Грамадства22

«Калі мы адмовіліся падпісваць, нам пачалі ламаць пальцы». Былы палітвязень Мікіта Літвіненка расказаў сваю гісторыю

У верасні 2020 года ў Мінску затрымалі Мікіту Літвіненку і яго траіх сяброў. У аснову іх абвінавачвання ляглі прызнанні, напісаныя супрацоўнікамі нібыта ад імя мужчын. Каб іх падпісалі, затрыманым ламалі пальцы на руках. Праз год Мікіту і яго сяброў асудзілі да пазбаўлення волі. У шклоўскай ПК-17 мінчук правёў восем месяцаў у адзіночнай камеры ПКТ і ШІЗА. За два месяцы да вызвалення яго асудзілі за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» і прызначылі яшчэ адзін год зняволення. Мікіта расказаў «Вясне» пра стаўленне адміністрацыі да палітвязняў ды ўмовы ў ШІЗА ў ПК-17, пра смерць зняволеных праз неаказанне ім медычнай дапамогі, а таксама пра шкодную працу ў калоніях.

Фота героя інтэрв'ю

«Зафіксавалі руку і пачалі ламаць пальцы»

Мужчыну затрымалі 13 верасня ў Мінску разам з двума сябрамі. Дарогу ім перакрылі два таніраваныя бусы без нумароў, з якіх выбеглі людзі ў масках.

«Нас паклалі на асфальце, нацягнулі майкі на галовы і ў бусікі закінулі. Там крыху пабілі рукамі і нагамі. Мы ляжалі паміж сядзеннямі на праходзе. У такім становішчы мы паехалі ў РУУС.

Першыя дакументы, якія мне далі на подпіс, былі з незразумелымі тлумачэннямі, якія былі за нас напісаныя, і на аснове якіх пабудавалі ўсё абвінавачванне. Калі мы адмовіліся падпісваць, нам пачалі ламаць пальцы. Таму мы вымушаныя былі падпісаць іх. Адна рука была прышпіленая да крэсла ззаду, а другую яны зафіксавалі і пачалі ламаць пальцы.

У тлумачэннях было напісана, што я ў пэўны час ішоў на дэманстрацыю, рыхтаваўся да масавых беспарадкаў, хацеў выкарыстаць рагатку і металічны падшыпнік, каб страляць у супрацоўнікаў міліцыі.

Потым паздымалі нас на відэа, якое нідзе пасля не публікавалі. Там мы проста расказалі, хто мы і куды ішлі. Пасля мы сядзелі ў «малпоўнях» да ночы».

Пазней мужчын перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе на наступны дзень асудзілі паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у масавых мерапрыемствах). Мікіту прызначылі 14 сутак і адправілі адбываць арышт у жодзінскую турму. На Акрэсціна Мікіту прывезлі збітага, але падчас медычнага агляду доктарка ў сябе пазначыла, што ён сам дзесьці ўпаў.

«На другі або трэці дзень на Акрэсціна, на вуліцы, да акна падышоў наш чацвёрты сябар, якога таксама потым затрымалі, і ён на шыльдачцы напісаў вялікімі літарамі, што супраць нас крымінальная справа. Але нам пра гэта адразу нічога не казалі».

За некалькі дзён да заканчэння адміністрацыйнага тэрміну за мужчынамі прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, каб адвезці затрыманых у Следчы камітэт у Мінск. Там Мікіту і яго сябрам выставілі абвінавачванні паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года. Адразу пасля гэтага іх ненадоўга перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, а затым на паўгода ў Жодзіна.

«Выводзілі ў дворык на шпацыр і там ставілі на «расцяжку». Умовы ўтрымання ў СІЗА

Падчас масавых затрыманняў у 2020 годзе сілавікі вылучаліся сваёй жорсткасцю ў дачыненні да пратэстоўцаў, але на Валадарскага, са слоў Мікіты, да іх фізічнага гвалту не ўжывалі.

«Я не лічу ўсялякія штурханцы нейкай жорсткасцю: вядома, гэта ўсё было, і ў аўтазаках часам білі. Але гэта не такія збіцці, якія можна назваць катаваннямі.

Калі на Валадарскага прывезлі, то там не было фізічнага гвалту, проста не давалі мыцца, некалькі дзён не давалі есці. Людзей было вельмі шмат, не давалі пасцельную бялізну першыя суткі. Калі нас прывезлі туды другі раз, то там усё яшчэ былі перапоўненыя камеры, таму часам ноччу даводзілася некаторым не спаць, адсыпаліся ўжо днём.

У Жодзіне таксама, зразумела, умовы былі не вельмі: шмат прусакоў у камеры, шмат цвілі, адсутнасць прагулак, дзённага святла. Не было ацяплення, таму даводзілася спаць у шапках, куртках, штанах і чаравіках, ноччу нават часам замярзала вада ў кубачках.

Там не білі, але часам выводзілі ў дворык на шпацыр і там ставілі на «расцяжку». У гэты час прыбягаў «рэзерв» у масках і нас пару разоў ударылі па нагах».

