Заяўлены Генеральнай пракуратурай Беларусі новы лік знішчаных у Трасцянецкім лагеры смерці больш чым удвая перавышае колькасць, прынятую за савецкім часам, і ў дзясяткі — кансерватыўныя падлікі сучасных даследчыкаў. Тлумачым, адкуль узяўся новы лік ахвяр і які бліжэйшы да праўды.

Днямі Генеральная пракуратура Беларусі заявіла, што ініцыявала «актуалізацыю звестак» аб колькасці загінулых у самым буйным на акупаванай тэрыторыі СССР лагеры смерці «Трасцянец» і што там насамрэч пахавана не 206,5 тысячы, як лічылася раней, а 546 тысяч чалавек.
Гэтую заяву Генпракуратура суправадзіла дзіўным канцылярызмам «юрыдычна пацверджаны факт», які не сведчыць пра дадаткова знойдзеныя доказы.
Дэманстраваць лічбы знішчаных у канцлагеры пад Мінскам, якія істотна адрозніваюцца ад афіцыйных, беларускія пракуроры пачалі яшчэ ўвосень 2023 года.

У сваёй цяперашняй заяве Генпракуратура спасылаецца на архіўныя акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў ад 25 ліпеня і 13 жніўня 1944 года.
Усе гэтыя дакументы, у тым ліку па Мінскай вобласці, былі апублікаваныя ў некалькіх зборніках у 2019 годзе.
Цікава, што адным са складальнікаў (яго імя ідзе першым у вялікім спісе) стаў расійскі імперскі гісторык Аляксандр Дзюкаў, вядомы сваім змаганнем з асобай Кастуся Каліноўскага. Як і ў выпадку з Каліноўскім, тут Дзюкаву можна толькі падзякаваць за тое, што ў публічны доступ трапілі дакументы, якія да таго пыліліся ў архівах і былі вядомыя толькі вузкім спецыялістам.
Параўнаўшы гэтыя два дакументы, згаданыя Генпракуратурай, можна заўважыць, што яна прыняла да ўвагі толькі ранейшы з іх.

«Камісія, улічваючы паказанні сведак, колькасць і памеры магіл, колькасць трупаў і аб'ём попелу і костак у магілах, лічыць, што паводле самых мінімальных падлікаў у раёне лагера Трасцянец фашысцкімі людаедамі знішчана 546 тысяч чалавек, з іх у 34 магілах пахаваны рэшткі (попел і косці) 476 тысяч чалавек, у печы спалена 68 тысяч чалавек, у хлявах і на бярвенні спалена 2000 чалавек», — гаворыцца ў Акце Мінскай абласной камісіі НДзК СССР аб злачынствах, здзейсненых нямецкімі акупантамі ў наваколлях вёскі Малы Трасцянец ад 25 ліпеня 1944 года.
Праз 80 гадоў пасля з’яўлення гэтага акта Генеральная пракуратура Беларусі не змагла яго ніяк удакладніць, быў узяты роўны той лік, які пазначаны ў дакуменце — 546 тысяч чалавек.
Гэта пры тым, што праз тры тыдні, 13 жніўня 1944 года, тая ж Мінская абласная камісія НДзК СССР выдала акт аб масавым вынішчэнні цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных у Мінску і яго наваколлях, у якім удакладніла ўласныя ж даныя.
«V. Вёска Трасцянец. На 11-м кіламетры ад Мінска па Магілёўскай шашы ва ўрочышчы Благаўшчына каля в. Трасцянец выяўлены 34 ямы-магілы, замаскіраваныя хваёвымі і яловымі галінамі. … З восені 1943 года немцы з мэтай утойвання слядоў сваіх злачынстваў зрабілі раскопкі магіл і спаленне трупаў. Усяго ва ўрочышча Благаўшчына знішчана да 150 тысяч чалавек.
VII. Спаленне трупаў у хляве вёскі Малы Трасцянец. У вёсцы М[алы] Трасцянец выяўлены спалены хлеў, на месцы якога знойдзена велізарная колькасць попелу, спаленых і асмаленых касцей, а таксама часткова захаваных асмаленых трупаў. Побач са спаленым хлявом на штабелі бярвення знаходзілася 127 не цалкам згарэлых трупаў мужчын, жанчын і дзяцей у розных ступенях асмальвання.
Са сведчанняў сведкаў вынікае, што спаленне ў хляве і на штабелі бярвення было здзейснена немцамі непасрэдна пры іх адступленні. У хляве і на штабелі бярвення было спалена каля 6,5 тысячы чалавек».
У пункце наконт урочышча Шашкоўка, дзе ўвосень 1943 года немцы пабудавалі спецыяльную крэмацыйную печ-яму для знішчэння трупаў сваіх ахвяр, колькасць загінулых увогуле апушчана, і гэтаму ёсць падставы — попел з крэмацыйнай печы, паводле слоў сведак, раскідваўся ў якасці ўгнаення на палі дапаможнай гаспадаркі лагера. Але ў выніку ў афіцыйныя дакументы трапіла ацэнка колькасці знішчаных у Шашкоўцы ў памеры 50 тысяч чалавек.

Агулам атрымалася, што ў ваколіцах Трасцянца было забіта 206,5 тысячы чалавек. Гэтая больш рэалістычная, але ўсё роўна толькі ацэначная лічба, трапіла на помнікі, афіцыйныя дакументы і энцыклапедычныя выданні.
Як атрымалася, што падлікі ахвяр даюць розніцу ў больш чым два разы?
Паколькі гэта ўсё ацэначныя і вельмі акругленыя лічбы, хібнасць можа дасягаць дзясяткаў тысяч. Таму мы выключым з разгляду звесткі пра ахвяр у Малым Трасцянцы і Шашкоўцы, якія хоць і розняцца ў гэтых двух актах, але мала ўплываюць на агульны вынік. Разгледзім толькі даныя пра знішчаных ва ўрочышчы Благаўшчына, бо тут ацэнкі розняцца каласальна — на сотні тысяч, ад 476 000 да 150 000 чалавек.
Чаму мы ніколі не даведаемся сапраўдную лічбу
Пад назвай «Трасцянец» звычайна разумеюць некалькі месцаў масавага знішчэння людзей у раёне вёсак Вялікі і Малы Трасцянец. Сюды ўваходзяць: урочышча Благаўшчына — месца масавых расстрэлаў, паводле афіцыйнай савецкай версіі, з восені 1941 года да канца 1943 года; урочышча Шашкоўка — месца масавага спальвання людзей з восені 1943 года да прыходу Чырвонай арміі; а таксама працоўны лагер і былы калгасны хлеў, дзе масавыя забойствы адбыліся ў канцы чэрвеня 1944 года.
Пасля таго, як у канцы верасня 1943 года вермахт пакінуў Смаленск і Чырвоная Армія наблізілася да Мінска, кіраўніцтва нямецкай службы бяспекі вырашыла ліквідаваць сляды масавых расстрэлаў. У межах сакрэтнай аперацыі «1005-Mitte» спецыяльная група атрымала загад ачысціць буйныя масавыя пахаванні ад Віцебска праз Оршу да Гомеля. Гэтая аперацыя ўключала эксгумацыю і спальванне трупаў, пасля чаго магілы зноў засыпалі, каб схаваць доказы злачынстваў.
У сярэдзіне кастрычніка 1943 года група «1005-Mitte» прыбыла ў Мінск. З канца кастрычніка яны пачалі раскопкі ў лесе Благаўшчына, якія доўжыліся шэсць тыдняў. У Мінску існавалі і іншыя месцы масавых пахаванняў, якія таксама планавалася «ачысціць» тым жа спосабам.

Знайсці магілы было лёгка па аселай глебе. Вакол тэрыторыі была выстаўлена надзейная ахова.
У аперацыі па знішчэнні слядоў масавых расстрэлаў у лесе Благаўшчына былі задзейнічаны атрады смяротнікаў па 100 савецкіх ваеннапалонных. Яны павінны былі раскопваць ямы і крукамі даставаць целы, якія моцна расклаліся і часта развальваліся на часткі.
На спецыяльна забетанаванай пляцоўцы рабілі вялікія «піраміды» з целаў і драўніны, аблівалі бензінам і палілі па два дні. Побач працягвалі расстрэлы, а душагубкі рэгулярна прывозілі новыя трупы.
Пасля пэўнага часу ўсіх рабочых расстрэльвалі і таксама спальвалі, замяняючы іх новымі вязнямі з мінскіх лагераў.
Аперацыя была строга сакрэтнай, перапіска забаронена. У Берлін паведамленні ішлі пад кодамі: «Прагноз надвор’я» — аперацыя ў цэлым, «Вышыня аблокаў» — колькасць спаленых целаў, «Колькасць ападкаў» — ліквідаваная рабочая сіла.
Попел пасля спальвання прасейвалі, каб адшукаць каштоўнасці, якія здавалі кіраўнікам аховы. Неспаленыя косці перамолвалі і рассыпалі як угнаенне, нават на кветніках.
Да 15 снежня 1943 года ўсе целы з 34 магіл былі эксгумаваныя, і парэшткі спаленыя. Перадапошняя змена рабочых выраўняла апошнюю магілу і прыкрыла яе галінамі.

Пасля гэтага камандзір аховы Ота Гольдап выступіў перад 45 ваеннапалоннымі з прамовай, падзякаваў за працу і паведаміў, што іх вязуць у Мінск прыняць душ. Кожнаму выдалі кавалак мыла і ручнік, і яны падпісалі паперы аб неразгалошванні.
Замест абяцанага транспарту да Мінска іх запіхнулі ў падрыхтаваную душагубку. Іх целы выгрузілі новыя вязні з Мінска, якія пасля павінны былі самі легчы побач з імі, пасля чаго іх расстралялі.
Пасля каляднага адпачынку нацысты ў пачатку студзеня 1944 года вярнуліся ў Мінск і працягнулі працу ў наступным месцы — на хутары Петрашкевіча недалёка ад лагера №352 каля Масюкоўшчыны пад Мінскам.
Нацысты свядома не пакінулі ніякіх слядоў ад сваіх злачынстваў у Мінску, па якіх можна было б вызначыць дакладную колькасць, і не пакінулі ў жывых выканаўцаў-сведкаў, якія б маглі паведаміць пра гэта. Але ўсё ж некаторыя сведчанні існуюць.
Як лічылі ахвяр
Першымі пахаванні ва ўрочышчы Благаўшчына 20-21 ліпеня 1944 года агледзела камісія, якая складалася з судмедэксперта Э. Навумовіча, ваеннага юрыста Сямёнава і старшыні лечкамісіі Івана Стальмашонка. Яны знайшлі 34 ямы, прыкрытыя высахлымі галінкамі асіны і елкі. Тое, што гэта брацкія магілы, здагадацца было няцяжка, бо зямля ў гэтых месцах прасела. Некаторыя з магіл дасягалі 50 м у даўжыню.
Пры частковым ускрыцці 5 магіл, у іх на глыбіні 3 метраў былі знойдзены перагарэлыя і асмаленыя чалавечыя косці, слой попелу таўшчынёй ад 0,5 да 1 метра. Пад слоем попелу знаходзілася цёмна-бурая трупная вадкасць. У некаторых ямах на дне знаходзілася асмаленае бярвенне з касцямі трупаў, якія ляжалі пад ім, і рэйкі.

«Лічу, што ў гэтым месцы, былы лес Благаўшчына, былі закапаны чалавечыя трупы. Трупы праз некаторы час былі падвергнуты спальванню, і попел закопваўся зноў у гэтыя ж ямы. Мяркуючы па колькасці ям, іх памеры, слою попелу, касцей, а таксама даных следчага матэрыялу, лічу, што ў былым лесе Благаўшчына пахавана не меней як 500 000 грамадзян», — такую выснову зрабіў Навумовіч у акце судова-медыцынскага агляду ўрочышча.
25 ліпеня пахаванні ў Благаўшчыне агледзела ўжо больш прадстаўнічая камісія. Да ранейшых яе ўдзельнікаў далучыліся Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Васіль Казлоў, пісьменнік і дэпутат Міхась Лынькоў, доктар Леанід Тарановіч, тапограф Валадзько, а таксама два жыхары Малога Трасцянца.
У падпісаным ім акце ўжо значыцца значна меншая колькасць забітых — 476 тысяч чалавек.
Чаму лічбу змянілі? Тлумачэнне на паверхні: 500 тысяч няроўна дзеліцца на 34, а 476 тысяч — роўна. Такім чынам, паводле ацэнак камісіі, у кожнай яме мусіла быць па 14 тысяч забітых.
Праўда, лагічней было б акругліць у большы бок — 510 тысяч пры дзяленні на 34 дае роўна 15 тысяч. Чаму ад гэтага варыянту адмовіліся, невядома. Можна толькі здагадвацца, што 500 тысяч было своеасаблівай псіхалагічнай столлю.

І тым не менш праз некалькі тыдняў камісія перагледзела свае вынікі ў бок значнага скарачэння ліку ахвяр нацыстаў. Магчыма, на гэта паўплывала тое, што 13 жніўня ў працы абласной камісіі ўдзельнічалі прадстаўнікі саюзнай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, у тым ліку акадэмік Мікалай Бурдэнка, а таксама эксперты — прафесары судовай медыцыны.
Бурдэнка раней быў старшынёй савецкай камісіі па расследаванні акалічнасцяў «расстрэлу нямецка-фашысцкімі захопнікамі» польскіх вайскоўцаў у Катынскім лесе, якія насамрэч былі забітыя па рашэнні спецыяльнай тройкі НКУС СССР.
Варта адзначыць, што ў акце напісана не 150 тысяч, а «да 150 тысяч», то-бок менш за гэты лік. Але сам лік выклікае пытанні, бо методыка падліку не тлумачыцца, а 150 тысяч не дзеляцца роўна на 34.
Сведчанні нацыстаў
Падрабязныя апісанні таго, як была арганізавана праца па вынішчэнні слядоў нямецкіх злачынстваў у Благаўшчыне, былі ўзятыя са зборніку «Лагер смерці Трасцянец 1941—1944: памяці ахвяр нацызму ў Беларусі». У ім у 2005 годзе быў надрукаваны пераказ публікацыі нямецкага гісторыка Паўля Коля «Трасцянец — лагер смерці пад Мінскам» (у арыгінале Paul Kohl. Das Vernichtungslager Trostenez: Augenzeugenberichte und Dokumente. 2003), у якім змешчаныя вельмі падрабязныя звесткі пра лагер смерці ў Трасцянцы, якія маглі зыходзіць толькі ад непасрэднага ўдзельніка сакрэтнай аперацыі з нямецкага боку: хто служыў, якога памеру былі будынкі, як была арганізавана праца, кодавыя назвы і гэтак далей.

Сярод іншага згадваецца і наступнае:
«У сярэдзіне кастрычніка 1943 года Блобель, ягоны ад’ютант Хардэр і спецыяльная група 1005 прыбылі ў Мінск. Тут з канца кастрычніка 1943 года яны мусілі раскапаць усе 34 магілы ў лесе Благаўшчыны, у якіх знаходзілася 150 000 целаў. У кожнай магіле было па 4500 трупаў. У Мінску былі і іншыя месцы масавых пахаванняў. … У Мінск вярнуўся ягоны ад’ютант Артур Хардэр, каб арганізаваць шасцітыднёвыя раскопкі з 27 кастрычніка да 15 снежня 1943 года. Дасведчаны ў такіх справах Хардэр падлічыў, што, каб праца ішла бесперапынна, неабходна рабіць вогнішча з 200 трупаў. Калі казаць пра Благаўшчыну, то трэба было зрабіць 750 кастроў — штодня па 15 вогнішчаў на працягу 50 дзён».
Гэтая матэматыка надзвычай добра (і таму падазрона) складаецца. На жаль, магчымасці атрымаць доступ да арыгінальнай публікацыі мы не маем, каб даведацца, што паслужыла крыніцай для аўтара — уласныя спробы падагнаць лічбы пад вядомую савецкую ацэнку, сведчанні кагосьці з удзельнікаў аперацыі ці інфармацыя са справаздач нацыстаў.
Магчыма, што крыніцай для нямецкага гісторыка маглі паслужыць, як і для некаторых іншых нямецкіх даследчыкаў, матэрыялы судовых працэсаў над нацысцкімі злачынцамі ў пасляваеннай Германіі.
Адным са сведкаў жахлівых падзей быў ужо згаданы старшы лейтэнант Ота Гольдапа — афіцэр ведамства мінскай паліцыі бяспекі і СД, які з 27 кастрычніка да 15 снежня 1943 года, то-бок на працягу ўсяго тэрміну дзейнасці зондэркаманды 1005 ва ўрочышчы Благаўшчына, выконваў абавязкі намесніка камандзіра зондэркаманды.
Падчас судовага працэсу Гольдап, пратаколы допытаў якога за студзень 1950 года захоўваюцца ў Цэнтральным архіве ФСБ Расіі (справа № К-519289), назваў агульную колькасць ахвяр, чые рэшткі былі вынятыя з магіл і знішчаныя ў Благаўшчыне. Паводле яго ацэнак, зафіксаваных у гэтых пратаколах, зондэркаманда 1005 у той час спаліла целы да 100 тысяч чалавек.
Натуральна, што гэтая лічба ніяк бы не паўплывала на яго далейшы лёс, калі б яна была ў 10 разоў меншай ці ў 10 разоў большай, таму ў цэлым гэтыя сведчанні можна лічыць блізкімі да праўды.
Альтэрнатыўныя падлікі
Увогуле нямецкія даследчыкі, якія працуюць з паказаннямі нацысцкіх злачынцаў, ацэньваюць маштабы знішчэнняў у Благаўшчыне значна меншымі за кансерватыўную савецкую ацэнку — ад 40 да 50 тысяч, а агулам у Трасцянцы — каля ці значна менш за 60 тысяч.
Адна з прычын заніжанай ацэнкі заключаецца ў тым, што некаторыя даследчыкі ставяць пад сумнеў факт правядзення ў Благаўшчыне расстрэлаў неяўрэйскага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных, пачынаючы з восені 1941 года. Яны звязваюць з’яўленне гэтага месца знішчэння выключна з масавымі дэпартацыямі дзясяткаў тысяч еўрапейскіх яўрэяў у напрамку Мінска ў 1942 годзе. З мая па кастрычнік таго года ў Мінскае гета і Малы Трасцянец прыбылі 16 эшалонаў з амаль 23 тысячамі дэпартаваных яўрэяў, з якіх у жывых засталіся толькі 75 чалавек. Пры гэтым, хто з іх і дзе менавіта быў забіты, дакладна невядома.
Пра прывоз яўрэяў у наступныя гады з Еўропы нічога не вядома, бо большая частка яўрэйскага насельніцтва была знішчана цягам 1942 года.
Ацэнка нямецкіх даследчыкаў можа быць заніжанай, бо грунтуецца толькі на дакументальных сведчаннях і сведчаннях саміх нацысцкіх злачынцаў. Але ацэнка ў больш як паўмільёна знішчаных у Трасцянцы не падмацавана доказамі.

Галоўнае пытанне, якое паўстае ў сувязі з гэтым лікам, і на якое беларуская Генпракуратура не збіраецца адказваць, — адкуль была ўзятая такая колькасць людзей. Гэта не тысячы ці дзясяткі тысяч, што маглі бясследна знікнуць у статыстыцы ваенных гадоў, а паўмільёна чалавек, якіх трэба было б аднекуль вывезці, каб потым знішчыць у Трасцянцы. Такое масавае знікненне людзей пакінула б выразную лакуну ў насельніцтве любой краіны, але такіх дагэтуль не выяўлена.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПракуратура маніпулюе лічбамі ахвяраў Трасцянца
Хто такі Уладзімір Катрук — карнік Хатыні, якога першым пачалі судзіць пасмяротна
Генпракуратура заявіла, што ў лагеры смерці «Трасцянец» было знішчана 546 тысяч чалавек, што ў 2,5 разы больш, чым лічылася раней
«Тэму генацыду беларускага народа прыдумалі расіяне і падсунулі гэта ў якасці сцэнарыя для мабілізацыі беларусаў»
Каментары
Каго там знішчалі? Думаю, у асноўным яўрэяў, у тым ліку з Еўропы, і ваеннапалонных. Вясковых жыхароў Беларусі нікуды не вывозілі, каб знішчыць. Знішчалі у вёсках. Гарадскіх? Дык іншыя гараджане ведалі б пра масавы вываз некуды (як семьяў яўрэяў) сваіх суседзяў. Але такіх сведчанняў пасля вызвалення гарадоў БССР не было.