«Лукашэнка ўяўляе, што Польшча магла б адмовіцца ад падтрымкі беларускай апазіцыі ў абмен на Пачобута. Гэтага не будзе»
Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут атрымаў прэмію Сахарава за свабоду думкі. Адным з тых, хто прадстаўляў палітзняволенага на мерапрыемствах у Еўрапарламенце быў былы дэпутат Сейма Роберт Тышкевіч. У размове з беларускімі журналістамі ён паразважаў, чаму Лукашэнка не вызваляе палітвязня і што мусяць рабіць Польшча і Еўрасаюз ва ўмовах, калі Вашынгтон заключае здзелкі з Мінскам.

Роберт Тышкевіч амаль 20 гадоў быў дэпутатам польскага Сейма. Між іншым, ён кіраваў парламенцкай групай па справах Беларусі, займаўся падтрымкай беларускай апазіцыі і абаронай правоў польскай меншасці ў Беларусі.
Два гады таму ён пакінуў Сейм. Цяпер Тышкевіч працуе ў канцылярыі Сената, дзе адказвае за адносіны з польскай дыяспарай. Днямі ў Страсбургу былы дэпутат быў адным з прадстаўнікоў Анджэя Пачобута на цырымоніі ўручэння прэміі Сахарава.

Дарэчы, Тышкевіч і сам у маладосці трапляў за краты за журналістыку. У 1980‑я ў родным Беластоку ён рэдагаваў падпольны моладзевы часопіс, двойчы сядзеў у турме. Але палітык кажа, што немагчыма параўноўваць Польшчу ў часы ваеннага стану і сучасную Беларусь.
— Мы, палякі, разумеем, што не будзе перамогі дэмакратыі без вольнага слова. Спачатку павінна быць магчымасць камунікацыі паміж людзьмі па-за кантролем рэжыму. Павінна быць незалежная інфармацыя, публіцыстыка, дэбаты. А арганізаваць гэта ва ўмовах таталітарнага прыгнёту, які мы маем цяпер у Беларусі, можна выключна ў канспіратыўных або эміграцыйных умовах.
Мы актыўна карысталіся падтрымкай нашай эміграцыі, дзейнічаючы ў падполлі «Салідарнасці». Дзякуючы гэтаму «Салідарнасць» змагла пратрымацца гэтыя 8 гадоў у вельмі цяжкіх умовах і пры жорсткіх рэпрэсіях, хоць трэба падкрэсліць — яны абсалютна не былі такімі цяжкімі, як сёння ў Беларусі. Гэта непараўнальна.
Тое, што сёння ў Беларусі — гэта сталінскія рэпрэсіі. У часы ваеннага становішча ў Польшчы выносіліся прысуды на 3—4 гады, 6 гадоў — гэта было абсалютнае выключэнне, і яны потым хутка скарачаліся па амністыі.
Тыя драконаўскія пакаранні, якія выносяцца ў Беларусі — гэта часы сталінізму. Таму так, мы ў Польшчы ведаем, маем гэта ў крыві, наколькі важнае вольнае слова і што з гэтага ўсё пачынаецца.
— Чаму для Лукашэнкі так прынцыпова не выпускаць Анджэя Пачобута?
— Цяжка ўлезці ў галаву дыктатара, але відавочна, што Анджэй Пачобут стаў не толькі палітвязнем №1 для Лукашэнкі, але і закладнікам №1. Бо Лукашэнка ставіцца да палітвязняў як да закладнікаў. Чаму Анджэй застаўся ў турме і не быў вызвалены разам з групай з 123 палітвязняў? Мне здаецца, тут ёсць дзве прычыны.
Першая — ён не толькі журналіст, але і лідар польскай меншасці. Гэта сігнал ад Лукашэнкі гэтай амаль паўмільённай супольнасці: «Не ўмешвайцеся ў барацьбу з сістэмай, сядзіце ціха, будзьце пакорлівымі, бо інакш вас чакае такі ж лёс». Відаць, ён лічыць, што яшчэ не час пасылаць сігнал гэтай супольнасці, што цяжкія рэпрэсіі скончыліся.
Але ёсць і другая прычына: актыўны ўдзел Польшчы ў падтрымцы беларускага грамадства, бежанцаў, апазіцыі і барацьба з рэжымам. Ён хоча, каб Анджэй быў закладнікам менавіта ў адносінах з Польшчай. Ён захоўвае гэтую карту для перамоў з Варшавай і, верагодна, уяўляе, што Польшча магла б адмовіцца ад падтрымкі беларускай апазіцыі ў замен на вызваленне Анджэя. Мы, вядома, гэтага не зробім — яшчэ і таму, што сам Анджэй гэтага не захацеў бы.
Ён ужо амаль пяць гадоў пасылае нам з турмы сігнал, што каштоўнасці важныя. Каб ён хацеў, ён бы напісаў прашэнне аб памілаванні, і яго б дэманстратыўна і з фанфарамі вызвалілі. Але ён паказвае нам, што трэба трымацца прынцыпаў, інакш усё рассыплецца.
У Польшчы больш за 150 тысяч беларускіх бежанцаў, больш за 12 тысяч студэнтаў, шмат палітычных і грамадзянскіх арганізацый. Гэта не зменіцца. Польшча будзе аказваць самую моцную падтрымку структурам вольнай Беларусі сярод усіх краін Еўропы.
— Можа быць, Лукашэнка чакае чагосьці канкрэтнага ад Польшчы?
— Мы б хацелі, каб Польшча і Беларусь былі нармальнымі суседзямі. Нават пры ўсіх адрозненнях, элементарныя прынцыпы павінны выконвацца, і яны не падлягаюць абмеркаванню. Перш за ўсё, людзі павінны выйсці з турмаў. Як кажуць пра мірныя перамовы: спачатку спыненне агню, потым можам размаўляць. Тут тая ж сітуацыя: спачатку выпусціце людзей, а потым можам пачаць дыялог.
Я не веру ў здзелкі (Тышкевіч тут выкарыстоўвае слова deals. — НН) з дыктатарам. Ён вызваляе 123 чалавекі, а за апошнія месяцы больш за 150 трапілі ў турму. Рахунак сыходзіцца. Ён гатовы зноў прадаваць людзей у замен на адмену санкцый на газ ці бензін, а потым закрые яшчэ сотню-другую. Такая здзелка нічога не мяняе ў сістэме. Не мяняецца рэпрэсіўнасць, не мяняюцца законы. Па-ранейшаму можна сесці за допіс у сацсетках ці за фота з дэманстрацыі. Турмы працуюць.
Выклік у тым, як запусціць працэс лібералізацыі і вярнуць сітуацыю хоць бы да ўзроўню 2020 года. Для мяне да 2020 года ў Беларусі быў аўтарытарны рэжым, а пасля 2020 — таталітарны. Там няма ніякіх правілаў. Сёння выпускаюць, заўтра садзяць — гэта вар'яцтва. Мы рады кожнаму вызваленаму і ўдзячныя амерыканцам за перамовы, але ўсведамляем, што сістэма не змянілася.
— Што ў гэтых умовах, калі Вашынгтон заключае здзелкі з Мінскам, мусяць рабіць Польшча і Еўрасаюз?
— Глядзіце: мы адкрылі пункты пропуска не ў межах нейкай угоды, а толькі таму, што праз паслядоўную палітыку і будаўніцтва агароджы бяспекі на ўсходняй мяжы мы дамагліся таго, што незаконны міграцыйны ціск знізіўся. У межах гэтай гібрыднай вайны беларускім службам і фірмам, звязаным з рэжымам, стала нявыгадна дастаўляць гэтых мігрантаў, бо яны не спраўляліся з тым, каб прапіхваць іх на той бок.
І цяпер, можна сказаць, яны самі прыйшлі да высновы, што Польшча не дазволіць стварыць там міграцыйны шлях, але Польшча таксама не будзе весці перамовы пра тое, паўстане гэты шлях ці не. Гэта значыць, мы павінны засцерагчыся, і паглядзіце, які вынік. А вынік такі, што пункты пропуску былі адкрытыя, дзякуючы чаму людзям стала прасцей— гэта заўсёды важна, каб звычайным людзям было лягчэй ездзіць на працу, у школу, ва ўніверсітэт. Пры гэтым міграцыйны ціск цяпер значна, значна меншы, чым быў — ён непараўнальна меншы ў параўнанні з тым, што было яшчэ паўгода таму.
Таму я лічу, што перш за ўсё патрэбна паслядоўнасць у адносінах да рэжыму, гэта значыць дэманстрацыя цвёрдасці. Паслядоўнасць — гэта няспынны ціск і пасыланне сігналаў пра гатоўнасць: калі вы будзеце паводзіць сябе належным чынам, калі людзі будуць вызваленыя, мы зможам сесці і размаўляць пра нармалізацыю сітуацыі з Польшчай, з Захадам, з Еўрапейскім Саюзам. Але гэта неабходная ўмова.
Таксама патрэбныя цярпенне і час, бо тут час таксама адыгрывае ролю. Сёння Лукашэнка вельмі непакоіцца, што яго няма за сталом перамоваў аб мірным пагадненні паміж Расіяй і Украінай. Ён вельмі гэтага баіцца і размаўляе пра гэта з амерыканцамі. Ён баіцца, ці будзе ён далей патрэбны Пуціну. Ён жа падтрымаў Пуціна ў агрэсіі, а цяпер усе перамовы ідуць за яго спінай. Ён не ведае, пра што яны дамовяцца, якую ўгоду яны ў сваю чаргу заключаць і дзе будзе месца Лукашэнкі ў гэтай угодзе. Ён зусім не ўпэўнены ў тым, што з ім будзе далей.
Таму, на маю думку, трэба быць паслядоўнымі, трэба аказваць ціск, трэба прытрымлівацца прынцыпаў і патрабаваць выканання абсалютна мінімальных патрабаванняў — вызвалення зняволеных. Адначасова трэба падтрымліваць незалежныя арганізацыі, СМІ і ўсе інстытуты беларускай грамадзянскай супольнасці, якія дзейнічаюць сёння па-за межамі Беларусі, бо ў самой краіне няма ўмоў для іх працы.
Мы ведаем з нашай уласнай гісторыі, наколькі важна захоўваць гэтую актыўнасць. Незалежныя СМІ, тыя 12 тысяч маладых беларусаў, якія вучацца ў Польшчы — гэта можа быць эліта будучай вольнай дзяржавы. Таму мы дапускаем іх да навучання: хоць беларускі бок у аднабаковым парадку разарваў пагадненне з Польшчай аб прызнанні дыпломаў і сертыфікатаў, Польшча яго захавала. Таму кожны беларускі абітурыент можа падаць дакументы на падставе беларускага атэстата, і ён будзе прызнаны.
Так што гэта таксама свядомы выбар з нашага боку, і другі бок гэта бачыць. Мы лічым, што ўся Еўропа павінна выстаяць у гэтым. Заканчэнне вайны ва Украіне можа вельмі многае змяніць. Гэта можа стаць «акном гісторыі» для змен, якія нам сёння цяжка адназначна прадбачыць, але да гэтых змен трэба быць гатовымі.
Каментары
а сьцяну і ровы за 4 млрд будуеце ,