Грамадства1111

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі

Лізавета Шарамет, якая атрымлівае PhD у Калумбійскім універсітэце, расказвае, пра што так і не паспела спытаць у таты.

Ліза Шарамет разам з татам — Паўлам Шараметам. Тут і далей фота гераіні

Калі адкрываецца акно Zoom, перш за ўсё кідаецца ў вочы ўсмешка. Ліза Шарамет ўсміхаецца лёгка і шчыра. Яна цяпер жыве ў Нью-Ёрку, атрымлівае PhD у Калумбійскім універсітэце. Расказвае, што некалькі тыдняў таму выйшла замуж. Яна выкладае, піша навуковыя артыкулы, штодня ходзіць па вуліцах свайго любімага горада і прызнаецца, што часам сама не можа паверыць, як далёка занесла яе жыццё — ад Мінска, Масквы, Кіева, ад усяго, што калісьці складала яе свет.

«Я здзяйсняю свае даўнія мары, — кажа яна. — І нават дзіўна гэта ўсведамляць. Жыццё, асабліва калі яно так далёка ад месцаў, дзе калісьці здавалася, што яно скончыцца, праходзіць зусім інакш».

Потым яна прызнаецца, што часта, калі ідзе па любімым Нью-Ёрку, думае пра адно і тое ж:

«Я гляджу на ўсё гэта і думаю: вось жа як далёка я забралася. Туды, куды заўсёды хацела. І няма межаў гэтым маім марам і магчымасцям. І адразу ўзнікае адна думка: як жа шкада, што я не магу гэта ўсё паказаць тату. Паказаць яму гэтае жыццё».

Дзесяць гадоў таму ў цэнтры Кіева выбух аўтамабіля забраў жыццё яе бацькі — журналіста Паўла Шарамета. Калі ён загінуў, Лізе было 20 гадоў.

Цяпер ёй 30. За гэты час яна скончыла універсітэт, выкладала ў Вышэйшай школе эканомікі ў Маскве. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны з'ехала з Расіі і паўтара года пражыла ў Варшаве. Паступіла ў Калумбійскі ўніверсітэт — універсітэт сваёй мары — і пераехала ў Злучаныя Штаты. Пабудавала новую акадэмічную кар'еру і стварыла сям'ю.

«У мяне ёсць адчуванне нейкай перарванасці жыцця. Яно цяпер дзеліцца на жыццё апошніх некалькіх гадоў і жыццё да гэтага. Мама можа сесці ў самалёт і прыляцець да мяне, мы можам пагаварыць, абняцца. А з татам гэтага ўжо ніколі не будзе. Ён, на жаль, застаўся там, у тым далёкім жыцці. І чым далей я ад'язджаю — у Польшчу, у Амерыку, — тым больш мне здаецца, што аддаляюся і ад яго. Ён цяпер жыве толькі ў маёй памяці. І гэта, напэўна, адна з самых цяжкіх рэчаў», — кажа Ліза. 

У гэтай манеры сыходзіць у доўгія гісторыі, у тым, як яна адказвае на пытанні цэлымі жыццёвымі сюжэтамі, міжволі пачынае праступаць Павел Шарамет, пра якога сёння ўспамінае ўся беларуская журналістыка.

«Сяброўка бабулі пачула, што я падобная да таты, і сказала: «Які жах, бедная дзяўчынка»

Калі пытаешся ў Лізы, як яна сёння прадстаўляецца людзям, якія нічога не ведаюць пра яе сям'ю, яна спачатку смяецца. А потым расказвае гісторыю.

Ёй было чатыры гады, брату Колю — гадоў шэсць ці сем. Яны паехалі да бабулі ў вёску. Ліза паслізнулася ў дзіцячым басейне і наглыталася вады. Коля зваліўся з плота і абдзёр калена. Пазней маці патэлефанавала даведацца, як справы.

— Мама, у нас усё добра. Я зваліўся з плота, Ліза патанула, — сур'ёзна і драматычна паведаміў Коля.

«Я вось так звычайна не заходжу, як кажуць, з казыроў. Не пачынаю са слоў: «У маёй сям'і ўсё вельмі драматычна». Часцей за ўсё проста кажу: «Мой тата быў палітычным журналістам, а мама — праграмістка».

Калі Ліза расказвае пра сваё дзяцінства, Павел у гэтых успамінах — проста тата. А Ліза і яе брат Коля — двое дзяцей, якім заўсёды было што расказаць навакольным:

«Мы былі вельмі гаваркімі дзецьмі. Мама расказвае гісторыю, як мы прыйшлі ў «Макдональдс»: яна нешта заказвае, а мы з Колем вісім на стойцы і размаўляем з прадавачкай. Расказваем: «Я Ліза Шарамет, я Коля Шарамет, гэта наша мама Шарамет, і тата ў нас таксама Шарамет. І ўсе мы Шараметы».

Ліза смяецца. Праз шмат гадоў яна будзе папракаць бацьку за тое, што той гатовы размаўляць з кім заўгодна і дзе заўгодна. А потым зразумее, што сама робіць тое ж самае.

«Тату наогул не трэба было задаваць пытанні, каб ён пачаў нешта расказваць. Мне здаецца, ён адчуваў сябе адносна некамфортна ў цішыні. Калі гаварыць не было пра што, ён усё роўна знаходзіў выйсце. Напрыклад, мы ехалі ў машыне, ціха грала музыка. Калі яму не прыходзіла ў галаву, пра што расказаць, ён пачынаў услых чытаць шыльды крамаў, якія бачыў за акном. Пасядзець у цішыні з ім ніколі не атрымлівалася».

Калі Ліза гаворыць пра бацьку, яна часта ўсміхаецца. І прызнаецца: з гадамі ўсё часцей заўважае яго рысы ў сабе:

«Мне здаецца, у нас падобнае стаўленне да жыцця. Гэтая жыццёлюбства, цікавасць да людзей, жаданне размаўляць, даведвацца нешта новае. І яшчэ, напэўна, нейкая ўпартасць. Калі мне нешта трэба, я буду ісці і рабіць. У мяне, відаць, у вялікай ступені ад таты ёсць нейкая смеласць. Ён проста не спыняўся, біўся галавой у сцяну. Нават не прабіваў яе — ён яе зносіў. Яшчэ ў нас абодвух было вельмі моцнае імкненне да справядлівасці».

Ёсць і менш зручныя рысы:

«У нас абодвух была нейкая нястрыманасць. Гэта і плюс, і мінус. У кожнага медаля два бакі. У часы працы на Першым канале ў таты нават была мянушка «шалёны беларус». І, мяркуючы па ўсім, ён ёю ганарыўся. І хоць ва ўсіх гэтых медалёў ёсць два бакі, я рада, што яны ўсе вісяць у мяне на грудзях. І што яны ўсе ў мяне ёсць.

Разам з тым, я больш асцярожная за яго. Я больш думаю пра наступствы. У яго было так: калі трэба нешта зрабіць, значыць, трэба рабіць, а потым ужо разбірацца».

Раней, кажа Ліза, яна была вельмі падобная да Паўла знешне. Цяпер усё больш бачыць у сабе маму:

«Раней галоўнай была ідэя, што мы з татам вельмі падобныя: і паходка, і ўсмешка, і тое, і гэта. Памятаю, сяброўка бабулі пачула, што я падобная да таты, і сказала: «Які жах, бедная дзяўчынка».

Ліза смяецца:

«Маё падабенства да бацькі — гэта ўжо цэлы мем нашай сям'і. Я нашу ў гаманцы адну дарослую фатаграфію таты. Але ў мяне яшчэ былі мая дзіцячая фатаграфія, дзе мне гады тры, і яго дзіцячая, дзе яму таксама гады тры. І там абсалютна адзін твар. Але калі пакінуць усе гэтыя пытанні пра знешнасць… У мяне выдатныя бацькі, абое. Мне вельмі з імі пашанцавала».

