Звычка да кратаў. Былы палітзняволены медык расказаў, што турма робіць з вязнямі і іх наглядчыкамі
Былы палітзняволены лекар у размове з «Радыё Свабода» расказвае пра самых запатрабаваных спецыялістаў у калоніі, прыстойных супрацоўнікаў адміністрацыі і вязняў крытых турмаў, якім патрэбная псіхалагічная дапамога.

Медык Мікалай (імя змененае ў мэтах бяспекі) быў уражаны беларускімі падзеямі лета і восені 2020 года, хоць у краіне ў той час не знаходзіўся. Пісаў каментары ў сацсетках, удзельнічаў у дыскусіях там жа. Калі апынуўся ў Беларусі ў 2021-м, яго затрымалі, абвінавацілі па некалькіх крымінальных артыкулах (за знявагу службовых асобаў, пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У выніку Мікалаю прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі. Ён цалкам адбыў тэрмін. Вызваліўшыся, некаторы час заставаўся ў Беларусі, але не адчуваў сябе ў бяспецы. Нядаўна выехаў з краіны. У размове з «Радыё Свабода» Мікалай расказвае пра свае «прыгоды» за кратамі.
Таблетачка «Дыклафенака»
Мікалай пачынае размову з таго, што адміністрацыя ўстаноў, дзе яму давялося пабываць, ведала, што ён лекар і раней таксама працаваў у калоніі. Але яго адразу папярэдзілі, што свае веды пажадана не дэманстраваць.
«Самае крыўднае было, калі я бачыў, як некаторыя турэмныя медыкі, як сляпыя кацяняты, спрабавалі зразумець, з чым прыходзяць да іх асуджаныя. У іх не хапала ведаў, а для мяне гэтыя захворванні здаваліся простымі, дробнымі, я мог дапамагчы! Але мне адразу сказалі (даслоўна): «Сунешся ў медчастку — тваё макала абрубім па самае не хачу». Я бачыў, як фельчар проста атрымліваў асалоду ад таго, што да яго ў якасці пацыента прыйшоў лекар. Калі ў мяне быў кавід, той фельчар высакамерна вымавіў: «З улікам таго, што вы доктар, вы раскруцілі мяне на таблетачку дыклафенака», — узгадвае Мікалай.
Суразмоўца расказвае, як аднойчы пры сустрэчы з гэтым фельчарам ён бяскрыўдна пажартаваў.
«На маю думку, у жарце не было знявагі, а фельчар прыгразіў: «За такія жартачкі напішу на цябе рапарт і паедзеш у ШІЗА». Я звярнуўся да яго на «вы» і сказаў, што як калега проста хацеў узняць яму настрой. Ён адказаў: «Усе медыцынскія работнікі альбо за плотам, альбо ў медчастцы», — даўшы зразумець, што ён мяне не ўспрымае як лекара. Хутчэй за ўсё, у яго быў нейкі комплекс непаўнавартасці. Магчыма, зайздрасць, што не атрымаў вышэйшую медадукацыю», — узгадвае Мікалай свой досвед звароту да турэмных медыкаў.

«Вы нідзе не зможаце працаваць, акрамя турмы»
Што да кантынгенту, які працуе у медчастках калоній і турмаў, то, на думку Мікалая, людзі часцяком чарсцвеюць, эмацыйна выгараюць.
«У медыкаў адбываецца прафесійная дэфармацыя, дэвіяцыя, яны падсвядома капіююць паводзіны асуджаных. Раней я заўважаў, што еду з імі ў грамадскім транспарце, яны ў цывільным, але знешне робяць уражанне крымінальнікаў. Капіююць жэстыкуляцыю, міміку, жаргон, павадкі крымінальнікаў. Людзі выгараюць. Аднойчы намеснік начальніка Дэпартаменту выканання пакаранняў адной з абласцей сказаў супрацоўнікам папраўчых устаноў: «Вы нідзе не зможаце працаваць, акрамя турмы», — кажа суразмоўца.
На думку Мікалая, людзі прывыкаюць да працы за кратамі, хоць маладыя супрацоўнікі сутыкаюцца з расчараваннямі. У навучальнай установе кшталту Акадэміі МУС вучаць паняццям «доблесць, гонар, годнасць».
«А калі яны прыходзяць працаваць, сутыкаюцца з адваротным. Пайсці не дае абавязальніцтва выплаты вялікіх грошай за бясплатную адукацыю, таму ўключаецца зваротная абарончая рэакцыя: чалавек пачынае чарсцвець і разважаць: «А навошта я буду добрым і эмпатычным, калі ўсе людзі ачарсцвелі? Які сэнс мне быць эмпатычным? Мне прасцей быць жорсткім, цвердалобым, тоўстаскурым», — і з часам яны прызвычайваюцца да гэтага і застаюцца такімі», — разважае суразмоўца.
Калі б супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не ўтрымлівалі вялікімі выплатамі за бясплатную адукацыю ў навучальных установах МУС (каля 20 тысяч даляраў у эквіваленце, калі ты не адпрацуеш па кантракце), яны сыходзілі б усе, мяркуе суразмоўца.
Мікалай расказвае, што раней заробак у турэмных медыкаў быў вышэйшым, чым у цывільных. Але з часам ён ураўняўся з заробкамі ў цывільнай ахове здароўя, так што асобага стымулу працаваць медыкам ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы няма. Што да іншых супрацоўнікаў калоній, то яны розныя, дадае суразмоўца.
«Ёсць рэальныя супрацоўнікі — я б іх назваў добрасумленныя «ябацькі» — гэта маладыя афіцэры, што нарадзіліся пасля 1994 года, якія рэальнасць успрымаюць неаб’ектыўна. Шчыра вераць, што ў нас самая шчаслівая краіна, усё добра і правільна — як у Паўночнай Карэі. Хаця яны нам кажуць, што неаб’ектыўна рэальнасць успрымаем якраз мы.
Ёсць прыстойныя афіцэры, якія разумеюць, у якім балоце яны жывуць і працуюць, — яны не выконваюць злачынныя загады, выконваюць свае абавязкі, не парушаючы закон. На аднаго такога афіцэра я глядзеў са здзіўленнем — чаму ён яшчэ не спіўся? Мне сказалі, што ён закадзіраваўся. Таму што альбо співаюцца, альбо прымаюць антыдэпрэсанты, нармальнаму чалавеку там працаваць нельга», — разважае Мікалай.

Ён узгадвае, як маладыя супрацоўнікі праводзілі выхаваўчую работу, чыталі лекцыі, перавыхоўвалі зняволеных.
«У начальніка атрада — нібыта вышэйшая адукацыя (я б сказаў: «верхняя адукацыя»). Ён чытаў нам лекцыю пра інвалідаў. Уяўляеце, ён не ведае рымскія лічбы: чытае «інвалід першай групы і інвалід адзінаццатай групы». Мне здаецца, што на ўроках гісторыі начальнік атрада не прысутнічаў. Ён прачытаў у тэксце «пакт МалатОва-РыбЕнтрапа».
Многія маладыя начальнікі атрадаў не любілі размаўляць з палітычнымі, бо тыя — адэкватныя, адукаваныя людзі, на галаву вышэйшыя за іх па інтэлекце. Супрацоўнікам хочацца падтрымаць размову на прыстойным узроўні, але без звязкі з нецэнзурных слоў яны не могуць размаўляць.
Былі розныя супрацоўнікі: і прыстойныя, і «ябацькі», якія нас лічылі «заблудшымі авечкамі», а мы іх лічылі «ябацькамі». Раней людзям можна было дараваць — не было інтэрнэту, не было адкуль чэрпаць інфармацыю, ну, а цяпер — гэта так дзіўна!» — разважае Мікалай.
Самы запатрабаваны доктар у калоніі
Дэфіцыт медыцынскіх кадраў у калоніях ёсць, але Мікалай мяркуе, што ён не большы, чым у звычайных паліклініках і бальніцах.
«У штаце ёсць некамплект, але ён не крытычны. Заўсёды асуджанага можа прыняць фельчар, але які б ён ні быў добры, ён не заменіць лекара. Але і доктар не заўсёды можа «разруліць» сітуацыю, паколькі ў яго можа быць шмат ведаў, а па факце медыкаментаў амаль няма.