Перад пачаткам следчых дзеянняў па справе Мікіту і яго сяброў зноў перавезлі на Валадарку на паўгода. Да суда Мікіту ўвесь час утрымлівалі ў камерах, у якіх акрамя яго больш не было палітвязняў.

У ліпені 2021 года Мікіту, а таксама Яна Фалькіна, Уладзіслава Барысава і Уладзіміра Мацюха асудзілі да пазбаўлення волі. Мікіту прызначылі чатыры гады калоніі.

«Перад кожным пасяджэннем да нас прыязджаў раніцай канвой, нас спачатку цалкам абшуквалі супрацоўнікі Валадаркі, потым канвой, потым нас везлі на суд у аўтазаку ў кайданках, затым дадатковы ператрус у судзе, там кожны з нас сядзеў у адзіночным «стакане».

«Памерлі тры чалавекі проста таму, што ім не аказвалі дапамогу»

Тэрмін былы палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17, дзе незадоўга да яго пераводу памёр Вітольд Ашурак.

«Я трапіў у калонію праз вельмі кароткі прамежак часу пасля смерці Вітольда. Але там і пры мне паміралі людзі, чалавек, напэўна, з пяць. З майго атрада памерла тры чалавекі проста таму, што ім не аказвалі дапамогу. Зразумела, што людзі былі не здаровага ладу жыцця, але пры жаданні ім можна было дапамагчы. Гэта значыць памералі ціск, далі таблетак, адпусцілі. І так адбывалася некалькі разоў. Потым чалавек схадзіў у лазню, памыўся, мабыць, ціск падняўся. Прыйшоў у медчастку, сказаў, што яму дрэнна, яго адправілі ў атрад, дзе ён памёр».

«Ставяць на «расцяжку» і дубінкамі б'юць па руках і нагах»

Шклоўская калонія вядомая дзякуючы асаблівай жорсткасці супрацоўнікаў адміністрацыі. Праваабаронцамі зафіксавана мноства сведчанняў збіцця і жорсткага абыходжання ў дачыненні да палітвязняў у ПК-17. Мікіта Літвіненка — не выключэнне:

«Стаўленне адміністрацыі бязлітаснае, ніякага жалю няма. Ёсць толькі пагарда, злосць, пыхлівасць і разуменне таго, што яны могуць рабіць з намі, што захочуць.

Збіццё часцей адбываецца ў карцары, асабліва калі там яшчэ не было відэакамер, яшчэ ў пакоях для ператрусу, там, дзе камер няма, ну і ў калідорах, у «сляпых зонах», дзе яны могуць дубінкамі біць. Гэта значыць ставяць на «расцяжку» і дубінкамі б'юць па руках і нагах. Гэта ўсё было пры мне і, як я разумею, ёсць і цяпер.

Гэта тычыцца ў першую чаргу палітвязняў, а таксама тых, хто шмат «выступае», але такіх людзей практычна няма.

Асабіста кожны дзень стаяў там на «расцяжках» па некалькі гадзін. Ударылі мяне ўсяго пару разоў, але не дубінкай, а берцамі, таму што я недастаткова расставіў ногі».

Праца для палітвязняў у шклоўскай калоніі

«Я працаваў на ўчастку нізкакваліфікаванай працы, дзе разбіраў свінец, медзь, алюміній, усе правады, кабелі ды калоў дровы. Ну і была печка, у якой мы палілі тэлефонныя кабелі. Збольшага адміністрацыя стараецца нагружаць такой працай менавіта атрады з палітвязнямі. Ёсць і тыя, хто працуе на швейнай вытворчасці, але іх не так шмат».

Фота героя інтэрв'ю

«Прыцягненне ўвагі да сябе — прамая дарога ў карцар»

Па словах мужчыны, на працу зняволеным даводзіцца хадзіць нават падчас хваробы. Звычайна могуць проста даць таблеткі, «калі пашанцуе — на дзень бальнічны».

«Стаматолаг у калоніі ёсць, і нават стаматалагічнае абсталяванне, гэта значыць могуць паставіць часовую пломбу, напрыклад. Але да яго проста так не трапіш, бо вельмі вялікія чэргі. Каб да яго запісацца, трэба прабіваць дарогу, а гэта значыць — прыцягваць да сябе ўвагу. А калі гэта палітвязень, то гэта не вельмі добра. Таму што прыцягненне ўвагі да сябе — прамая дарога ў карцар».

«Я не памятаю дня, калі ў ШІЗА не знаходзіўся палітвязень»

Штрафны ізалятар і ПКТ знаходзяцца ў адной камеры, могуць мяняцца толькі ўмовы. Калі Мікіту з ПКТ фармальна пераводзілі ва ўмовы ШІЗА, то ў яго проста забіралі лішнія рэчы і матрац. Камеры разлічаныя на два, чатыры або шэсць чалавек. Але, як адзначае Мікіта, у асноўным там сядзіць адзін чалавек.

«Неяк так атрымалася, што альбо мяне прапусцілі, альбо згубілі, але першыя месяцы паўтара-два на мяне ніхто не звяртаў увагі. А потым яны ўжо зразумелі, што я сяджу без парушэнняў ды штрафнога ізалятара і паціху пачалі пісаць на мяне рапарты і пазбаўляць спаткання, садзіць у карцар.

Потым ужо, у траўні, мяне закрылі канчаткова, гэта значыць я восем месяцаў прасядзеў у адзіночцы ў ПКТ і ШІЗА.

Самі камеры ШІЗА і ПКТ не адрозніваюцца, толькі ўмовы іншыя крыху. У ізалятары нічога няма, акрамя тэпцікаў, пасты, шчоткі ды кавалка мыла, які выдаюць. А начальнік дадаткова сваім загадам забараніў мець і споднюю бялізну, як у ізалятары, так і ПКТ. Хоць КВК (Крымінальна-выканаўчы кодэкс) гэта дазваляе ў зімовы перыяд часу.

І ў ШІЗА, і ў ПКТ круглы год адчыненае акно, гэта значыць там пастаянна халодныя скразнякі. Ацяпленне не працуе, а калі працуе, то рэгулюецца супрацоўнікамі і ледзь-ледзь цёплае. У ШІЗА пастаянныя «расцяжкі». За ўвесь час знаходжання ў Шклове я не памятаю дня, калі ў ШІЗА не знаходзіўся б палітвязень.

Я нават не ведаю, як апісаць, як там холадна ў міжсезонне. Гэты холад перарастае ў фізічны боль. У гэты час вельмі вільготна, па сценах цячэ. Немагчыма нават заснуць, бо калоцішся.

ПКТ адрозніваецца наяўнасцю кніг, пісьмовых прылад, на ноч выдаюць матрац, ёсць кіпяцільнік і кубачак, можна раз у месяц «атаварыцца» на адну базавую велічыню».

«Прысуд вынеслі за два месяцы да вызвалення». Новы суд

У лістападзе 2023 года супраць Мікіты распачалі крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

«Потым да мяне прыйшоў следчы і азнаёміў мяне са справай паводле 411-й. Мяне асудзілі дадаткова на адзін год. Прысуд вынеслі за два месяцы да вызвалення. На пару месяцаў я паехаў у Магілёў на апеляцыю, а потым этапавалі ў ПК-9 у Горкі. Там умовы лепшыя, чым у Шклове. Рэжым нашмат мякчэйшы».

У новай калоніі падчас каранціну Мікіту двойчы адпраўлялі ў ШІЗА за адмову ад прыбірання, але пазней парушэнні не выпісвалі.

«На працы там я спачатку збіваў паддоны, а потым чысціў алюмініевыя кольцы. Зразумела, што ад такой працы была вельмі моцная стомленасць. Пастаянны бруд, смаркаешся чорным, бо там проста няма чым дыхаць, няма працоўнага адзення, няма дзе памыцца, няма дзе праць рэчы».

Мікіта выйшаў на волю 10 сакавіка 2025 года. Суд яму прызначыў паўтара года «прэвентыўнага нагляду».

«Адной з умоў было знаходжанне дома з 10-й вечара да 6-й або 8-й раніцы. І ў 22:01 мне ўжо званіла ў дзверы міліцыя і правярала, ці дома я. Два разы на тыдзень адзначацца ў РУУС, абавязковае працаўладкаванне цягам двух тыдняў».

Адразу пасля вызвалення былы палітвязень выехаў з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.

Каментары2

  • creck_55
    01.09.2025
    Сколько ещё таких......? ,,:-D :-D :-D,,
  • Ну канечне,
    01.09.2025
    "... інтарэсы супадаюць.. " (с)

Дэлегатка КР Карпушонак пасля маўчання апублікавала відэа31

Дэлегатка КР Карпушонак пасля маўчання апублікавала відэа

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр унутраных спраў Польшчы лічыць малаверагоднымі перамовы Варшавы і Мінска3

Украінскі «Фламінга» знішчыў першы расійскі аб'ект4

Модзі заклікаў Пуціна да хутчэйшага завяршэння вайны ва Украіне3

З’явіліся першыя фота меркаванага забойцы Андрэя Парубія4

Напярэдадні 1 верасня беларуска спрабавала зарабіць на шакаладках з цытатамі Лукашэнкі13

Пуцін на пасяджэнні ШАС зноў заявіў, што Захад справакаваў напад Расіі на Украіну13

«Дзве вадародныя і тры гексагенавыя бомбы, а настаўнікаў і вучняў расстраляюць». У Мінску падлетак адпомсціў дзяўчыне за адмову сустракацца3

Сабака пераплыў шырокую Прыпяць. Шырыня ракі — 100 метраў

Кошт золата абнавіў чарговы гістарычны максімум. Як даражэла золата ў гісторыі?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дэлегатка КР Карпушонак пасля маўчання апублікавала відэа31

Дэлегатка КР Карпушонак пасля маўчання апублікавала відэа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць