Беларускі ПЭН абвясціў доўгі спіс прэміі імя Алеся Адамовіча. Узнагарода адзначае творы і праекты, якія дапамагаюць асэнсоўваць сучаснасць, захоўваюць памяць пра ключавыя падзеі нашага часу і ўзнімаюць важныя грамадскія пытанні. Прэмія таксама ўшаноўвае спадчыну пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча.

Сёлета ў конкурсе прэміі ўдзельнічалі 23 творы розных жанраў і фарматаў — мастацкая і дакументальная проза, паэзія, журналістыка, мультымедыйныя праекты і ініцыятывы вуснай гісторыі. Паводле вынікаў галасавання журы сфармавала доўгі спіс, у які ўвайшлі 13 намінантаў.
- Зборнік «Беларускія галасы з Познані» — Павел Залескі (выдавецтва Skaryna Press, 2025);
- Кніга «Гайд палітзняволення» — ананімная каманда (праект 361.1, 2025);
- Зборнік «Голас пакалення свабоды» — Сяргей Сашук (выдавецтва «Полацкія лабірынты», 2025);
- Кніга апавяданняў «Дубовые яблачкі» — Вольга Касцюк (выдавецтва Skaryna Press, 2025);
- Зборнік «Іду да вас, людзі» — укладальніца і рэдактарка Алена Казлова (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025);
- Відэа «Как беларусы живут после тюрьмы: иллюзия свободы» — Аляксандр Івулін (YouTube-канал «ЧестнОК», 2025);
- Зборнік «Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га» — укладальнікі Алена Карасцялёва, Віктар Шадурскі (выдавецтва Skaryna Press, 2025);
- Рэпартаж «Падляшскі трыпціх паўстання» — Вольга Сямашка (Беларускае Радыё Рацыя, 2025);
- Рэпартаж «Памяць у Свіслачы» — Юрка Ляшчынскі, Якуб Сушчынскі («Беларускае Радыё Рацыя», 2025);
- Раман «Пентаквантар» — Арцём Шуканаў (выдавецтва Gutenberg Publisher, 2025);
- Раман «Слон» — Саша Філіпенка (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2025);
- YouTube-канал інтэрв’ю «ТОК | TALK» — Наста Роўда (@TOK_talk, 2025);
- Раман «Эйфарыя» — Марыя Пархімчык (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025).
Паводле правіл статута і рэгламенту, на прэмію намінаваліся не толькі кнігі, але і публіцыстычныя артыкулы, падкасты, радыйныя рэпартажы, медыяпраекты і відэацыклы.
Лаўрэаты мінулага сезона:
- За гуманістычнае асэнсаванне беларускага турэмнага досведу з перспектывы дзяцей рэпрэсаваных бацькоў прэмію імя Алеся Адамовіча атрымала Вольга Вялічка і кніга «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» (выдавецтва Gutenberg Publisher).
- За смеласць і суперажыванне ва ўмовах дыскрымінацыі і гвалту ўганаравана частка кнігі «Цела таксама архіў» аўтарства Насты Манцэвіч (выдавецтва «Пфляўмбаўм»).
- Апроч дзвюх прэмій, Рада Беларускага ПЭНа ўганаравала спецыяльнай адзнакай сайт www.spring96.org праваабарончага цэнтра «Вясна» за 25‑гадовае паслядоўнае ўсебаковае асвятленне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Каментары