Дзяўчына зняла на відэа густы белы дым над Мінскам. Што гэта было?
Жыхарка Мінска апублікавала ў тыктоку відэа з густым белым «дымам» над горадам, што выклікала ажыўленую рэакцыю ў сацсетках. За некалькі гадзін відэа набрала больш за 280 тысяч праглядаў і дзясяткі каментарыяў. Людзі задаваліся пытаннем: «Што гэта і дзе?», заўважыла выданне Telegraf.news.

Як высветлілася, відэа было знята побач з Мінскай ЦЭЦ-2. Аўтарка сцвярджала, што чула падчас здымкі нейкі гук. А каментатары выказвалі розныя здагадкі, чаму гэта ўзнікла: ад «скіду лішняга ціску» да «звычайнай пары з клапана».
У «Мінскэнерга» хутка адрэагавалі на сітуацыю і патлумачылі, што насамрэч адбывалася.
Паводле слоў Валерыя Жардзецкага, намесніка начальніка па эксплуатацыі парагазавых установак Мінскай ЦЭЦ-2, на відэа бачны звычайны тэхналагічны працэс — прадзіманне абсталявання.
Падчас гэтага працэсу пара выходзіць праз спецыяльны трубаправод на даху будынка, што і стварае характэрны гук ды воблака пары, якое і бачылі жыхары.
Каментары