Чыноўнікі папярэдзілі пра адказнасць за негатыўныя інтэрнэт-водгукі аб таварах
Начальніца ўпраўлення па абароне правоў спажыўцоў і кантролі за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Іна Гаўрыльчык заявіла, што аўтары негатыўных водгукаў у інтэрнэце нясуць адказнасць за тое, што пішуць. Гэта тычыцца як звычайных карыстальнікаў, так і кампаній, на сайтах якіх пад выглядам водгукаў размяшчаецца рэклама.

Чыноўніца адзначыла, што многія кіруюцца ў сваіх дзеяннях «старымі крыўдамі» — напрыклад, пішуць негатыўны водгук на арганізацыю за тое, што некалькі гадоў таму ім няправільна адказалі ці прадавалі няякасны тавар. Хоць праблема была вырашаная, асадак, маўляў, застаецца.
«У такой сітуацыі спажывец адказвае за свае словы, і гэта рэгулюецца грамадзянскім заканадаўствам», — падкрэсліла Гаўрыльчык.
Што тычыцца пахвальных водгукаў у інтэрнэце, то, калі яны маюць яўна рэкламны характар, да кампаній, на сайтах якіх яны апублікаваныя, могуць быць прынятыя меры. Калі ў водгуку выкарыстоўваюцца словы ў найвышэйшай ступені («найлепшы», «самы добры»), гэта ўжо не проста меркаванне, а рэкламны водгук.
Каментары