Свет11

У Паўднёвай Азіі могуць успыхнуць войны за рэкі

Змяненне клімату і рост попыту на энергарэсурсы могуць пагоршыць супрацьстаянне за кантроль над рэкамі ў адным з самых густанаселеных рэгіёнаў свету. З падрабязнасцямі знаёміць The Economist.

Хлопчык пераскоквае праз раку ў гарах Памір. Афганістан. Фота: Eric Lafforgue / Art in All of Us / Corbis via Getty Images

Палітыка вакол вялікіх рэк Паўднёвай Азіі амаль ніколі не бывае спакойнай, але апошнія месяцы паказалі асаблівую ступень напружання. У канцы кастрычніка Афганістан агучыў планы будаўніцтва дамбаў на рацэ Кабул, што выклікала абурэнне ў суседняга Пакістана. Гэта адбылося на фоне памежных сутычак паміж краінамі. Тым часам у Бангладэш тысячы людзей выйшлі на пратэсты супраць, як яны лічаць, празмернага ўплыву Індыі на патокі ракі Ціста — прытоку Брахмапутры.

Сапраўдным трыгерам стала і індыйска-пакістанская гісторыя: Індыя пасля тэракта ў Кашміры ў красавіку прыпыніла дзеянне Дамовы аб водах Інда 1960 года і да гэтага часу яе не аднавіла. А яшчэ ў Нью-Дэлі з трывогай сочаць за планамі Кітая пабудаваць гіганцкую дамбу на Брахмапутры ў Тыбеце — прыкладна за 30 км ад індыйскай мяжы. Гэты праект коштам 167 мільярдаў даляраў можа стаць найбуйнейшай ГЭС у свеце. Наступствы для краін, якія знаходзяцца ніжэй па цячэнні, а таксама для экалогіі рэгіёна, могуць быць катастрафічнымі.

На гэтай карце пазначаны існуючыя дамбы (аранжавы колер) і тыя, што плануюцца, (чырвоны) у басейнах рэк (блакітны фон). Крыніца: The Economist

Усе гэтыя падзеі сведчаць пра тое, што водная палітыка рэгіёна становіцца ўсё больш небяспечнай. Рост попыту на «зялёную» электраэнергію падштурхоўвае краіны Паўднёвай Азіі да пашырэння гідраэнергетыкі. Адначасова з гэтым раставанне ледавікоў і змены клімату робяць узровень вады непрадказальным, што пагражае існаванню каля 2 мільярдаў чалавек.

Чаму вада стала важным фактарам палітыкі

Тры галоўныя ракі рэгіёна — Інд, Ганг і Брахмапутра — пачынаюцца ў гімалайскіх ледавіках. Інд бярэ пачатак у Кітаі, праходзіць праз індыйскі Ладакх і спрэчны Кашмір, а потым цячэ па Пакістане да Аравійскага мора. Брахмапутра таксама нараджаецца ў Кітаі і ўжо далей праходзіць праз Індыю і Бангладэш. Непал, хоць і не ляжыць на Брахмапутры, знаходзіцца ў вялізным басейне Ганг — Брахмапутра, што робіць яго часткай агульнай воднай сістэмы.

Такі «пераплецены» ландшафт патрабуе пастаяннага размеркавання і ўзгаднення вады — але менавіта тут пачынаюцца праблемы.

Рэгіён пранізаны старымі канфліктамі і саперніцтвам. Індыя і Пакістан дзесяцігоддзямі спрачаюцца за Кашмір. Індыя і Кітай маюць вострыя памежныя разыходжанні. Бангладэш і Непал бачаць у суседзях — асабліва ў Індыі і Кітаі — пагрозу празмернага ўплыву. У такой атмасферы вада лёгка ператвараецца ў рычаг ціску.

Паводле даных Ціхаакіянскага інстытута (ЗША), у перыяд з 2019 па 2023 год у Паўднёвай Азіі адбыўся 191 канфлікт, звязаны з вадой. Больш напружаная сітуацыя назіраецца толькі на Блізкім Усходзе.

