Грамадства2929

Алексіевіч: Адно з самых моцных уражанняў у жыцці — калі я апынулася ў натоўпе ў 2020 годзе

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у інтэрв’ю ВВС шчыра расказала пра драматычныя падзеі 2020-га, свой вымушаны ад’езд з краіны і пераасэнсаванне паняцця гераізму.

Святлана Алексіевіч

«Было адчуванне, што гэта нейкі іншы мой народ»

Успамінаючы падзеі 2020 года, Святлана Алексіевіч заўважае, што беларусы «ўсё ж такі падняліся супраць дыктатуры», аднак нягледзячы на тое, што пратэсты доўжыліся некалькі месяцаў, «наш дыктатар Лукашэнка змог перамагчы нас, бо яму дапамагала Расія».

Пісьменніца дзеліцца адным з самых моцных уражанняў:

«У першы ж дзень пасля выбараў, калі дыктатар зрабіў фальшывыя выбары — а я жыву якраз на восьмым паверсе, — было відаць, як уздоўж майго дома ішлі сотні тысяч людзей.

Гэта было адчуванне, што гэта нейкі іншы мой народ, такі народ я не ведала. Мне здавалася, што ён ніколі не паднімецца.

А ён падняўся. Гэта было вельмі моцнае пачуццё. А калі я апынулася на наступны дзень у натоўпе гэтых людзей — гэта, вядома, было… Ну, гэта, можа, адно з самых моцных пачуццяў, якія я зазнала ў жыцці».

Алексіевіч прызнаецца, што ў той час яна адчувала надзею на хуткія перамены, але цяпер называе яе «наіўнай».

«Цяпер ясна, якімі мы былі рамантыкамі», — з сумам канстатуе пісьменніца.

Пра тэрміновы ад’езд 

Пасля пачатку рэпрэсій супраць Каардынацыйнай рады над пісьменніцай навісла пагроза арышту. Каб абараніць нобелеўскую лаўрэатку, замежныя дыпламаты арганізавалі кругласутачнае дзяжурства ля ейнай кватэры. Алексіевіч згадвае тыя трывожныя дні:

«Сталі арыштоўваць чальцоў Каардынацыйнай рады адзін за адным, сталі званіць да мяне ў дзверы. Пра гэта даведаліся дыпламаты. Яны днём прыходзілі да мяне ўсе, каля 20 чалавек, а ўначы яны разам з жонкамі сваімі па чарзе дзяжурылі ў мяне.

Гэта было два тыдні, і стала ясна, што мне трэба з’язджаць. Нямецкі пасол адправіў са мной сваю намесніцу Ганну Лютэр. Я думаю, толькі дзякуючы ёй удалося перайсці мяжу, таму што нас каля гадзіны трымалі і не вярталі мне пашпарт. (…) Мне здавалася, што я хутка вярнуся. Я не думала, што з’еду так надоўга».

«Думаю, што сёння трэба перагледзець ідэю гераізму»

Адказваючы на пытанне аб стаўленні да гераізму, Алексіевіч выказала думку, што сучаснае грамадства патрабуе змены падыходаў да гэтага паняцця. Яна падала ў прыклад палітвязняў, якія адмаўляюцца ад напісання прашэння аб памілаванні дзеля прынцыпаў:

«Я думаю, што вось сёння пара б перагледзець гэтую ідэю. Ва ўсякім разе ў тым выглядзе, у якім яна існуе ў нашай культуры. (…)

Многія нашы палітвязні, якія сядзяць у турмах, павінны падпісаць прашэнне аб памілаванні. Яны адмаўляюцца гэта рабіць, думаючы менавіта… знаходзячыся вось у пастцы той ідэі гераізму, якая ў нас была заўсёды.

А я думаю, што жыццё вышэйшае за гэта. Вышэй за гэтую паперку, вышэй за прашэнне ў дыктатара. Трэба застацца жывым, выйсці да дзяцей, выйсці да каханых жанчын. (…)

Я не хачу забраць сімвалізм у тых людзей, якіх называюць героямі. Але нешчаслівая краіна, якой патрэбныя героі. Я хачу, каб яны былі героі, але жывыя».

Пра ўчынак Міколы Статкевіча і новых герояў

Пісьменніца таксама пракаментавала бескампрамісную пазіцыю палітвязня Мікалая Статкевіча. Яна паважае ягоны выбар, але не хавае трывогі за яго лёс:

«Гэта яго ўчынак, гэта ягоны погляд на жыццё. Гэта яго форма супраціву. І я не бяруся яго асуджаць. Гэта моцны, прыгожы чалавек, я яго ведаю. Але мне б хацелася, каб ён быў жывы. Бо гэты, як у нас называюць, «комплекс Навальнага» — чалавек ідзе літаральна на смерць… Я б хацела, каб ён быў жывы. Але гэта яго выбар».

На думку Алексіевіч, сучаснаму грамадству сёння патрэбны іншы тып мужнасці — інтэлектуальны:

«Сёння больш патрэбныя героі разважныя, разумныя, якія прапануюць новыя ідэі, новае асэнсаванне таго, што з намі было. Сёння патрэбна менавіта гэта — мужнасць думкі».

Пра новую кнігу і лёс пачатых твораў

Зараз пісьменніца працуе над кнігай, якая прысвечана трансфармацыі беларускага грамадства пасля 2020 года:

«Гэта апавяданні пра тое, як беларусы становяцца беларусамі. Як да іх вяртаецца іх мова, вяртаецца пачуццё сваёй нацыянальнасці. Наогул роздум аб рэвалюцыі. Можа быць, мы занадта… занадта любілі рэвалюцыі. А яны не заўсёды апраўдваюць надзеі, паколькі кроў… (Я не прыхільніца цяпер рэвалюцый, не прыхільніца крыві.)

І наогул роздум пра жыццё сучасных маладых людзей, якія выйшлі тады, чаго яны хацелі, як хацелі, чым сёння расчараваныя».

Алексіевіч таксама згадала, што да свайго ад’езду з Беларусі ў яе ў рабоце былі яшчэ два маштабныя праекты — пра каханне і пра старасць. Аднак падзеі апошніх гадоў змянілі яе творчыя планы. Калі кніга пра смерць і старасць, магчыма, будзе скончаная, то лёс кнігі пра каханне застаецца пад пытаннем:

«Але цяпер не ведаю. З каханнем нешта складана. Гэта такая тэма невытлумачальная, што наўрад ці я буду пісаць гэтую кнігу. А вось пра старасць, пра гэты час, які медыцына нам падарыла, а мы не ведаем, што з ім рабіць — пра гэта, думаю, напішу».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары29

  • Ыван
    21.12.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Тут як тут.
    21.12.2025
    Рускі мір
  • Беларус
    21.12.2025
    Калі ўжо гэта паважаная дама загаварыць на беларускай мове?
    Зпачатку на трасянцы. Усё лепш, чым расейская!

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу69

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу

Усе навіны →
Усе навіны

Дытэр Болен: Перамога Украіны была б найгоршым сцэнаром34

Жыхарка Магілёва пасля званка махляроў засталася без кватэры і ў агромністых даўгах5

У пачатку наступнага тыдня тэмпература паветра ў Беларусі можа дасягнуць +39°С1

Сірыйскі інвестар уклаўся ў калгас-банкрут на Браслаўшчыне. Які вынік?5

Ісландыя аднаўляе кітабойны промысел — эколагі пратэстуюць

«Можаш забыцца аб працы ў Кітаі». Беларуску абвінавацілі ў Кітаі ў расізме праз адно неадназначнае ФОТА20

Журналіста Алеся Любенчука паўторна асудзілі на чатыры гады, але часткова адбылося залічэнне ранейшага «злачынства»1

Магілёўка хацела прыкурыць ад газавай пліты і праз два тыдні памерла ад апёкаў

«У мяне валасы як салома!» Якія памылкі мы робім пры доглядзе за валасамі летам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу69

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць