У судзе Партызанскага раёна Мінска 2 снежня ў 10.00 пачаўся разгляд іску раённай ІМПЗ да праваабаронцы Валянціна Стэфановіча аб выплаце падаткаў. Прадстаўнікі падатковай інспекцыі заявілі хадайніцтва аб павелічэнні іскавы патрабаванняў за кошт змянення памеру пені. Такім чынам, падатковая інспекцыя просіць спагнаць са Стэфановіча 43.474.110 рублёў.
Адказчык заявіў, што факт нявыплаты ім падаткаў не ўстаноўлены. Апрача таго, ён абскардзіў у судзе пастанову падатковай інспекцыі аб нібыта ўчыненым ім адміністрацыйным правапарушэнні ў частцы нявыплаты падаткаў. Праваабаронца прасіў суд прыпыніць разгляд іску да разгляду яго скаргі па сутнасці. Суддзя Вераніка Абрамовіч у задавальненні хадайніцтва адмовіла, але перанесла судовае пасяджэнне на 14.15.
Разгляд скаргі Стэфановіча адбудзецца 2 снежня ў 11.30 у гэтым жа судзе.
Сума нібыта не выплачаных Стэфановічам падаткаў разлічана зыходзячы са звестак, якія далі беларускім уладам з Літвы.
На падставе такіх звестак з Літвы і Польшчы была распачата крымінальная справа ў дачыненні да праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які атрымаў 4,5 года пазбаўлення волі.
Каментары