванс, і тады пакрыецца», — сказала фраў Цумпэн.

Магчыма, тады я нават не разумеў, што адбывалася. Калі мы ехалі ў ліфце ўніз, Бэрта сказала, што яна шчасьлівая, але я маўчаў.

Бэрта выбрала іншы шлях, мы ехалі ціхімі кварталамі, я бачыў сьвятло ў адчыненых вокнах, людзей, што сядзелі на бальконах і пілі віно; стаяла сьветлая і ціхая ноч.

«Чэк быў для Цумпэна?» — толькі раз ціха спытаўся я, і Бэрта гэтаксама ціха адказала: «Вядома».

Я зірнуў на Бэрціны маленькія смуглявыя ручкі, якія ўпэўнена і спакойна трымалі стырно. Рукі, якія падпісваюць чэкі і выціскаюць маянэз зь цюбікаў. Я зірнуў на яе рот, і цяпер мне таксама не хацелася цалаваць яго.

Гэтым вечарам я не дапамог Бэрце паставіць машыну ў гараж і не дапамог змываць начыньне. Я ўзяў вялікі келіх каньяку, падняўся ў свой кабінэт і сеў пры пісьмовым стале, завялікім для мяне. Я думаў аб чымсьці, узьняўся, пайшоў у спальню і паглядзеў на мадонну ў стылі барока, але і там тая рэч, пра якую я думаў, не прыходзіла мне ў галаву.

Званок тэлефону перабіў мае роздумы; я ўзяў слухаўку і не зьдзівіўся, калі пачуў Цумпэнаў голас.

«Вашая жонка, — сказаў ён, — трохі памылілася. Яна падвысіла кошт за кубічны мэтар не на пятнаццаць, а на дваццаць пяць пфэнігаў».

Я трохі падумаў і адказаў: «Гэта не памылка, гэта адбылося з маёй згоды».

Ён спачатку памаўчаў, а тады сказаў, сьмеючыся: «Дык вы, значыць, папярэдне абмеркавалі розныя магчымасьці?»

«Так», — сказаў я.

«Добра, тады выпішыце яшчэ адзін чэк, на тысячу».

«Пяцьсот», — сказаў я, і падумаў: як у кепскіх раманах, гандаль.

«Васямсот», — сказаў ён, і я засьмяяўся: «Шасьцьсот». Хоць і ня меў досьведу, я ведаў, што зараз ён скажа: “Сямсот пяцьдзясят”. Калі ён насамрэч адказаў: “Сямсот пяцьдзясят” я такнуў і павесіў слухаўку.

Яшчэ не было дванаццатай, калі я выйшаў аддаць Цумпэну чэк. Ён прыехаў адзін і засьмяяўся, калі я сунуў яму праз вакно складзены чэк. Дадому я вяртаўся паволі. Бэрты яшчэ не было відаць, яна не прыйшла, калі я вярнуўся ў кабінэт; яна не прыйшла, калі я схадзіў выпіць халоднага малака, і я ведаў, пра што яна думала: ён павінен прайсьці праз гэта, і я мушу даць яму пабыць на самоце, ён павінен зразумець гэта.

Але я так і не зразумеў гэтага, і гэта сапраўды незразумела.

Пераклаў зь нямецкай
Алесь Пяткевіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца2

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка хацела адсудзіць у міліцыі 7 тысяч рублёў за распаўсюд фота яе сям’і па чатах і нават дайшла да суда3

На Камароўцы з'явіліся незвычайна буйныя дурніцы1

Коля Лукашэнка ўсклаў кветкі ў Пхеньяне па просьбе Пуціна10

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты30

У СІЗА ў Гомелі быў здзейснены суіцыд

Прэзідэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі: «Ваша рашучасць і стойкасць натхняюць»5

Мацкевіч збірае палітыкаў на метадалагічную «гульню». Бабарыка едзе, Ціханоўская — пакуль не. Што адбываецца і колькі гэта каштуе?41

Віцебскі праўладны блогер прапануе выдаваць інтэрнэт па даведках4

Былая зорка «Белсата» Сяргей Падсасонны выходзіць замуж за польскага шляхціца71

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца2

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць