Памерла першая жанчына — дырэктар брытанскай разведкі МІ‑5. Яна стала прататыпам М у фільмах пра Джэймса Бонда
Стэла Рымінгтан, першая жанчына — генеральны дырэктар брытанскай службы контрразведкі MI‑5, памерла ў нядзелю ў 90 гадоў. Яна кіравала MI‑5 з 1992 па 1996 год і стала прататыпам героя M — актрысы Джудзі Дэнч — у фільмах пра Джэймса Бонда, піша Бі-бі-сі.

«Яна памерла сярод сваіх родных і сярод сваіх сабак, і да апошняга ўздыху ўпарта трымалася за жыццё, якое яна так любіла», — гаворыцца ў заяве сям'і Стэлы Рымінгтан.
«Яе кіраўніцтва паклала пачатак новай эры адкрытасці і празрыстасці працы МІ-5, службы, якая забяспечвае бяспеку нашай краіны, і гэтая спадчына актуальна і па гэты дзень», — пракаментаваў смерць Рымінгтан дырэктар МІ-5 Кен Маккаллам.
«МІ-5 зведала маштабныя пераўтварэнні пад кіраўніцтвам дамы Стэлы», — сказаў кіраўнік падрадзялення МІ-6 Рычард Мур.
«Пад яе кіраўніцтвам МІ-5 узяла на сябе асноўную ролю ў барацьбе з ірландскім рэспубліканскім тэрарызмам у Вялікабрытаніі, штаб-кватэра службы пераехала ў Тэмз-Хаўс, і палітыка большай адкрытасці развейвала міфы пра Мі-5, у тым ліку з дапамогай запуску праграмы перадачы дакументаў службы ў Нацыянальны архіў», — дадаў Мур.
Стэла Рымінгтан нарадзілася ў 1935 годзе ў Лондане. Яна пачала сваю кар'еру ў МІ-5 у Індыі, куды яна пераехала разам са сваім мужам, які атрымаў там дыпламатычну пасаду.
Спачатку Рымінгтан працавала сакратаркай-машыністкай на няпоўнай занятасці, а ў 1969, калі пара вярнулася ў Вялікабрытанію, стала паўнавартаснай супрацоўніцай МІ-5.
У 1991 годзе Рымінгтан заняла пасаду намесніка генеральнага дырэктара МІ-5, а праз год, у 1992-м — генеральнага дырэктара. Яна стала першай жанчынай на гэтай пасадзе.
«Я ганаруся тым, што я стала першай жанчынай — генеральнай дырэктаркай, і што за час маёй службы МІ-5 змянілася і перастала быць старамоднай закрытай арганізацыяй», — распавядала Рымінгтан у 2011 годзе.
Рымінгтан таксама стала першай кіраўніцай МІ-5, пра чыё прызначэнні было абвешчана публічна. Калі ў газеце апублікавалі фатаграфію яе дома, Рымінгтан разам з сям'ёй павінны былі пераехаць у сакрэтнае месца дзеля ўласнай бяспекі, па сутнасці, перайсці ў падполле, успамінала яна.
У інтэрв'ю Бі-бі-сі ў 1999 годзе Рымінгтан расказвала, што цалкам і цалкам ухваліла рашэнне публічна назваць яе імя. Аднак яна не меркавала, як шмат увагі прыцягне яе прызначэнне і наколькі вялікай будзе цікавасць прэсы.
Рымінгтан сышла ў адстаўку ў 1996 годзе. У 2001 годзе яна напісала аўтабіяграфію пад назвай «Адкрыты сакрэт», а затым — некалькі шпіёнскіх дэтэктываў. У 2014 годзе яна распавяла Бі-бі-сі, што яе кнігі праходзілі праверку ў МІ-5, і часам служба прасіла яе памяняць імёны або месца дзеяння.
У 2011 годзе Рымінгтан узначаліла журы літаратурнай прэміі Букера.
Каментары