Здароўе

Новы трэнд — малодзіва замест вітамінаў. Яно сапраўды карыснае?

У ЗША імкліва расце попыт на малодзіва — першае малако, якое выпрацоўваецца пасля родаў. Яго прадаюць у выглядзе дарагіх дабавак і рэкламуюць як падтрымку для імунітэту, стрававання і фізічнай формы. Выданне The New York Post высветліла, наколькі гэтыя сцвярджэнні пацвярджаюцца даследаваннямі.

Фота: Emran Uddin / Vecteezy.com

Апошнія гады вакол груднога малака ўзнікла нечаканая камерцыйная цікавасць. У 2025 годзе адна з TikTok-блогерак заяўляла, што зарабіла больш за 13 тысяч даляраў, прадаючы сваё малако бодзібілдарам, перакананым, што яно дапаможа ім хутчэй набраць мышачную масу. У Аўстраліі журналісты фіксавалі выпадкі, калі анкалагічныя пацыенты праз фэйсбук шукалі грудное малако, мяркуючы, што яно дапаможа ім у лячэнні.

Асаблівы попыт — на малодзіва, першае малако, якое выпрацоўваецца ў апошнія тыдні цяжарнасці і ў першыя дні пасля родаў. Яго часта называюць «вадкім золатам» — за высокую канцэнтрацыю антыцелаў і пажыўных рэчываў, якія падтрымліваюць імунную сістэму немаўляці і развіццё яго кішэчніка. Малодзіва выпрацоўваюць усе самкі сысуноў.

Цяпер жа яно стала папулярным і сярод дарослых — у выглядзе харчовых дабавак.

Бум малодзіва

Як адзначаюць эксперты, большасць дабавак з малодзівам вырабляецца з сыравіны, атрыманай ад кароў. Такія прадукты прадаюцца ў выглядзе парашку або капсул. Кошт адной упакоўкі можа перавышаць 100 даляраў.

Паводле спецыялістаў у харчаванні, малодзіва кароваў утрымлівае тыя ж ключавыя кампаненты, што і чалавечае: імунаглабуліны (антыцелы), фактары росту і ахоўныя бялкі. Менавіта з імі звязваюць магчымую карысць для кішэчніка, імуннай сістэмы і аднаўлення пасля нагрузак.

Продажы імкліва растуць. За апошні год амерыканцы выдаткавалі каля 19 мільёнаў даляраў на дабаўкі з малодзіва. Паводле дадзеных аналітыкаў рынку, колькасць прадуктаў з гэтым інгрэдыентам павялічылася больш як на 150% — гэта самы хуткарослы сегмент у сваёй катэгорыі.

Эксперты мяркуюць, што рост папулярнасці тлумачыцца некалькімі фактарамі: новымі даследаваннямі пра карысць малодзіва і падтрымкай з боку знакамітасцяў.

Каровіна малодзіва і атрыманы з яго парашок. Фота: Wikimedia Commons

Што кажуць даследаванні

Навуковыя высновы пакуль асцярожныя. Даследаванняў становіцца больш, але адназначнага кансэнсусу няма.

Агляд, апублікаваны ў 2022 годзе, паказаў, што малодзіва можа ўмацоўваць слізістую абалонку кішэчніка і зніжаць яго пранікальнасць, што спрыяе паляпшэнню стрававання і ўмацаванню імуннай абароны. Сістэматычны агляд 2024 года выявіў, што ў большасці прааналізаваных даследаванняў прыём малодзіва зніжаў частату дыярэі.

Ёсць таксама дадзеныя пра зніжэнне рызыкі інфекцый верхніх дыхальных шляхоў у студэнтаў і спартсменаў. У рандамізаваным даследаванні з удзелам студэнтаў-медыкаў — якія маюць павышаную рызыку праз стрэс і кантакт з пацыентамі — дабаўкі з малодзіва забяспечылі істотную імунную абарону.

Значная частка навуковых прац прысвечана спорту. Малодзіва можа дапамагаць падтрымліваць выніковасць падчас інтэнсіўных трэніровак і ў перыяд аднаўлення. Аднак доказаў таго, што яно істотна ўплывае на рост мышачнай масы або змяненне складу цела, пакуль няшмат.

Асобна згадваецца і магчымы эфект мясцовага прымянення — напрыклад, для змяншэння сімптомаў вагінальнай сухасці ў жанчын. Але ў цэлым меркаванне экспертаў такое: асноўныя патэнцыйныя перавагі датычацца кішэчніка і імуннай сістэмы, і яны, верагодна, аднолькавыя для мужчын і жанчын.

Пры гэтым частка гучных заяў — пра меншае ўздуцце, рост сілы і мышачнай масы, а таксама гусцейшыя валасы — грунтуецца на даследаваннях, ініцыяваных самімі вытворцамі.

Як выбраць і каму не варта

Пры выбары біядабавак з малодзіва кароў эксперты раяць звяртаць увагу на паходжанне сыравіны і спосаб апрацоўкі. Важна, у якіх умовах утрымліваюць кароў і ці выкарыстоўваюцца пры гэтым гармоны або генетычна мадыфікаваныя кармы, а таксама якім чынам атрымліваюць і сушаць малодзіва. Пры высокай тэмпературы частка біяактыўных злучэнняў можа разбурацца, таму вытворцы звычайна падкрэсліваюць выкарыстанне зберагальных метадаў апрацоўкі. З гэтай жа прычыны парашок не раяць змешваць з гарачымі напоямі.

Дабаўкі з каровінага малодзіва не пасуюць людзям з алергіяй на бялок каровінага малака. Яны таксама змяшчаюць лактозу, таму пры яе непераноснасці магчымыя ўздуцце і дыскамфорт.

Большасць экспертаў, з якімі размаўлялі журналісты The New York Post, адзначаюць: малодзіва — не чарадзейны сродак, а біялагічна актыўны прадукт, які ў пэўных сітуацыях — падчас стрэсу, інтэнсіўных трэніровак або падвышанай рызыкі інфекцый — можа даваць дадатковую падтрымку кішэчніку і імуннай сістэме.

Каментары

Цяпер чытаюць

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў6

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

СК расказаў падрабязнасці пра напад расійскіх маладзёнаў на сям'ю ў Смалявіцкім раёне6

У Бярозаўскім раёне міліцыя страляла па п'яным

На МТЗ вырашылі завесці ўласнага маскота2

Чаму муху так цяжка злавіць? Навукоўцы даюць аргументаваны адказ4

На Камароўцы прадаюць маладую бульбу. Праўда, цэны касмічныя2

«Ставяцца як да смецця». Беларус-акупант пакалечыўся на фронце, а цяпер памірае ў курскай бальніцы без дапамогі29

60% супрацоўнікаў беларускіх кампаній незадаволеныя сваім заробкам

Адзіны ў Расіі вытворца шкловалакна пасля атакі ўкраінскіх дронаў не працуе ўжо хутка год1

МАРГ далучыла да пагаднення аб прасоўванні беларускіх тавараў новых буйных гульцоў. Сярод іх — уладальнік «Табакерак»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў6

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць