У Польшчу бягуць не толькі ўкраінцы і беларусы. У мінулым годзе кожны трэці зварот на пацвярджэнне польскага грамадзянства быў ад грамадзян Ізраіля. Чаму так адбываецца, і ці гатовая сама Польшча да такога гістарычнага павароту?

Як піша польскае выданне Rzeczpospolita, у калідорах ваяводскіх упраўленняў у Варшаве, Кракаве і Уроцлаве, а таксама ў польскіх консульствах ад Тэль-Авіва да Нью-Ёрка назіраюцца амаль сюрэалістычныя сцэны, якія супярэчаць логіцы гісторыі XX стагоддзя — чэргі, у якіх стаяць маладыя праграмісты з ізраільскай Сіліконавай даліны, дактары і інжынеры, сем'і з дзецьмі.
У руках яны трымаюць папкі, поўныя пажаўцелых дакументаў: метрыкі аб нараджэнні дзядоў з маленькіх штэтлаў, даваенныя школьныя атэстаты, вайсковыя білеты з арлом у кароне. Яны шукаюць пацвярджэння польскага грамадзянства, якога іх продкаў фактычна пазбавілі, але якое яны фармальна не страцілі, уцякаючы ад Халакосту і паваеннага антысемітызму.
Гэты трэнд пацвярджаецца статыстыкай. У 2024 годзе ў польскія ўстановы паступіла больш за 23 тысячы заяў аб пацвярджэнні грамадзянства — гэта больш чым двухразовы рост у параўнанні з 11 тысячамі ўсяго чатыры гады таму.
Дамінуючай і найбольш хутка растучай групай з'яўляюцца грамадзяне Ізраіля. Толькі з гэтай адной краіны паступіла больш за 8 тысяч заяў, а даныя з Мазавецкага ваяводскага ўпраўлення паказваюць яшчэ больш драматычны скачок: з прыкладна 2500 заяў ад ізраільцян у 2021 годзе да больш чым 9000 у 2024-м.
Парадаксальна, што нават многія ізраільскія габрэі, якія не маюць ніякіх сувязяў з Польшчай (іх сем'і паходзяць з Марока, Ірака ці Емена), у моманты напружанасці ў Ізраілі чуюць лозунг: «Вяртайся ў Польшчу!». Гэта горкае рэха гучыць не толькі на ізраільскіх вуліцах, але і ў дыскусіях у дыяспары, асабліва ў ЗША.
Аўтар артыкула, украінскі журналіст-міжнароднік Леанід Барац, спрабуе адказаць на шэраг пытанняў: Чаму менавіта цяпер і чаму Польшча — краіна, чыя назва назаўжды звязана з гісторыяй Халакосту (Шоа), для некаторых габрэяў становіцца сінонімам стабільнасці? І што гэтая з'ява азначае для польскай ідэнтычнасці, грамадства і бяспекі?

Чаму габрэі пакідаюць Ізраіль?
На думку аўтара, Ізраіль, які дзесяцігоддзямі будаваў свой міф на абяцаннях сілы і бяспекі, цяпер перажывае найглыбейшы крызіс з моманту заснавання. Гэты крызіс з'яўляецца галоўным штуршком, які прымушае тысячы ізраільцян шукаць альтэрнатыву.
Як лічыць аўтар, ключавым каталізатарам стаў глыбокі псіхалагічны шок пасля нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года. Ён падкрэслівае, што справа не толькі ў самім нападзе, але і ў наступствах: адчуванні, што дзяржава не дала рады абароне, і разбурэнні міфа аб непераможнай арміі.
Гэты крызіс, на погляд аўтара, хутка перарос у стан перманентнай вайны на некалькіх франтах: у Газе, на мяжы з Ліванам (супраць «Хезбалы»), ракетныя атакі з Емена і тры найбуйнейшыя іранскія ракетныя атакі.
Журналіст таксама звяртае ўвагу на псіхалагічную траўму, выкліканую жахлівымі відэазапісамі ХАМАС і гісторыямі закладнікаў, што для многіх ізраільцян абудзіла старыя раны і траўму Халакосту.
У выніку, як сцвярджае аўтар, эміграцыя перастала быць эканамічна матываванай і ператварылася ва ўцёкі ад гвалту і страху за будучыню дзяцей.

Даследаванне, праведзенае Цэнтрам Іцхака Рабіна сведчыць: у 2024 годзе амаль чвэрць ізраільцян разглядалі магчымасць пакінуць краіну, прычым 31% назвалі пагаршэнне ўмоў бяспекі асноўнай прычынай.
Паралельна з крызісам бяспекі, на погляд аўтара, Ізраіль ахоплены глыбокім унутраным канфліктам. Ён паказвае, што ўрад Нетаньяху, які абапіраецца на кааліцыю з ультраправымі, паглыбляе палярызацыю.
Аўтар вылучае як цэнтральную праблему пытанне аб прызыве ў войска ўльтраартадаксальных габрэяў (харэдзім). На працягу дзесяцігоддзяў яны былі вызваленыя ад абавязковай вайсковай службы, але ва ўмовах вайны і растучых страт такая сітуацыя стала непрымальнай для свецкай большасці грамадства. На думку многіх, гэта супярэчыць не толькі грамадзянскім каштоўнасцям, але і запаветам Торы аб абароне зямлі Ізраіля.
Гэты канфлікт, паводле аўтара, з'яўляецца доказам страты веры не толькі ва ўрад, але і ў здольнасць дзяржавы функцыянаваць і абараняць сваіх грамадзян.
Прамым вынікам гэтага стала эміграцыя свецкіх эліт. Краіну пакідаюць высокаадукаваныя спецыялісты ў галіне тэхналогій, медыцыны і эканомікі. Такім чынам, гэта не проста ад'езд людзей, а ўцечка мазгоў — страта чалавечага капіталу, дзякуючы якому Ізраіль і атрымаў славу «Нацыі стартапаў».
Чаму выбіраюць менавіта Польшчу?
На гэтым фоне, як адзначае журналіст, Польшча паўстае як нечаканы, але прагматычны кірунак для ўцёкаў. Аўтар сцвярджае, што кансерватыўнае польскае грамадства і адсутнасць масавай іміграцыі з мусульманскіх краін парадаксальна прыцягваюць некаторыя габрэйскія колы. У параўнанні з ростам антысемітызму ў Нью-Ёрку і Лондане Польшча, на думку аўтара, выглядае значна больш бяспечнай.
«У Польшчы зараз быць габрэем прасцей і бяспечней, чым у любой іншай заходнееўрапейскай краіне», — цытуе аўтар словы дырэктара Габрэйскага абшчыннага цэнтра ў Кракаве Джонатана Арнштэйна.

