Ад праверкі лічыльнікаў да паездкі ў Маскву: як Таццяна міжволі стала кур’ерам махляроў — падрабязная гісторыя
З жанчынай журналісты сустракаюцца ва Упраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці. Таццяна адразу тлумачыць: яе галоўная мэта — расказаць сваю гісторыю. Яна вельмі спадзяецца, што гэта дапаможа іншым людзям не трапіць у лапы махляроў, паведамляе Mlyn.by.

— У пачатку снежня каля 11:00 раніцы мне патэлефанавалі на хатні тэлефон. Мужчына назваўся спецыялістам водаканала, а я ведала, што вось-вось павінна быць паверка лічыльнікаў, таму пачала размаўляць. Усё па справе, голас даволі пераканаўчы, кажа, маўляў, з вамі звяжуцца нашы майстры, а пакуль давайце зверым дамову. Я пабегла, хутка ўзяла паперы, назвала нумар.
Ён пацвердзіў і кажа: «Перавярніце, калі ласка, дамову, трэба зверыць яшчэ і вашы асабістыя даныя». Я адразу трошкі насцярожылася, бо разумею, што нельга камусьці старонняму даваць такія звесткі.
Але ён неяк мяне пераканаў, сказаў, маўляў, не серыю і не нумар пашпарта трэба сказаць, а толькі асабісты нумар. Я назвала. Не адразу, але назвала. Мужчына яшчэ раз паўтарыў, што са мной звяжацца майстар, і паклаў слухаўку.
— Літаральна ў тую ж секунду мне паступае відэазванок у Viber. Звычайна я вельмі асцярожная, заўсёды гляджу на нумар, і калі код краіны не наш — я ніколі не адказваю. Тут убачыла +375, значыць беларускі, узяла.
Чалавек з добра пастаўленым голасам кажа: «Я прадстаўнік Следчага камітэта, маёр Курыльчук. Таццяна Канстанцінаўна, вы зараз размаўлялі з махлярамі».
Ён называў мяне па імені і па бацьку, усё як належыць. Я ўбачыла форму, гэту блакітную кашулю, фон кабінета. І я паверыла, што са мной размаўляюць праваахоўныя органы. Ён працягнуў: «Вы ж разумееце, цяпер вельмі шмат махляроў, будзьце напагатове. З вамі зараз будзе размаўляць прадстаўнік Нацбанка».

— Тут жа тэлефануе нейкі Варанцоў і кажа, што проста цяпер на мяне былі аформленыя крэдыты ў адным з банкаў, яго супрацоўнікі ўдакладняюць іх колькасць, потым мне ўсё паведамяць. Маўляў, афармленне крэдытаў усё яшчэ працягваецца.
Тут, вядома, я ўвогуле ў шокавым стане, бо ўсе мае грошы — гэта пенсійная карта і заробкавая. Ён спытаў, у якім банку я абслугоўваюся. Мне хаваць няма чаго, я сказала, што ў мяне дзве карткі, назвала банк. Ён кажа — будзем правяраць, куды пайшлі сродкі, не адключайцеся, зараз да нас яшчэ падключыцца чалавек.
Таццяна — падазраваная ў справе аб махлярстве

— Сапраўды, падключаецца яшчэ адзін чалавек. Я ж упэўненая, што людзі працуюць, адсочваюць маю сітуацыю, што ўвогуле адбываецца.
Падключаецца нейкі Герасімаў, нібыта юрыст Нацбанка, і кажа: «Зараз я вам дашлю свой дакумент, каб вы паверылі, што я сапраўды супрацоўнік». Адправіў пасведчанне, выглядала яно рэалістычна, з фатаграфіяй. Але адкуль я магу ведаць, як павінен выглядаць сапраўдны дакумент? Не так часта сутыкаешся ў жыцці з такімі арганізацыямі. Ён сказаў, што на маё імя аформленыя два крэдыты. Я нават у сшытку суму запісала: першы — 17 тысяч з нечым, другі — больш за 14 тысяч. І ён кажа, маўляў, усё адбываецца вельмі-вельмі хутка — і гэтыя грошы, то-бок аформленыя на мяне крэдыты, ужо пайшлі за мяжу. Я вельмі спалохалася.

— Наступны званок быў ад ілжэсупрацоўніка КДБ. Таксама відэасувязь, ён пытаецца: «Бачыце мяне?». А я разгубілася, кажу: «Бачу!», і думаю — падпалкоўнік ці палкоўнік? Я не бачыла пагонаў. Але мова ў яго ўвогуле бездакорна пастаўленая: адбівае словы, усё дакладна, ясна. Сумненняў у мяне не было, што гэта прадстаўнік органаў — усё было настолькі пераканаўча, аж да «маю гонар». Ён кажа, маўляў, пакуль Нацыянальны банк разбіраецца з вашай сітуацыяй па крэдытаванні, я вам зараз дашлю дакумент — згоду на сумесную працу. Вы павінны будзеце супрацоўнічаць з органамі, будзеце працаваць як пазаштатны супрацоўнік КДБ. Зараз дашлю вам ліст з інструкцыяй.

— Прыходзіць ліст. У шапцы — мае прозвішча, імя, імя па бацьку, стаяць пячаткі, усё як належыць. І я, прывыклая давяраць органам і адчуваючы, што абавязаная дапамагчы, вядома ж, згаджаюся лавіць махляроў. Потым тэлефануе «Нацбанк», зноў гэты спадар Варанцоў. Кажа — вам трэба напісаць заяву, я дашлю ўзор. Дасылае файл. Я перапісваю па ўзоры ад рукі, фатаграфую і адпраўляю назад. І толькі потым я ўжо асэнсавала і зразумела: там я ім і асабісты нумар указала, і ўсе свае пашпартныя даныя. Але ў той дзень я ўсё адпраўляю — бо думала, што я супрацоўнік, я дапамагаю следству.
— «Прадстаўнік Нацбанка» паведамляе мне, што «крэдытаванне па маёй лініі спынена», супакойвае, што выплачваць мне гэтыя амаль 30 тысяч рублёў не давядзецца, што на мяне больш ніякіх крэдытаў ніхто ўзяць не можа, бо карта мая імі заблакаваная. Я спалохалася, кажу — пачакайце, як заблакаваная? Там усе мае сродкі, як жа мне жыць?
— Потым махляры сказалі мне адпрасіцца з працы: бо ў нас з імі шмат спраў. Пераканалі, што я павінна прытрымлівацца інструкцыі, што мы разам у адной звязцы працуем. Папярэдзілі, што мне давядзецца з’ездзіць у іншы горад і вельмі прасілі нічога нікому не гаварыць, бо праводзіцца «спецаперацыя». Я ўвогуле па жыцці не балбатлівая. А калі супрацоўнічаеш з такімі органамі, вядома ж, язык за зубамі. У мяне ёсць дарослая дачка, жыве ў іншай краіне, але нават думкі не было ёй патэлефанаваць. Навошта трывожыць? Падзяліцца радасцю, што я пазаштатны супрацоўнік КДБ?! Цяпер, вядома, вельмі шкадую.

— Падчас усіх гэтых шматлікіх размоў махляры спыталі, ці ёсць у мяне грошы дома. Валюта, нейкія зберажэнні. Я кажу — так, у мяне ёсць 18 тысяч расійскіх рублёў, засталіся пасля паездкі ў адпачынак, і 200 даляраў, якія ляжаць «на ўсялякі выпадак». Яны сказалі, што калі рэальная сума большая — то трэба прызнацца, і яны дапамогуць «задэклараваць» грошы. Я адказала, што сума менавіта такая і дэклараваць мне больш няма чаго. Цяпер ужо разумею, што такім чынам ён прамацаў, у якасці каго я магу быць ім карыснай, і, зразумеўшы, што грошай узяць з мяне немагчыма (іх проста няма), — яны вырашылі выкарыстаць мяне інакш.
— Я, уся на нервах, адпрасілася з працы, спаслаўшыся на здароўе. Ноч была кашмарнай, я амаль не спала. Раніцай, каля 10 гадзін, мне патэлефанавалі. Іншы нібыта супрацоўнік Нацбанка. Прадстаўляецца мне, кажа — я буду з вамі працаваць, бо Варанцоў па сямейных абставінах займаецца іншымі пытаннямі, просіць заставацца на сувязі, тэлефон далёка не прыбіраць, зарадзіць яго цалкам. Ён яшчэ ласкава дазволіў мне гадзінку паспаць, бо я вельмі хвалявалася менавіта з-за таго, каб годна дапамагчы праваахоўнікам. Вельмі перажывала, што яны знайшлі не самую прыдатную кандыдатуру для дапамогі, настройвала сябе, што павінна справіцца з любымі пытаннямі і задачамі.

— Пры чарговым званку высветлілася, што мне трэба будзе ехаць у Маскву, цягнік у 21:45, але да гэтага яшчэ трэба сёе-тое зрабіць. Шматразова паўтаралі мне — нікому нічога не кажыце! Сказалі зняць з уласнай карты 500 рублёў, дзеля гэтага яны паабяцалі яе разблакаваць, далі дазвол на куплю прадуктаў і аплату мабільнай сувязі і інтэрнэту. Усе выдаткі, нават самыя дробныя, я павінна была фіксаваць, яны паабяцалі потым іх кампенсаваць, уключаючы два дні за свой кошт. «Можа быць, нават падзяку дашлём на працу», — дадаў махляр.
— Я хутка сабралася, паказала сумку, ён ухваліў, маўляў, вось з гэтай сумкай можна ехаць, вам шмат не трэба. Сказаў узяць з сабой нашы 500 рублёў і тыя 18 тысяч расійскіх. Скідваць выклік было нельга, размаўляць ні з кім было нельга. Мне выклікалі таксі, якое я потым уласнымі наяўнымі і аплаціла.

— Першы адрас — Мінскі раён. Я называю кодавае слова, у адказ малады хлопец таксама называе нейкае слова і перадае мне скрутак. Я, не гледзячы, кладу яго ў сумку. Мне казалі, што гэта нейкія «актывы пацярпелых». Зноў таксі, едзем на вуліцу Матусевіча ў Мінску. Я стаю, прыязджае машына, выходзіць пажылая жанчына, яна размаўляе па тэлефоне, відаць, таксама атрымлівае нейкія ўказанні. Мы абменьваемся кодавымі словамі, яна аддае мне пакет, яго я таксама кладу ў сумку. Далей мне даюць указанне падключыць роўмінг у найбліжэйшым салоне сувязі, я гэта раблю і затым еду на вакзал. Яны пастаянна паўтараюць, якая я малайчына, такая малайчына, так дакладна выконваю іх інструкцыі. Сказалі купіць білет і звязацца з імі, калі буду ў вагоне.

— Я села ў цягнік, спакойная, з пачуццём выкананага абавязку. Зайшоў сусед па плацкарце, і тут раптам нейкі малады чалавек у цывільным адзенні, але ў суправаджэнні людзей у форме, просіць, каб я паказала, што ў мяне ў сумцы. І, напэўна, у гэты момант я яшчэ не да канца, але пачала разумець, што адбываецца.
Артыкул 209 КК (махлярства) прадугледжвае пакаранне ад штрафу / грамадскіх работ да пазбаўлення волі да 10 гадоў — у залежнасці ад памеру шкоды і абставін.
Ён сказаў, што здымае мяне з цягніка, прапанаваў здаць білет. «Толькі, — кажу я яму, — пакажыце ваша пасведчанне на ўсялякі выпадак, бо я ўжо нікому не веру».
І мы пайшлі ў аддзяленне міліцыі…
Каментары