У той час як большасць дзяцей яго ўзросту яшчэ не пачынае вучыцца чытаць, трохгадовы Сарваг’я Сінгх Кушваха ўжо стварае складаныя стратэгіі, як паставіць мат саперніку. Гэты малы з індыйскага горада Сагар яшчэ ходзіць у дзіцячы садок, але ўжо ўвайшоў у гісторыю сусветнага спорту.

Ва ўзросце ўсяго 3 гадоў, 7 месяцаў і 20 дзён маленькі жыхар горада Сагар (штат Мадх’я-Прадэш) Сарваг’я Сінгх Кушваха (Sarwagya Singh Kushwaha) атрымаў стартавы рэйтынг на 1572 пункты па хуткіх шахматах (рапід), што значна вышэй за мінімальны парог 1400. Хлопчык афіцыйна ўвайшоў у гісторыю як самы малады шахматыст, які атрымаў рэйтынг Міжнароднай шахматнай федэрацыі (FIDE). Гэтым дасягненнем ён пабіў рэкорд свайго суайчынніка Аніша Саркара, устаноўлены летась у лістападзе.
Як піша выданне The Indian Express, каб проста дацягнуцца да фігур на процілеглым баку поля, хлопчыку даводзіцца станавіцца на крэсла або нават сядзець на вежы з трох крэслаў, пастаўленых адно на адно. Аднак Сарваг’я гуляе агрэсіўна: ён гучна стукае фігурамі па клетках і моцна б’е па гадзінніку, дэманструючы сапернікам сваю ўпэўненасць.
Каб атрымаць рэйтынг FIDE, гулец павінен набраць балы ў гульнях супраць як мінімум пяці рэйтынгавых сапернікаў на афіцыйных турнірах. Сарваг’я выканаў гэты нарматыў, перамогшы такіх дарослых сапернікаў як 22‑гадовага Абхіджыта Авастхі (рэйтынг 1542), 29‑гадовага Шубхама Чаўрасію (рэйтынг 1559) і 20‑гадовага Ёгеша Намдэва (рэйтынг 1696).
Як піша выданне, хлопчык пазнаёміўся з шахматамі ў два з паловай гады. Яго бацька, Сідхарт, заўважыў, што розум сына ўбірае інфармацыю як губка — усяго за тыдзень малы вывучыў назвы ўсіх фігур. Цяпер графік Сарваг’і ўключае 4—5 гадзін заняткаў штодзень: гадзіна ў шахматным цэнтры, а астатні час — анлайн-гульні і вывучэнне тактыкі па відэа.
«Калі разбудзіць яго пасярод ночы і папрасіць згуляць, ён будзе сядзець за дошкай гадзінамі без перапынку. Яго адрознівае ад іншых дзяцей неверагодная цярплівасць», — адзначае бацька Сідхарт Сінгх.
Congratulations to Sarvagya Singh Kushwaha for becoming the World's Youngest Fide Rapid Rated Player!
Sarvagya was born in 2022
He creates history by becoming a FIDE rated player at “3 years, 7 months and 20 days”
Incredible! pic.twitter.com/VqS49Au3uK
Тым не менш праца з такім юным геніем патрабавала асаблівага падыходу. Трэнер успамінае, што спачатку любая строгасць даводзіла малога да слёз. Тады настаўнік прымяніў хітрасць: за кожны правільны ход ён даваў хлопчыку цукерку ці пачак чыпсаў. Гэтая матывацыя спрацавала, і неўзабаве талент Сарваг’і пачаў раскрывацца напоўніцу.
Для параўнання: экс-чэмпіён свету Магнус Карлсэн пачаў гуляць у пяць гадоў, індыйская легенда Вішванатан Ананд — у шэсць. А Гукеш Дамараджу, які ў 2024 годзе стаў самым маладым чэмпіёнам свету ва ўзросце 18 гадоў, сеў за дошку ў сем. На гэтым фоне трохгадовы рэйтынгавы шахматыст выглядае амаль неверагодна.
Цяпер, як адзначае выданне, каманда хлопчыка нацэлена на тое, каб пабіць рэкорд амерыканца Абхіманью Мішры, які стаў самым маладым гросмайстрам у гісторыі ў 12 гадоў, 4 месяцы і 25 дзён. Трэнер Сарваг’і лічыць такую планку рэальнай, заяўляючы: «Мы хутка пачнем шукаць іншых трэнераў, можа, далучым анлайн-спецыялістаў. Будзем працаваць на гэты вынік».
Каментары