Такім чынам, на думку аўтара, у XXI стагоддзі геаграфія страху цалкам змянілася: тое, што было бяспечным, стала небяспечным, і наадварот.
Журналіст падкрэслівае, што працэс атрымання польскага грамадзянства мае падвойнае вымярэнне. З аднаго боку, гэта прагматычны крок для атрымання пашпарта ЕС. Практычнай асновай для гэтага з'яўляецца польскае заканадаўства, заснаванае на «праве крыві» (ius sanguinis). З другога боку — гэта эмацыйнае паглыбленне ў часта трагічную сямейную гісторыю.
Аднак, як ён адзначае, імігранты вяртаюцца не ў пустэчу, а ў краіну, дзе адбываецца «абуджэнне габрэйскай свядомасці»: адраджаюцца суполкі, працуюць культурныя цэнтры і фестывалі. Дзякуючы гэтаму Польшча перастае быць толькі музеем і могілкамі, а становіцца месцам адраджэння габрэйскай ідэнтычнасці.
Адначасова ўмацоўваюцца сувязі паміж Польшчай і Ізраілем у сферы бізнэсу і культуры. Пасля пачатку вайны ва Украіне сотні ізраільскіх IT-кампаній перанеслі адтуль свае офісы ў Польшчу. Таксама ізраільскія кінематаграфісты ўсё часцей здымаюць свае фільмы ў Польшчы.
Найбольш стратэгічны аспект польска-ізраільскага збліжэння — абаронная сфера. Польшча не проста закупляе, але і вырабляе па ліцэнзіі ізраільскія ваенныя тэхналогіі. Галоўны прыклад — супрацьтанкавыя ракеты Spike. Супрацоўніцтва таксама ахоплівае баявыя беспілотнікі (у тым ліку дроны-камікадзэ), сістэмы абароны для танкаў і караблёў, а таксама кібербяспеку.
Праблемы і выклікі
Аўтар сцвярджае, што сучасная Польшча — не ідэальны «аазіс талерантнасці». Нягледзячы на значныя паляпшэнні, у краіне захоўваецца падскурны (схаваны) антысемітызм. Гэта пацвярджаецца інцыдэнтамі, такімі як дзеянні еўрадэпутата Гжэгажа Браўна, які патушыў ханукальныя свечкі ў Сейме і адмаўляў існаванне газавых камер, і спробы перапісаць гісторыю пагрому ў Ядвабным.
На думку аўтара, гэта не выпадковасці, а праява глыбока ўкаранёнага, бытавога антысемітызму. Калі такія погляды выказвае высокапастаўлены палітык, гэта не проста адлюстроўвае настроі, але і фармуе і легітымізуе іх у грамадстве.

Нягледзячы на гэта габрэі працягваюць прыязджаць. Іх матывацыя — не сентыменты, а прагматызм: бізнэс, турызм і доступ да рынку ЕС, што ў выніку ўмацоўвае польскую эканоміку.
У заключэнні журналіст сцвярджае, што гэты «зваротны зыход» габрэяў — гістарычная падзея, якая з'яўляецца шанцам для польскай эканомікі і бяспекі. Аднак, на яго думку, гэта адначасова і сур'ёзны тэст для польскага грамадства на сталасць і талерантнасць, асабліва ва ўмовах таксічнай дыскусіі аб іміграцыі.
Нідэрланды, як і Ірландыя, Славенія і Іспанія, прыгразілі байкатаваць «Еўрабачанне-2026», калі ў ім будзе ўдзельнічаць Ізраіль
З сакавіка Польшча адмовіла ў міжнароднай абароне амаль тысячы іншаземцаў
175 тысяч беларусаў эмігравалі ці выехалі на працу ў ЕС у 2024-м. Найбольш у Польшчу, а Германію здагнала Іспанія
Каментары
--------
Будзьце сталымі, палякі, паводзьцеся як дарослыя. Добрую палову насельніцтва гарадоў даваеннай Польшчы складалі прадстаўнікі народа, каторы вы называеце жыдамі. Вы захапілі іх дамы, жывяце ў іх. Пасуньцеся. Нацысцкія лагеры смерці вы адмаўляецеся называць польскімі лагерамі смерці. Пакайцеся. А частка з вас нават суперажывае семітскаму народу, каторы завецца арабамі - дык гэта ж антысемітызм.
Рыхтуйцеся, сустракайце, вас будуць "тэставаць"