«Напішы, што ты не супраць, каб цябе адправілі за мяжу». Ціханоўскі распавёў, як да яго прыязджаў Пратасевіч
Па словах былога палітзняволяннага, Раман Пратасевіч прыязджаў не толькі да яго, але і да Віктара Бабарыкі з Марыяй Калеснікавай.

Сяргей Ціханоўскі распавёў, што перад прыездам Рамана Пратасевіча правёў два тыдні ў ШІЗА.
— Потым я выходжу, а яны кажуць: «Ну хочаш, мы цябе яшчэ патрымаем? Ці выйдзеш?» Я кажу: «Ну канешне лепш выйду, навошта мне сядзець?» Заходжу ў камеру. Кажуць: «Ідзеш зараз у лазню. Распранайся цалкам». Я кажу: «Як цалкам?» Мы ж заўсёды хадзілі ў штанах там, у майках. Кажуць: «Не, распранайся, толькі ў трусах». Так дзіўна. Я спрачаўся-спрачаўся, але як з імі спрачацца? Можна зноў у ШІЗА пайсці.
Пакуль Сяргей мыўся, таемным чынам знік яго турэмны касцюм з жоўтай біркай — замест старога з'явіўся новы, ужо без біркі. У той момант палітзняволенны зразумеў, што плануюць здымаць нейкае відэа з яго ўдзелам.
— Прыводзяць мяне ў пакой. Там два вялікія крэслы, карціна вісіць, нейкія сталы. Камер няма — толькі пад столлю вісіць маленькая. Але там ва ўсіх памяшканнях пад столлю вісяць камеры. Я нават узяў развярнуў крэсла — спінай сеў. Урываюцца палкоўнікі: «Ты што развярнуў?!» І я зразумеў, што нешта ў іх мабыць настроена ўжо.
Пасля гэтага ў пакоі з’явіўся Пратасевіч. Сяргей адразу пазнаў яго, бо бачыў яго фотаздымкі ў беларускіх дзяржаўных газетах.
Той адразу пачаў распавядаць, што цяпер ездзіць да розных палітвязняў і ў хуткім часе ўсіх пачнуць адпускаць.
— Кажа: «Напішы прашэнне на памілаванне». Я яму тлумачу: «Ты што, вар'ят?!» Працытаваў яму Салжаніцына: «Палітычны зняволены — гэта той, у каго ёсць прынцыпы, адмовіўшыся ад якіх ён можа атрымаць волю. А той, у каго гэтых прынцыпаў няма, палітычная шпана. Вось ты — палітычна шпана».
Пры гэтым Сяргей дадае, што Рамана Пратасевіча яму шкада, таму што ён малады хлопец, якога запалохалі.
— Ён кажа, што прывёз мне перадачу. А ў мяне ж ні гарбаты няма, ні кавы. Я сядзеў на гэтай пайцы турэмнай, мне нічога не давалі, не перадавалі. І ён прывёз каву, крыху гарбаты і кавалачак сала 400 грам. Ён нават асабліва не ведаў, што там унутры. Я так зразумеў, што не ён набываў, а агенты КДБ.
Атрымаўшы адмову ад Ціханоўскага, Раман папрасіў яго напісаць хаця б згоду, што ён не супраць, каб яго проста аддалі кудысьці за мяжу. Ён тлумачыў, быццам будзе нейкі абмен паміж Расіяй, Украінай, Амерыкай — і ёсць магчымасць уключыць у спіс Ціханоўскага. Але Сяргей і ад гэтай прапановы адмовіўся, бо не хацеў, каб потым гэтую паперу прапаганда паказала так, быццам Ціханоўскі напісаў заяву на памілаванне.
— Потым кажа: «Напішы лісты родным — дачцэ, сыну, мы перададзім». Казаў таксама: «Я прыехаў ад Святланы, прывёз табе раздрукоўкі з інстаграма — дзеці там цябе віншуюць». Я гляджу — а там усё старое, тое, што я і так бачыў даўно.
Пасля Пратасевіч прасіў зрабіць фота ці відэа з Ціханоўскім.
— Я кажу: «Ні ў якім выпадку! Не хачу, каб вы потым піярыліся, быццам са мной нейкія размовы-перамовы. Калі ты нешта выкладзеш, я цябе асабіста потым знайду і пакараю». Неяк я яго пераканаў. Ён спужаўся.
Ён мне проста распавядаў, што ездзіў да Калеснікавай з прыкладна такім самым спічам. Яна на яго кінулася і пабіла яго. Ён мне сам распавёў гэтую гісторыю. Яна кажа: «Я нікуды не пайду, а ты такі-сякі, раз з рэжымам супрацоўнічаеш…» Карацей, вы зразумелі. Потым ён ездзіў да Бабарыкі. Бабарыка нешта напісаў сваім родным. Пратасевіч мне паказаў на сваім тэлефоне без сімкі фотаздымкі.
Сяргей Ціханоўскі распавёў, што Пратасевіч казаў яму пра нейкі спіс больш вядомых палітзняволеных, да якіх ён ездзіць асабіста. А з астатнімі працуюць нейкія іншыя людзі.
— Я прадзінаміў Пратасевіча па ўсіх пытаннях. Дзве гадзіны доўжылася размова. Мяне выводзяць у камеру. Я такі шчаслівы быў, што зараз хоць гарбаты пап'ю, вы не ўяўляеце, холад такі… І праз 5 хвілін урываюцца зноў: «Апранайся!» Вядуць па падзямеллях, закідваюць у кабінет, там двое мужыкоў — агенты КДБ. Пачынаюць крычаць на мяне, мацюкацца: «Што ў цябе са здароўем?!» А я скардзіўся Пратасевічу, што такія, такія і такія праблемы ў мяне ёсць. А я яшчэ ўмею так эмацыйна расказваць, што я пераканаў, што ледзь не паміраю. Вядома, стан цяжкі, але чуткі аб маёй смерці перабольшаны.
У Сяргея атрымалася пераканаць кдбэшнікаў, што сітуацыя ў яго жудасная. Але ён сказаў, што не будзе пісаць заяву на памілаванне, нават калі яго будуць забіваць.
— Яны кажуць: «Напішы тады проста на паперцы, што ты не супраць таго, каб цябе адправілі за мяжу. Гэта нікуды не пойдзе, гэта каб начальству паказаць».
Сяргею паабяцалі, што, калі ён напіша такую паперку, то хутка выйдзе — можа нават праз некалькі тыдняў. Ціханоўскі ў выніку на гэта пагадзіўся.
Ціханоўскі распавёў, колькі важыць і як яго адкормлівалі
«Кажу — прыеду і нікому там рукі не падам». Ціханоўскі расказаў, як рэагаваў на хлусню наконт жонкі і апазіцыі
«Вызваленне Беларусі не можа пачацца, пакуль не рухне пуцінскі рэжым» — Ціханоўскі
«Личинки в навозной куче не знают, что они в дерьме». Ціханоўскі прачытаў свой турэмны верш
Каментары
Протасевич показывал, что он свой, что он поможет.
Если какие-то сомнения по поводу Протасевича, или сочувствия ему остались, то сейчас должны уйти. Потому что он мог банально отказаться, этого не делать. Тихановский же отказался. Отказались другие. Соглашались только на то, что позволяло им выжить, когда были опасения, что им станет плохо или что им сделают жизнь невыносимой.