«Не тыкай мне ў твар пальцам, а то ўкушу» — «Ну кусай!» А яна і ўкусіла. Беларуса пасадзілі за жорсткае збіццё жонкі ў Расіі
Ашалелы Павел Сяргееў тройчы ўдарыў жанчыну кулаком у твар, а калі яна ўпала, дабіваў нагамі.

У расійскім Іванаве пасадзілі грамадзяніна Беларусі Паўла Сяргеева. Яго прызналі вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкай шкоды здароўю сваёй жонцы Любові. Сяргееву далі 5 гадоў, але з улікам ранейшых, яшчэ не адбытых пакаранняў канчатковы тэрмін склаў 7 гадоў калоніі строгага рэжыму.
Канфлікт паміж Паўлам і Любоўю ўзнік дома, калі яны пілі гарэлку. У нейкі момант Павел стаў тыкаць жанчыне пальцам у твар. Тая папярэдзіла, што ўкусіць яго, калі ён не спыніцца. «Ну кусай!» — адказаў мужчына. І Любоў сапраўды ўкусіла яго за мезенец левай рукі.
Пасля ўкусу Павел раззлаваўся і накінуўся на жонку. Спачатку нанёс ёй тры ўдары рукой у твар, у нос, ад якіх Любоў упала на зямлю. А пасля яшчэ дадаў пяць удараў нагамі па целе і адзін удар нагой у галаву
У выніку жанчына атрымала пералом носа, а таксама пераломы двух рэбраў злева.
Пра здарэнне ў паліцыю паведаміла цётка пацярпелай — ёй патэлефанавала дачка Любові і папрасіла выклікаць паліцэйскіх, бо сама званіць баялася. Хуткую дапамогу ж выклікала сама дачка, калі маці, ужо ў доме, паскардзілася, што не можа дыхаць, а на твары ў той з'явілася кроў. У бальніцы жанчыне паставілі дрэнаж у грудную клетку, каб адпампаваць кроў, якая сабралася ў лёгкім, і яна прайшла курс стацыянарнага лячэння.
У судзе Павел прызнаў віну толькі часткова: пацвердзіў, што біў жонку кулаком у твар пасля ўкусу, аднак адмаўляў, што наносіў удары нагамі, спасылаючыся на тое, што жанчына нібыта спатыкнулася аб парог і ўпала сама. Але яму не паверылі
Асабліва суровым тэрмін атрымаўся з-за мінулага Паўла. Раней ён ужо быў асуджаны за наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю, якое з неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека — тады яму далі амаль 12 гадоў калоніі, з якіх ён быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Менавіта гэтая неадбытая судзімасць стала падставай прызнаць у яго дзеяннях небяспечны рэцыдыў. Апрача таго, на момант новага прысуду ён яшчэ не адбыў пакаранні па двух іншых справах — за прымяненне гвалту да прадстаўніка ўлады (3 гады 4 месяцы пазбаўлення волі) і за хуліганства (замененае на 3 гады прымусовых работ). Часткова склаўшы новае пакаранне з гэтымі двума неадбытымі тэрмінамі, суд і вызначыў канчатковыя 7 гадоў.
Да суда Сяргееву дазволілі быць дома, але пасля вынясення прысуду ўзялі пад варту.
Са слоў сваячкі, Павел і раней неаднойчы падымаў руку на Любоў: тая пісала заявы ў міліцыю, але пазней забірала іх, калі муж прасіў прабачэння.
На стадыі следства Любоў патрабавала спагнаць з мужа каля $12 тысяч у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, аднак ужо ў судзе адмовілася ад гэтага пазову. У апошнім слове Павел яшчэ раз папрасіў у жонкі прабачэння, і яна яго прыняла — аднак дараваць мужчыну не змаглі яе дзеці.
Каментары
Еслиб меня покусали ,то яб тоже бил нещадно.
Сейчас будет без мужика куковать без гроша в кармане.
Странные эти женщины!