Медыкаменты толькі «патрыятычныя»: у некаторых калоніях забаранялі атрымліваць імпартныя лекі, таму што былі беларускія. Усё ад адміністрацыі залежыць. Фармальна дапамогу аказваюць, але гэтыя медыкаменты без даказанай эфектыўнасці.
Асаблівых праблем трапіць да тэрапеўта няма. Магчыма, ёсць праблемы з тым, што калі ты працуеш у прамзоне, пры частых «адпрошваннях» да тэрапеўта і на фізіяпрацэдуры гэта можа адбіцца на працы і ты можаш мець непрыемнасці. Прычыну знойдуць», — кажа былы палітвязень.
Па словах Мікалая, самы запатрабаваны доктар у калоніі — стаматолаг. Па штаце ва ўсіх медчастках павінен быць адзін стаматолаг. Ідэальна, каб іх было 2 альбо 3, але такое наўрад ці магчыма, разважае суразмоўца.
«У адной калоніі я не дачакаўся чаргі да стаматолага цягам 5 месяцаў, у другой чарга была не больш за 2 тыдні. Я не чуў пра рознае стаўленне лекараў да палітычных і непалітычных, не сутыкаўся, каб да палітычных дрэнна ставіліся. Усё, можа, залежыць ад таго, колькі чалавек сядзіць у калоніі і колькі лекараў працуе», — мяркуе доктар.
Ці магчыма ў калоніях давядзенне вязняў да смерці, як было з палітзняволенымі Вітольдам Ашуркам, Алесем Пушкіным ды іншымі? Лекар адмовіўся гэта каментаваць, бо не ведае ўсіх акалічнасцяў смерцяў.
«Я быў сведкам, як ледзь не памерлі два непалітычныя — усё было звязана з халатнасцю мясцовага фельчара. Я не абараняю турэмных медыкаў і не вінавачу іх. Трэба ведаць канкрэтную сітуацыю. Усё магло залежаць ад настрою ці халатнасці канкрэтнага медработніка ў той момант. Адміністрацыя вельмі баіцца скандалаў, калі яе ніхто не прыкрывае. Будзе рабіць усё, каб гэтага скандалу не было. Не думаю, што кагосьці будуць даводзіць да смерці — гэта малаверагодна», — выказаў меркаванне Мікалай.

Што да медабсталявання, то ў некаторых калоніях яно нядрэннае, на думку медыка.
«У адной з калоній я пабачыў такую медчастку — у Мінску не ва ўсіх паліклініках ёсць такое сучаснае абсталяванне, паліклінікі райцэнтраў там і побач не стаялі! У калоніі для рэцыдывістаў даўно быў закуплены добры пульманалагічны апарат.
Я думаю, Дэпартамент выканання пакаранняў не шкадуе на гэта грошай, таму што танней зрабіць прафілактыку сухотаў, чым потым іх лячыць. Так што флюаралагічныя апараты даволі прыстойныя.
У адну з медчастак быў закуплены добры апарат УГВ, быў і доктар, які мог працаваць на ім, але не склалася. Быў закуплены добры апарат гастрафібраскапіі — спачатку таксама быў спецыяліст, які мог паставіць «зонд», але хутка звольніўся.
Так што абсталяванне ёсць. Пытанне — як і каму яго выкарыстоўваць?», — задае рытарычнае пытанне медык.
Што да прафесійнага ўзроўню: калі параўноўваць спецыяліста сельскай амбулаторыі, участковага тэрапеўта са звычайнай паліклінікі і лекара з медчасткі калоніі, то яны нічым не адрозніваюцца, мяркуе Мікалай.
«У плане харчавання не так усё страшна»
Калі памілавалі Юрыя Зянковіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Карнея, Андрэя Кузнечыка і некаторых іншых палітзняволеных, грамадскасць была ўражаная, як яны схуднелі — страцілі па 20 кілаграмаў вагі. Ціханоўскі і Зянковіч нават казалі, што перад вызваленнем іх цягам месяца ўзмоцнена «адкормлівалі». Што адбываецца, няўжо людзі за кратамі сапраўды галадаюць?
«Мае словы можа кагосьці шакуюць, але ў плане харчавання ў цэлым не так усё страшна. 20 гадоў таму салдат у войску кармілі значна горш, чым кормяць цяпер асуджаных.
Калі я быў курсантам, не было дня, каб у мяне не было пякоткі. За кратамі ні разу не было ні «пякоткі», ні страўнікава-кішэчных разладаў. Вядома, харчаванне залежыць ад калоніі, чым менш людзей, тым харчаванне якаснейшае.
Думаю, што знакавых палітзняволеных сапраўды дрэнна кармілі, каля яны ўтрымліваліся ў адзіночках у ПКТ. Яшчэ ж многае залежыць ад асаблівасцяў арганізму, шчытападобнай залозы, паталогій, абмену рэчываў. Можна харчавацца нармальна, але з-за пастаяннай трывожнасці, пагранічнага стану страчваць вагу. Халерык таксама хутчэй траціць вагу, чым флегматык», — разважае лекар.
Палітычныя — гэта кантынгент, які мае так званы «10 прафулік». У ПКТ і ШЫЗА «атаварка» забароненая. Калі людзі знаходзяцца ў атрадзе, атаварвацца ў турэмнай краме ім дазволена на 2 базавыя велічыні (84 рублі) у месяц.
«У каго 2 базавыя — той эканоміць і разумна размяркоўвае невялікія грошы, купляе толькі карыснае. А ў каго 5 ці 8 базавых, той толькі на колу выдаткоўвае столькі ж. Мне 2 базавыя на «атаварку» хапала. На волі я важыў 95 кілаграмаў, быў лішак масы цела. Мая ідэальная вага 89-92 кілаграмаў, я з такой і выйшаў на волю. Праўда, пасля 6 месяцаў ПКТ я схуднеў. Порцыі былі маленькія, але якасныя, амаль хатняя ежа.
Калі б была «атаварка», я б не схуднеў. За ўвесь тэрмін я толькі дзве пасылкі атрымаў. Пасылку можна расцягнуць надоўга. Некаторыя раздзярбаньвалі пасылку за 2 тыдні. Нажруцца на ноч, ляжаць, пагладжваючы жывот: шчасце ў жрачцы», — кажа былы палітвязень.

Па яго словах, у калоніях былі сучасныя спартзалы з крутымі трэнажорамі, якімі карысталіся набліжаныя да адміністрацый і карысныя для яе людзі. Але туды «палітычных» не пускалі.
«Праўда, каб трапіць у спартзалу, прапаноўвалі выканаць умовы: прызнаць віну, пагасіць пазоў і «стаць на шлях выпраўлення» — ты не павінен быць «злоснікам» (злосным парушальнікам рэжыму — РС). Але большасць з «10-га прафуліку» — «злоснікі», так што шлях да спартыўнай залы для іх зачынены. Зрэдку можна было паганяць мяч на стадыёне», — кажа Мікалай.
«У ПКТ сядзеў з неадэкватам»
На 6 месяцаў у памяшканне камернага тыпу Мікалай трапіў за тое, што не захацеў мыць прыбіральні. Адміністрацыя калоніі цудоўна ведала, што ён працаваў у крымінальна-выканаўчай сістэме і ведае, да чаго прывядзе прыбіранне туалетаў — гэта паніжэнне статусу.
«Начальнік атрада казаў, што статусаў цяпер няма, гэта ўсё неафіцыйна. І загадаў, каб я ў тлумачальнай напісаў, што адмовіўся прыбіраць ва ўмывальніку. Я адмовіўся і тады на мяне склалі рапарт, што я не вітаюся. Разыгралі шматхадовачку, зладзілі танны спектакль. Калі я трапіў у іншую, больш строгую калонію, адміністрацыя была здзіўленая: «За што ПКТ на такі тэрмін? А што, у вашай калоніі няма аператыўнікаў?», — пыталіся ў мяне.
Мікалай кажа, што шукаў пазітыў у знаходжаньні ў ПКТ, радаваўся таму, што а 21-й ён клаўся спаць, а ў атрадзе другая змена працавала да 22-й. Не было тэлевізара, прагулка ў найлепшым выпадку раз на дзень, а то і радзей. Здараліся моманты, калі выходзіў на прагулку і ледзь не траціў прытомнасць ад свежага паветра, кружылася галава.
«Мяне пасадзілі да неадэкватнага чалавека, якога большую частку тэрміну трымалі ў ПКТ, бо ў жылой зоне з ім было б шмат праблем. З улікам таго, што ў гэтай калоніі яшчэ заставаліся «злодзейскія традыцыі». У першыя дні кантралёры пыталіся, ці ўсё ў мяне ў парадку. Спачатку не разумеў, у чым справа, а потым зразумеў, што мяне пасадзілі з неадэкватам. У яго быў дыягназ — эмацыйна-лабільны разлад асобы. Кантралёры мне нават спачувалі, але ў мяне не было выйсця», — кажа Мікалай.
Што адбываецца ў «крытых» турмах
Апошнія некалькі месяцаў да сканчэння тэрміну Мікалай адбываў у крытай турме № 4 Магілёва — як злосны парушальнік рэжыму.
Раней, каб зьняволенага з калоніі адправіць у крытую турму, трэба быць так званым «блатным», «шатаць рэжым», «пастаянна бадацца з адміністрацыяй», тлумачыць з веданнем справы Мікалай, які працаваў у калоніі для рэцыдывістаў у пачатку 2000-х.
«Звычайна людзі спачатку ў ШІЗА, потым у ПКТ, зноў у ШІЗА — ім давалі шанец. Каб трапіць у «крытку», трэба было вельмі цяжкае злачынства ўчыніць: плюнуць начальніку калоніі ў твар, зладзіць панажоўшчыну, пагром. Цяпер інакш. Мабыць, ёсць адмысловы план, альбо «палітычны» знаходзіцца пад прыцэлам. Бывае, у чалавека не было ні ПКТ, ні ШІЗА — а на яго аб’яўляюць паляванне. Мы спрабавалі шукаць логіку — не атрымалася», — узгадвае Мікалай.

У крытай турме «атаварка» на 1 базавую (42 рублі), прагулка 1 раз у дзень. Многае залежыць ад таго, з кім сядзіш у камеры, бо ў «крытцы» шмат эмацыйна неўраўнаважаных, сцвярджае Мікалай.
«Са мной аднойчы сядзелі трое — усе з разладам асобы, ад якіх калоніі пазбаўляліся. Гэта былі крымінальнікі, якія былі выхаваныя ў цяжкіх умовах, у іх размытыя рамкі паводзін. Мяркую, што ў 60% сядзельцаў «крытак» — эмацыйна-лабільны разлад асобы, у іх усё жыццё ў турмах. Для псіхіятраў у турмах неаранае поле для працы», — перакананы лекар.
Мікалай пераймаўся, што ў яго таксама будзе 411 артыкул КК, які часцяком «шыюць» іншым палітвязням — непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі, і тэрмін могуць працягнуць. Ён прызнаецца, што нават рытм сардэчны парушаўся.
«Маральна цяжка было адбываць апошнія месяцы, бо каб чалавека «прыбіць», робіцца гэта ў канцы тэрміну. Цяжкі псіхалягічны ўдар — «папіць кроў», — кажа суразмоўца.
Мікалай правёў у Беларусі некалькі месяцаў пасля вызвалення. Прызнаецца, што было цяжка, ён адчуваў сябе, як сціснутая спружына.
«Паўсюль чырвона-зялёныя сцягі, плакаты, як трэба любіць міліцыю і сілавыя структуры. У адной песні ёсць словы: «Лагеря меня встречают, лагеря колючей проволокой обнимут» — у мяне такое адчуванне, што ўсё неба — гэта адзін вялікі Лукашэнка, які яго абдымае… Я цалкам прыціснуты, я цалкам без правоў. Забівала яшчэ пасіўнасць маладых людзей.
Вызваліўшыся з турмы, у Беларусі я пачаў заўважаць у сябе парушэнне сардэчнага рытму, нягледзячы на малады ўзрост, з-за таго, што пастаянна знаходзішся ў стане параноі і чакаеш, што могуць знайсці твой стары камент і забраць, хоць тэрмін дзеяння артыкула скончыўся. Калі выехаў зь Беларусі — сэрца працуе як швейцарскі гадзіннік. Пакуль вяртацца дакладна не хочацца», — прызнаецца Мікалай.
«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію
Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня
Праваабаронцы зафіксавалі за пяць гадоў больш за 100 тысяч фактаў пераследу
Бабарыка быў страшна шчаслівы, калі даведаўся, што стаў дзедам — яго дачка нарадзіла ў Аўстраліі
Каментары