Дамбы як сімвал улады

Будаўніцтва плацін становіцца інструментам геапалітычнага ўплыву. Кітайскія дамбы ў Тыбеце дапамагаюць кантраляваць неспакойны рэгіён. Пакістан, пры падтрымцы Кітая, будуе ГЭС у кантраляванай ім частцы Кашміра, каб замацаваць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі. У адказ на кітайскі праект на Брахмапутры Індыя плануе ўласную мега-дамбу.

Гэтая гонка ўзбраенняў інфраструктурай стварае праблемы для суседзяў. Жыхары Бангладэш часта скардзяцца, што Індыя скідае ваду са сваіх дамбаў без папярэджання, выклікаючы паводкі і хаос уніз па цячэнні.

Паўднёвая Азія — адзін з самых водадэфіцытных рэгіёнаў свету, але попыт на ваду і энергію толькі расце. Урбанізацыя і бум дата-цэнтраў патрабуюць стабільнай электрычнасці. Гідраэнергетыка выглядае прывабна, бо яна не залежыць ад сонца ці ветру.

Пакістан ужо атрымлівае пятую частку электрычнасці ад ГЭС і плануе павялічыць гэтую долю. Індыя мае намер павялічыць свае магутнасці на 50% да 2032 года, разглядаючы будаўніцтва каля 200 новых дамбаў. Непал, які вырабляе больш энергіі, чым спажывае, пачаў экспартаваць лішкі ў Індыю і Бангладэш.

Неабходнасць дыпламатыі

Каб пазбегнуць прамога канфлікту, неабходны дыпламатычныя каналы. Эксперты папярэджваюць: будаўніцтва дамбаў без міжнародных дамоў — гэта прамы шлях да спрэчак. Акрамя таго, дамбы фрагментуюць рэкі і знішчаюць экасістэмы, што асабліва небяспечна ў далікатным клімаце Гімалаяў.

Паскарэнне раставання ледавікоў і змена характару мусонаў патрабуюць не прыпынення старых пагадненняў, а іх абнаўлення.

Прамых войнаў за ваду ў рэгіёне пакуль не было. Краіны нават працягваюць абмен данымі: так, Індыя ўсё яшчэ перадае Пакістану прагнозы паводак. Аднак сістэма кіравання рэкамі застаецца хаатычнай мазаікай двухбаковых дамоў.

На фоне змянення клімату і энергетычнага голаду гэта вельмі небяспечна.

Каментары1

  • гы
    27.11.2025
    Чарговая нагода мірным мілым людзям пераехаць у гасціную Еўропу

Цяпер чытаюць

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў3

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Гомельскі ўніверсітэт паказаў фота з меркаванага сакрэтнага вайсковага гарадка1

Літва прыцягнула армію да аховы мяжы з Калінінградскай вобласцю2

«Усе засталіся ў лесе. Усе загінулі». Беларус пайшоў ваяваць за Расію, бо на заводзе не было працы, і трапіў у палон10

Казімір Малевіч, Алесь Адамовіч, Мірскі замак. Якія манеты Нацбанк выпусціць у 2027 годзе?1

Былога беларускага міліцыянера злавілі ў Бельгіі пры спробе рабавання крамы6

«Зняволеныя кажуць яму: Схадзі пачытай на Tut.by». Як адбывае тэрмін следчы, які закрыў партал Tut.by2

Пракрамлёўскую актывістку ў Латвіі асудзілі на шэсць гадоў за данат 43 еўра расійскім вайскоўцам. Яго дапамагла зрабіць беларуска15

Дзяніс Кур’ян праз 27 гадоў адшукаў іспанскую сям’ю, у якой гасцяваў школьнікам. Цяпер прыязджае да іх са сваімі дзецьмі19

Восеньска-зімовы догляд гадаванцаў: як падрыхтаваць поўсць катоў і сабак да халадоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў3

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць