А таксама апусціўся па вышыні.

Пасля землятрусу паўвостраў Камчатка зрушыўся на 2 метры ў паўднёва-ўсходнім напрамку і апусціўся па вышыні. Пра гэта расказаў дырэктар Камчацкага філіяла Геафізічнай службы РАН Даніла Чаброў, піша РБК.
«Камчатка ў нас трошачкі апусцілася. У раёне Петрапаўлаўска-Камчацкага менш, на поўдні больш».
Навуковец патлумачыў, што гэтыя працэсы звязаныя з рухам Паўночна-Амерыканскай пліты, на якой размешчана Камчатка. «Яе падштурхоўвае акіянічная пліта, потым яна трохі адыгрывае, потым зноў — і гэтак далей», — сказаў Чаброў.
Спецыяліст падкрэсліў, што акрамя адчувальнай для людзей сейсмічнай актыўнасці, землятрус суправаджаецца павольнымі, але маштабнымі па амплітудзе рухамі, якія можна зафіксаваць толькі з дапамогай спецыяльнага абсталявання. Гэтыя непрыкметныя для чалавека працэсы могуць мець значныя наступствы для геаграфіі рэгіёна.
Магутны землятрус на Камчатцы адбыўся 30 ліпеня. Землятрус быў магнітудай 8,7 бала і адбыўся прыкладна за 150 км ад Петрапаўлаўска-Камчацкага, эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся на глыбіні 17 км. Хваля цунамі дайшла як да Японіі, так і да берагоў Каліфорніі.
Каментары