Спорт44

Вікінг супраць англасакса: Холанд і Кейн выводзяць Нарвегію і Англію на апошні бой

Хто найлепшы Эрлінг Холанд ці Гары Кейн? Дазнаемся сёння ноччу.

Сёння апоўначы адны з найвыдатнейшых форвардаў у сучаснай гісторыі самай папулярнай футбольнай лігі свету — англійскай Прэм’ер-лігі — выведуць свае зборныя на вырашальную бітву за выхад у паўфінал чэмпіянату свету. Два гіганты сусветнага футбола — нарвежац Эрлінг Холанд і англічанін Гары Кейн — сыдуцца тварам да твару і, магчыма, нарэшце паставяць кропку ў спрэчцы пра тое, хто з іх найлепшы і чаму, піша Бі-бі-сі.

Супрацьстаянне Кейн — Холанд не такое яркае і вострае, як больш вядомыя дуэлі Месі — Раналду або Ямаль — Белінгем, паколькі яны правялі ў адной лізе ўсяго адзін сезон. Але іх кар’еры цесна перапляліся, і матч Англія — Нарвегія стане для абодвух рэдкай магчымасцю асабіста высветліць, хто мацнейшы.

Гары Кейн. Фота: AP Photo/Colin Hubbard

Гары Кейн — лідар і твар зборнай Англіі. Эрлінг Холанд — таран і талісман зборнай Нарвегіі. Абодва — нацыянальныя сімвалы. На гэтым падабенства заканчваецца і пачынаюцца цікавыя адрозненні.

Кейн — сямейны, разважлівы і стрыманы чалавек. Холанд — свой хлопец, здаровы і магутны, выглядае крыху дзікавата, але заўсёды шырока ўсміхаецца і ўсім задаволены. Напрыканцы ліпеня Кейну споўніцца 33 гады, Холанду — 26. У Холанда — 60 мільёнаў падпісчыкаў у Instagram, у Кейна — утрая менш.

Эрлінг Холанд. Фота: Tom Weller / picture alliance via Getty Images

Холанд — ідэальны герой для сацыяльных сетак.

Па-за полем ён пастаянна жартуе і дурэе, ствараючы самы папулярны вірусны кантэнт. А на полі яму амаль няма роўных: нават людзі, далёкія ад футбола, дзеляцца ролікамі, у якіх Холанд выглядае сапраўдным волатам.

Вось ён — увасабленне нястрымнай сілы: імчыць па полі сямімільнымі крокамі і лёгка раскідвае назойлівых абаронцаў у штрафной. Вось ён — увасабленне непахіснай перашкоды: стаіць, як скала, ад якой адзін за адным камічна адлятаюць усе, хто спрабуе збіць яго з ног або хаця б зрушыць з месца.

Кейн — поўная супрацьлегласць. Яго лад жыцця больш сціплы.

Ён жанаты са сваёй школьнай каханай, выхоўвае чацвярых дзяцей. Публічна аддае перавагу размовам пра сям’ю, каманду і дабрачыннасць. Гэта надзейны і дысцыплінаваны прафесіянал, паважаны лідар.

Яго галоўнае захапленне — гольф. Не самы ўдалы вобраз для TikTok і Instagram.

Розніца ў характары двух гігантаў англійскага футбола дзіўным чынам адлюстроўвае і розніцу іх шляху да поспеху.

У Кейна — доўгі і пакутлівы шлях праз церні да зорак. У Холанда — яркі і імклівы прарыў, сапраўдны волатаўскі наскок.

З Кейнам асацыююцца пакуты англійскіх заўзятараў і невыносна доўгае чаканне моманту, калі Кубак свету нарэшце «вернецца дадому», як спяваюць фанаты мужчынскай зборнай Англіі, чый апошні і адзіны трыумф на чэмпіянаце свету адбыўся 60 гадоў таму — у 1966 годзе. Нават чэмпіянат Еўропы мужчынская зборная не можа выйграць, тады як жаночая ўжо двойчы запар стала чэмпіёнкай Еўропы і дайшла да фіналу чэмпіянату свету.