«Я ніколі не адчувала, што мне яго не хапае. Да моманту яго смерці»

Павел Шарамет шмат працаваў, ездзіў у камандзіроўкі, вяртаўся позна. Пазней бацька і дачка жылі ў розных гарадах і краінах. Але Ліза кажа, што пры жыцці бацькі ніколі не адчувала яго адсутнасці.

«Калі ён ішоў на працу, мы яшчэ спалі, калі вяртаўся з працы — ужо спалі. І, здавалася б, а дзе ж тата? Але дзіўна, што я ніколі не адчувала, што мне яго не хапае. Да моманту яго смерці. Яго прысутнасць у маім жыцці была абсалютнай. Я ведала, што тата заўсёды са мной і што ён мяне вельмі любіць.

Нават пазней, якімі б няпростымі былі нашы адносіны ў падлеткавым узросце, я ўсё роўна заўсёды гэта адчувала. І нават калі мы не жылі ў адным доме, у мяне заставалася адчуванне гэтай эмацыйнай сувязі. Яна была непарушнай».

У апошнія гады жыцця Паўла яны жылі ў розных гарадах. Калі бацька прыязджаў, ён паўсюль браў Лізу з сабой:

«Гэта быў яго спосаб праводзіць са мной больш часу. Ён прыязджаў на некалькі дзён, а ў яго было шмат працы: трэба было даць інтэрв'ю, недзе выступіць, паехаць на прэмію, на мітынг. І ён мяне проста ўсюды браў з сабой».

Так Ліза апыналася побач з бацькам на журналісцкіх і палітычных мерапрыемствах:

«Я часта была яго кампаньёнам на ўсіх гэтых тусоўках. І ён ніколі не мог проста сказаць: «Гэта Ліза, мая дачка». Ён прадстаўляў мяне інакш, абавязкова казаў: «Гэта Ліза, мая дачка, студэнтка факультэта сацыялогіі Вышэйшай школы эканомікі». Кожны раз, з кім бы мы ні знаёміліся. Гэта ж такая доўгая канструкцыя! Але відавочна, яму было важна гэта сказаць».

Для Лізы гэта не было нейкім спецыяльным уваходжаннем у свет вядомых людзей:

«Шмат хто з гэтых людзей былі яго сябрамі. Іншыя — людзі, з якімі ён працаваў. А для мяне гэта проста быў спосаб быць побач з татам».

Жыццё, дзе прозвішча нічога не вырашае

Пасля смерці бацькі Ліза імкнулася выбіраць асяроддзе, дзе яе не ведалі:

«Калі выкладала ва ўніверсітэце ў Маскве, думала пра тое, што студэнты могуць проста загугліць маё прозвішча. І тады ўсё, што яны будуць бачыць перад сабой, — дачку Паўла Шарамета. Жыццё майго таты было настолькі вялікім, што запаўняла сабой усё. І мне часам хацелася, каб людзі ведалі мяне праз тое, што раблю я. Каб яны спачатку пазнаёміліся са мной, склалі нейкае ўяўленне пра мяне, а ўжо потым даведваліся ўсё астатняе».

У Амерыцы імя Паўла Шарамета большасці новых знаёмых нічога не кажа. Але калі Ліза ўсё ж расказвае сваю сямейную гісторыю, рэакцыя часта падобная:

«Амерыканцы кажуць: «Гэта ж блокбастар». Усё як у кіно. Разам з тым, мне крыўдна, што тое, як тата загінуў, так лёгка засланяе ўсё, што ён зрабіў. Ты расказваеш чалавеку пра яго, а вока і вуха адразу чапляюцца за тое, як ён памёр. І ўжо складана думаць пра нешта іншае».

«Я ўпершыню ўбачыла яго вачыма Беларусі»

Павел Шарамет быў адным з самых вядомых беларускіх журналістаў. Але яго дачка прызнаецца: яна па-сапраўднаму зразумела гэта толькі праз шмат гадоў пасля яго смерці.

«Для мяне ён быў перш за ўсё маім татам. Так, я бачыла частку яго прафесійнага жыцця, ведала яго сяброў, чытала яго матэрыялы. Пасля яго смерці пачала глядзець яго старыя рэпартажы. Але гэтага ўсё роўна было недастаткова, каб зразумець, кім ён быў для іншых людзей».

Гэта разуменне прыйшло нечакана. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе Ліза з'ехала з Расіі. Яна даўно марыла пра вучобу ў Злучаных Штатах, але шлях туды заняў час. Перад Нью-Ёркам яна паўтара года пражыла ў Варшаве. Кажа, што гэта быў адзін з самых важных перыядаў у яе жыцці. Яна апынулася сярод людзей, з якімі не трэба было спрачацца пра базавыя рэчы:

«Гэтыя паўтара года я існавала ў асяроддзі аднадумцаў, дзе мы ўсе пагаджаліся наконт таго, якая рэальнасць, што добра, а што дрэнна».

У гэты час яна падавала дакументы ва ўніверсітэты:

«Мне даўно пашанцавала зразумець, чым мне падабаецца займацца. І я падумала, што трэба паспрабаваць вярнуцца ў акадэмічны свет. Як заўсёды кажа мая мама, спачатку патрэбны «план А». Дык можна нават паспрабаваць выканаць яго і падаць дакументы ў самыя выбітныя ўніверсітэты свету».

План А спрацаваў:

«Мне ўдалося паступіць у Калумбійскі ўніверсітэт, куды я хацела паступіць і пра які марыла гадоў сем. Увесь гэты час я рыхтавалася да гэтага, адкладала грошы на вучобу».

Ліза Шарамет разам з мамай у Нью-Ёрку

У Варшаве яна трапіла ў асяроддзе беларускіх эмігрантаў. Падчас знаёмства амаль кожны раз адбывалася адно і тое ж: людзі чулі яе прозвішча і мяняліся ў твары:

«У мяне там з'явілася шмат беларускіх сяброў. І палова з іх, калі даведваліся, чыя я дачка, проста выпадалі ў асадак. Яны не ведалі, што сказаць, не маглі падабраць слоў. У іх мурашкі па скуры беглі. Для іх тата быў настолькі значнай фігурай».

Асабліва ўразілі Лізу сустрэчы з людзьмі з Гродна:

«Мне казалі: «Я жыў у Гродне, калі твой тата сядзеў у турме. Мы ўсе ведалі і гаварылі пра гэта. Паўсюль былі надпісы «Свабоду Шарамету». А нехта казаў: «Вось пабачыш, калісьці імем твайго бацькі будуць называць вуліцы». І вось тады я ўпершыню адчула яго маштаб не проста як чалавека, а як фігуры ў грамадскім жыцці Беларусі».

Яна гаворыць пра гэта амаль са здзіўленнем, быццам адкрыла бацьку наноў. Бо да таго яе ўяўленне пра Паўла Шарамета было іншым. У Маскве ён быў для яе чалавекам, які знаёміў дачку з Барысам Нямцовым, Аляксеем Навальным, вядомымі журналістамі, палітыкамі, інтэлектуаламі. Яна хадзіла з ім на прэміі, тэлеэфіры, бачыла вакол яго вялікі палітычны і журналісцкі свет. Але гэта быў яго свет. І толькі ў Варшаве яна ўпершыню ўбачыла, што ёсць яшчэ адзін: свет людзей, для якіх Павел Шарамет быў чалавекам, які дапамагаў не страціць веру ў тое, што Беларусь можа быць іншай.

«Мне здаецца, людзі звязвалі з ім шмат надзей на свабодную Беларусь. І я дакладна ведаю: нават калі ён ужо не мог жыць у Беларусі, ён ніколі не перастаў пра яе думаць. «Беларускі партызан», усё, чым ён займаўся пасля ад'езду, — гэта была яго пастаянная спроба зрабіць для Беларусі нешта карыснае».

«Я надакучвала ўсім пытаннем: а што такое панк?»

А яшчэ ў Варшаве Ліза праводзіла час з панкамі:

«Я вельмі ўдзячная таму часу і тым людзям. Яны мяне амаль не ведалі. У мяне была адна добрая знаёмая, якая мяне ва ўсё гэта запрасіла. А я была абсалютным навічком. Нічога не разумею, нічога не ведаю. Я вечна надакучвала ім сваімі дурнымі пытаннямі: «Слухайце, ну раскажыце мне, а што такое панк?» Мне сапраўды ўсё было вельмі цікава».

У выніку яна апынулася ў зусім новым для сябе асяроддзі:

«Гэтыя людзі з такой дабрынёй і шчодрасцю мяне прынялі. Паказвалі мне свой свет, вадзілі па сквотах, запрашалі на розныя рэчы. Я нават пачала займацца тайскім боксам, хоць са спортам у мяне адносіны няпростыя.

Мы ездзілі на нейкія фестывалі, спалі ў намётах, у нейкай гразі, танцавалі. Гэта быў дзіўны досвед. Такое пагружэнне ў жыццё, настолькі іншае ад таго, якое я ведала да гэтага, са мной больш ніколі не паўтаралася».

Пасля Ліза вярнулася да больш звыклага рытму:

«Гэта было жыццё, якое, можа, увогуле не маё. Але я вельмі ўдзячная, што змагла яго крыху пражыць. Я чалавек вельмі просты. Працэнтаў 85 маіх думак, майго часу і маёй энергіі ідзе ў маю працу. Я дачка сваіх бацькоў: люблю чытаць кнігі, гуляць і катацца на ровары. Вось мае інтарэсы».

«Маё жыццё ў асноўным праходзіць у адзіноце. Але не ў сумным сэнсе»

Цяпер у Лізы ёсць жыццё, якое яна ў вялікай ступені пабудавала сама. У 2023 годзе яна пераехала ў Нью-Ёрк. Цяпер яна скончыла трэці курс дактарантуры — уся праграма разлічаная прыкладна на пяць-шэсць гадоў.

«Я трапіла ў зусім іншы акадэмічны свет. Ды і проста ў зусім іншы свет. І маё жыццё ў нейкім сэнсе стала на свае рэйкі і панеслася з шалёнай хуткасцю, уласцівай амерыканскаму жыццю і амерыканскай акадэміі. Выйшла замуж і займаюся сваімі справамі».

Пра сваю працу Ліза расказвае з усмешкай:

«Я вучуся, але тэхнічна на заняткі ўжо не хаджу. Усё маё жыццё цяпер — чытаю, думаю, пішу. Як і іншыя PhD-студэнты, я асістую прафесарам і крыху выкладаю. Але значна менш, чым я выкладала ў Маскве. Тут мы такім чынам атрымліваем сваю стыпендыю, зарабляем яе. Раз на тыдзень праводзіш гадзіну семінара, у астатні час пішаш артыкулы, дысертацыю. 

Я займаюся тым, што мне цікава. І я вельмі люблю Нью-Ёрк. Мне здаецца, гэта сапраўды мой горад. У першыя прыезды сюды я хадзіла па Нью-Ёрку і не магла на яго нагледзецца.

Сацыялогія, якой займаецца Ліза, з'явілася ў яе жыцці не без удзелу бацькі:

«Калі я заканчвала школу, я наогул не ведала, чым мне займацца. Я думала: можа, стаць актрысай, можа, адвакатам. Кім толькі не хацела быць. Урэшце прыйшла да бацькі і сказала: «Адзіны раз у жыцці спытаю цябе, што мне рабіць. Адзіны раз дам табе магчымасць прыняць за мяне такое вялікае рашэнне». Тата пайшоў раіцца са сваімі знаёмымі. Ён пачаў пытацца ва ўсіх сваіх важных, разумных сяброў. Адным з іх быў Яўген Ясін, які тады быў навуковым кіраўніком Вышэйшай школы эканомікі. Ён сказаў: «Сацыялогія — навука будучыні». Я вырашыла: раз гэта навука будучыні, значыць, трэба ісці».

Цяпер яна смяецца: з таго часу сацыялогія з ёй ужо трынаццаць гадоў. Але палюбіла яе Ліза не адразу:

«Калі ты дастаткова доўга нечым займаешся, пачынаеш крыху больш разумець, што адбываецца. І тады ўжо атрымліваеш ад гэтага вялікую радасць. Я памятаю момант, калі палюбіла сацыялогію — калі заканчвала ўніверсітэт, падумала: «О, сацыялогія! Ну так, мне падабаецца».

Цяпер яна лічыць, што бацька тады не памыліўся:

«Парада аказалася слушнай. Тата малайчына, насамрэч».

Ліза ў Нью-Ёркскім метро

Пра сваё цяперашняе жыццё Ліза кажа, што яно ў вялікай ступені праходзіць у адзіноце. Але для гэтага пачуцця яна выбірае англійскае слова solitude, не loneliness. Не самотнасць, ад якой пакутуеш, а магчымасць быць сам-насам з сабой.

Адзін з яе звычайных дзён у цёплую пару года пачынаецца вельмі рана:

«Я часта еду катацца на ровары ў Цэнтральны парк, пакуль горад толькі прачынаецца. У парку ў гэты час усяго некалькі бегуноў і некалькі веласіпедыстаў, а не натоўпы людзей. Я вельмі стараюся злавіць гэтыя рэдкія сорак хвілін пустаты і цішыні».

Потым вяртаюся дадому, чытаю або гляджу навіны, збіраюся і іду ў бібліятэку, лабараторыю ці офіс — у месца «працы».

Як PhD-студэнтка, Ліза атрымлівае стыпендую ад універсітэта:

«Усе вакол мяне кажуць, што гэтых грошай не хапае. Маё меркаванне радыкальна адрозніваецца. Я лічу, што іх больш чым дастаткова. Мне хапае на арэнду ўласнай прыгожай студыі ў добрым месцы — універсітэт прапануе субсідаванае жыллё — і на тое, каб жыць сваё жыццё».

«Я б пайшла з татам і проста не спынялася»

Нью-Ёрк для Лізы — горад, па якім трэба хадзіць, не абавязкова з мэтай і па нейкім маршруце.

«Тут можна і трэба хадзіць гадзінамі без усялякага плана. Я стараюся так і рабіць, калі магу. Сутнасць — у раёнах, дамах і месцах, праз якія ты праходзіш па дарозе».

Калі спытаць, куды яна павяла б бацьку, калі б сёння магла паказаць яму свой Нью-Ёрк, адказ аказваецца вельмі простым:

«Я б пайшла з татам і не спынялася б некалькі гадзін. Мы дайшлі б пешшу да Чайнатаўна, гэта прыкладна дзве гадзіны хады. Там я купіла б сваю любімую локшыну за тры даляры. Потым мы селі б на лаву ў парку Сары Дэлана Рузвельт. Там пастаянна людзі гуляюць у стрытбол. Мы б крыху пасядзелі, паглядзелі на ўсё гэта. Пасля зайшлі б па пончыкі і пайшлі б далей».

Яна гаворыць пра гэта так, нібыта маршрут ужо існуе. Нібыта дастаткова толькі выйсці з дому:

«Проста ішла б і ішла разам з ім».

«Як гэта — быць гэтым самым Паўлам Шараметам»

Ліза кажа, што толькі некалькі гадоў таму прыйшла да ўзросту, калі пачала ўспрымаць бацькоў не толькі як маму і тату:

«Калі ты дзіця, табе не цікава распытваць бацькоў пра іх жыццё. Ну вось ёсць мама, ёсць тата. Табе здаецца, што ты і так усё пра іх ведаеш. А потым становішся старэйшай і разумееш, колькі ўсяго ты не спытала.

Я нарэшце ўвайшла ў тую фазу жыцця, калі разумееш, што бацькі — гэта рэальныя, асобныя людзі, у якіх ёсць свае думкі, перажыванні, ідэі, гісторыі. І я разумею, што ў нейкім сэнсе ўпусціла магчымасць глыбока пазнаць тату як асобнага дарослага чалавека, са сваімі думкамі і пачуццямі».

Цяпер яна пазнае яго праз чужыя гісторыі, успаміны яго сяброў, калег і знаёмых:

«Мне было б цікава спытаць яго, як ён сам сябе адчуваў. Як ён успрымаў сваё жыццё, чаго баяўся, пра што марыў, што для яго было самым важным. Я амаль ніколі не думала пра тое, што яму можа быць цяжка. Мне ніколі, да моманту яго смерці, не было яго ў чымсьці шкада».

Таму сёння ёй хацелася б спытаць менавіта пра гэта:

«Як гэтае жыццё ім адчувалася. Як гэта — быць гэтым самым Паўлам Шараметам».

Каментары11

  • Жыве Беларусь!
    20.07.2026
    Як жа цяжка гэта ўсведамляць, што за ўвесь гэты час не ўзнікла аніводнага журналіста, які б і блізка мог быць падобным у сваёй прынцыповасці, шчырасці і адданасці Беларусі і людзям да такога Чалавека, як павел Шарамет. Вялікая ганьба для нас усіх. Ён бы на тое, што зараз адбываецца, не змог глядзець, заплюшчыўшы вочы. Зямля табе пухам, Чалавеча!
  • не притулятися
    20.07.2026
    Тэма жонак не раскрытая. Яшчэ можна было згадаць, што менавіта Шарамет працягнуў у эфір цалкам беларускамоўнага БТ першую перадачу на расейскай - "Проспект". І яа хваліў "наших русских солдат" у праграме "Время". Патрыёт!
  • .
    20.07.2026
    "А потым становішся старэйшай і разумееш, колькі ўсяго ты не спытала."
    Так і ёсць, з усімі добрымі людзьмі ў сваім жыцці.
    Дзякуй за цёплы, хоць і сумны расказ.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка параіў узбекам шукаць вялікія грошы ў Расіі10

Лукашэнка параіў узбекам шукаць вялікія грошы ў Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр легендарны англійскі футбаліст Кевін Кіган

Мяняецца праца банка даных беларусаў, якім забаронены выезд за мяжу5

«Вялікая страта для ўсёй Беларусі». Ціханоўская адгукнулася на смерць Святланы Курс2

Пажар у гродзенскай бальніцы справакаваў адзін з пацыентаў6

У Нарвегіі адкрылі новы мемарыял ахвярам тэрактаў Брэйвіка. На ім — кулік з камянёў3

Памерла Святлана Курс. У яе творах спалучаліся магія жывога жыцця і бязлітасны псіхалагізм. А ў публічных выступах і ФБ — рэзкі антыімперыялізм і элегантны лірызм18

За працу ў Аршанскім лясгасе школьнікам заплацілі па 100 рублёў замест абяцанай тысячы — бацькі і дзеці абураны20

У Расіі спыніў працу праваабарончы праект Gulagu.net3

«Гэта ўжо перабор». Мінчанка знайшла ў буціку Zara клатч з цвіллю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка параіў узбекам шукаць вялікія грошы ў Расіі10

Лукашэнка параіў узбекам шукаць вялікія грошы ў Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць