Пакуль невядома, якім чынам і навошта ліс прабраўся на борт, калі судна стаяла ў англійскім порце.

Руды ліс, які таемна пракраўся на грузавое судна ля ўзбярэжжа Саўтгемптана ў Брытаніі, паспяхова пераадолеў тысячы міль праз Атлантычны акіян і цяпер знаходзіцца пад наглядам супрацоўнікаў заапарка Бронкса ў Нью-Ёрку, піша Бі-бі-сі.
Амерыканскія інспектары выявілі ліса ў грузавым адсеку ў порце Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі, пасля чаго 19 лютага перадалі яго ў заапарк Бронкса.
«Як толькі ветэрынарная каманда вызначыць, што ліс здаровы, заапарк сумесна з экспертамі па дзікай прыродзе знойдзе падыходны доўгатэрміновы дом для жывёлы», — гаворыцца ў заяве заапарка.
Ветэрынары ўдакладняюць, што жывёла аказалася двухгадовым самцом вагой каля 5 кг.
Пакуль невядома, якім чынам і навошта ліс прабраўся на борт, калі судна стаяла ў англійскім порце.
«У порце Саўтгемптана мы працуем з усім — ад аўтамабіляў і кантэйнераў да круізных лайнераў, але нават нас здзівіла, што ліс па сутнасці сам сабе зладзіў трансатлантычнае падарожжа», — сказаў прадстаўнік брытанскіх партоў Associated British Ports (ABP) у Саўтгемптане.
«Відавочна, яму захацелася змяніць Салент [праліў, які аддзяляе англійскі востраў Уайт ад мацерыка] на паром Статэн-Айленда. Хоць у наступны раз мы б параілі яму выбраць Queen Mary 2, якая ходзіць па маршруце Саўтгемптан — Нью-Ёрк з куды большым камфортам!», — дадаў ён.
«Здаецца, ён ужо цалкам абжыўся, — сказаў агенцтву AP Кіт Ловет, адзін з кіраўнікоў заапарка. — Яму давялося многае перажыць».
Лісіцы ўваходзяць у лік самых распаўсюджаных драпежных млекакормячых у свеце. Вядомыя сваёй рудаватай поўсцю і пухнатым хвастом з белым кончыкам, яны насяляюць у Еўропе, Азіі, Паўночнай Амерыцы і некаторых частках Афрыкі.
Дзіўная здольнасць ліс хутка прыстасоўвацца да зменлівых умоў пражывання і непераборлівасць у ежы дазваляе ім паспяхова жыць у самых розных месцах — ад лясоў і лугоў да гарадскіх раёнаў.
Ліса часта можна сустрэць на вуліцах Лондана і іншых брытанскіх гарадоў.
Каментары