І асабіста Кейну не шанцавала ўсе 14 сезонаў у Англіі. Ён быў лідарам і сімвалам «Тотэнхэма», але клуб за гэтыя гады так нічога і не выйграў. Толькі перайшоўшы ў Германію ўжо прызнанай легендай англійскага футбола, Кейн атрымаў партнёраў найвышэйшага ўзроўню ў складзе мюнхенскай «Баварыі» і летась нарэшце пацалаваў свой першы чэмпіёнскі кубак.

На той момант яму было ўжо амаль 32 гады.

Фота: Justin Setterfield/Getty Images

З Холандам жа асацыююцца не пакуты і паразы, а лёгкасць і прарыў. Нарвегія не выходзіла ў фінальную стадыю Кубка свету з 1998 года, а Холанд забяспечыў ёй не толькі паездку ў Амерыку, але і выхад з групы, а таксама перамогу над самой Бразіліяй у матчах плэй-оф. У той сустрэчы ён забіў абодва мячы, і ўпершыню ў гісторыі Нарвегія выйшла ў чвэрцьфінал сусветнага першынства.

У асабістай кар’еры Холанда ўсё таксама значна весялей, чым у Кейна. Трафеі ён збірае з 18 гадоў, а ўжо да 22 гадоў атрымаў усё тое, пра што Кейн толькі марыў: стаў чэмпіёнам Англіі і пераможцам Лігі чэмпіёнаў.

Холанд на паўгалавы вышэйшы за Кейна — не толькі ростам, але і выніковасцю, у тым ліку і на гэтым чэмпіянаце. У Амерыцы нарвежскі вікінг правёў чатыры матчы і забіў сем галоў. У англічаніна матчаў больш — пяць, але галоў менш — шэсць, прычым два з пенальці.

Стыль гульні ў іх падобны, але разам з тым розны. Абодва — магутныя цэнтральныя форварды, здольныя праціснуць абарону ў штрафной.

Але Холанд мацнейшы фізічна і больш эфектыўны: яму дастаткова аднаго дотыку, каб адправіць мяч у сетку.

На гэтым чэмпіянаце ён забіваў у сярэднім раз на 50 хвілін, Кейн — раз на 75 хвілін.

Кейн саступае яму ў фізічнай моцы і рэалізацыі момантаў, аднак ён старэйшы і больш вопытны, а яго футбольнае амплуа шырэйшае — ён можа не толькі завяршаць атакі, але і арганізоўваць гульню, адыходзіць з пазіцыі цэнтральнага нападніка на ролю атакуючага паўабаронцы. 

Гэта пацвярджае і статыстыка гэтага турніру: акрамя шасці галоў, у Кейна ёсць яшчэ і галявая перадача, тады як у Холанда асістаў няма.

Менавіта таму Кейн — не толькі галоўная зорка, але і капітан зборнай Англіі, а Холанд — толькі галоўная зорка зборнай Нарвегіі, у той час як капітанская павязка належыць 27‑гадоваму лідару лонданскага «Арсенала» Марціну Эдэгору.

Хто лепшы: Кейн ці Холанд?

Паміж імі больш агульнага, чым можа здацца.

Холанд нарадзіўся ў англійскім Лідсе, дзе гуляў у футбол яго бацька. Калі б ён не выбраў выступаць за Нарвегію, то цалкам мог бы цяпер быць на месцы Кейна ў ролі галоўнага форварда зборнай Англіі.

А Кейн мог апынуцца на месцы Холанда ў «Манчэстэр Сіці», калі б яго трансфер з «Тотэнхэма» ў 2021 годзе не сарваўся ў апошні момант. «Сіці» прапаноўваў за Кейна 100 мільёнаў фунтаў, але «Тотэнхэм» патрабаваў не менш за 150 мільёнаў.

Дубль Эрлінга выбіў Бразілію з чэмпіянату свету. Фота: Yuki Iwamura / AP 

Самы паспяховы трэнер Прэм’ер-лігі апошняга дзесяцігоддзя Пеп Гвардыёла адклаў пошук замены Серхіа Агуэра яшчэ на год, а ўжо летам 2022 года купіў у дортмундскай «Барусіі» нападніка, які быў утрая таннейшы, маладзейшы, больш задорны і больш эфектыўны — Эрлінга Холанда.

У выніку лонданскі клуб Кейна ў сезоне 2022/23 заняў толькі восьмае месца ў Прэм’ер-лізе і вылецеў з усіх кубкавых турніраў.

Кейн і Белінгем. Фота: Julian Finney — FIFA/FIFA via Getty Images 

Сам Гары Кейн хоць і забіў 30 галоў — колькасць, якой звычайна хапае для звання лепшага бамбардзіра сезона, — усё ж саступіў гэты тытул Эрлінгу Холанду, бо той забіў рэкордныя для Прэм’ер-лігі 36 галоў у сваім дэбютным сезоне і дапамог «Манчэстэр Сіці» аформіць гістарычны трабл — перамагчы ў чэмпіянаце Англіі, Кубку Англіі і Лізе чэмпіёнаў.

А Гары Кейн увогуле пакінуў Англію і пераехаў у Германію.

Цяпер ужо Холанд каштуе ўтрая даражэй за Кейна. Паводле апошняй ацэнкі Transfermarkt, 25‑гадовы нарвежац дзеліць першае месца ў спісе самых дарагіх футбалістаў свету разам з 18‑гадовым іспанцам Ламінам Ямалем. Іх трансферны кошт ацэньваецца на 200 мільёнаў еўра, тады як кошт Кейна значна сціплейшы — 60 мільёнаў еўра.

Каментары4

  • Filipp
    11.07.2026
    "Хто найлепшы Эрлін Холанд ці Гары Кейн? Дазнаемся сёння ноччу."©
    Я за Кейна!
  • Cymus
    11.07.2026
    Haaland - па-беларуску чытаецца Голан. "Холанд" пішуць расейцы, бо не маюць двух "Г". У беларускай мове ўжываць такі варыянт недарэчы (тое самае, што пісаць Хітлер або Хамбург).
  • %
    11.07.2026
    Працягваю заўзець за Англію, працягваю спадзявацца

Цяпер чытаюць

Айцішнік і былы палітвязень Віктар Куўшынаў прадае за 850 тысяч еўра дом у Партугаліі, які пабудаваў паўтара года таму ФОТЫ10

Айцішнік і былы палітвязень Віктар Куўшынаў прадае за 850 тысяч еўра дом у Партугаліі, які пабудаваў паўтара года таму ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

«Піва тут няма наогул». Беларускаму айцішніку ў Саудаўскай Аравіі крута — але ёсць цана1

У папулярнай расійскай халве знайшлі лішак кадмію1

Беларус за 1000 еўра купіў у Расіі пасведчанне кіроўцы. Цяпер у яго праблемы ў Польшчы5

У Мінску закрыўся бар «Вострыя казыркі»5

Новы від марскіх малюскаў назвалі ў гонар брамніка зборнай Каба-Вэрдэ

У якіх умовах жыве Кім Чэн Ын і што носяць яго жонка, сястра і дачка6

Ад качагара да «архімандрыта», які ладзіць оргіі і посціць гей-порна. Хто той рэлігійны махляр, якога арыштавалі на Віцебшчыне12

Расійскі мільярдэр, ураджэнец Гомеля Мельнічэнка выступіў з праграмным артыкулам з апісаннем магчымага новага парадку ў Еўропе51

«Цяперашні статус недалёкі ад бамжацкага». Былы палітвязень Ігар Карней расказаў пра праблемы з легалізацыяй17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Айцішнік і былы палітвязень Віктар Куўшынаў прадае за 850 тысяч еўра дом у Партугаліі, які пабудаваў паўтара года таму ФОТЫ10

Айцішнік і былы палітвязень Віктар Куўшынаў прадае за 850 тысяч еўра дом у Партугаліі, які пабудаваў паўтара года таму ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць